Як стаць дзяржчыноўнікам?
Стаць добрым кіраўніком ня проста. Для гэтага патрэбныя ня толькі здольнасьці, але і пэўныя веды, а таксама досьвед. Асабліва ў тым выпадку, калі гаворка ідзе пра дзяржаўную службу. Як жа стаць добрым, кваліфікаваным дзяржчыноўнікам?
Атрымаць дыплём прафэсійнага кіраўніка можна не толькі на факультэтах кіраваньня гуманітарных унівэрсытэтаў і акадэмій, але й на спэцыяльных курсах, якія рэалізуюць праграмы MPA (Masters in Public Administration). За мяжой, напрыклад, яны вельмі папулярныя. У ЗША сёньня прапаноўваюць больш за 70 постдыплёмных праграмаў МРА, у Эўропе — каля 40. У адной толькі Велікабрытаніі іх ужо больш дзесятка, а праз год МРА стануць рэалізоўваць яшчэ ў 20—30 унівэрсытэтах.
Што ж такое МРА? Гэта праграма, накіраваная на падрыхтоўку высакаклясных кіраўнікоў. Яна створаная для падрыхтоўкі і падвышэньня кваліфікацыі кіраўнікоў розных узроўняў — фэдэральных, рэгіянальных й мясцовых ворганаў улады. Можна сказаць, што МРА зьяўляецца для сучасных чыноўнікаў эквівалентам ступені МВА са спэцыялізацыяй працы ў дзяржсэктары. Але трэба мець на ўвазе: МРА прызначаная толькі для тых, хто ўжо мае вышэйшую адукацыю (можна й няпрофільную). Таму МРА лічыцца постдыплёмным навучаньнем, прычым, як правіла, платным.
Але аднаго інстытуцкага дыплёма для праходжаньня вышэйшых курсаў дзяржслужбы мала, патрэбны яшчэ як мінімум 2—3-гадовы стаж практычнай працы ў сыстэме кіраваньня. І толькі пры гэтых умовах малады чыноўнік можа прэтэндаваць на праходжаньне праграмы МРА.
Як жа рыхтуюць будучых дзяржслужбоўцаў? Студэнты МРА-праграм вывучаюць тры асноўных блёкі прадметаў — эканоміка, права і мэнэджмэнт. Акрамя таго, яны атрымліваюць базавыя веды па псыхалёгіі, сацыялёгіі і паліталёгіі, а таксама па IT-тэхналёгіях і замежнай (як правіла, ангельскай) мове.
На МРА-курсах праходзяць такія прадметы, як аналіз сацыяльных працэсаў, тэорыя арганізацыі й канцэпцыя кіраваньня, падрыхтоўка і прыняцьце рашэньняў, статыстыка, палітэканомія, стратэгічнае, гарадзкое й мясцовае плянаваньне, энэргетычнае і навакольнае асяродзьдзе, транспартныя камунікацыі, адукацыя, ахова здароўя й мэдыцынскае абслугоўваньне насельніцтва, арганізацыя паркінгаў, рамонт і ўзнаўленьне будынкаў, ахова правапарадку і інш.
Пры гэтым тэорыі прысьвечана ня больш за 40% навучальнага часу, а ўсё астатняе — гэта трэнінгі і практыкумы.
Для паступленьня на праграму МРА у замежнай ВНУ патрабуецца: — запоўніць спэцыяльную форму (Application Form), — напісаць тэматычнае эсэ пра сябе (на ангельскай мове, 400 слоў) з указаньнем мэты вывучэньня праграмы МРА, — прадставіць некалькі рэкамэндацыйных лістоў, адзін з якіх — абавязкова ад кіраўніцтва зь месца працы (з засьведчаным перакладам на ангельскую мову), — прадставіць сэртыфікат TOEFL (Test of English as a Foreign Language), — паказаць дыплём аб вышэйшай адукацыі (са ступеньню не ніжэй за бакаляўра), а таксама дакумэнт Transcript of grades, — прайсьці тэст GRE (Graduate Record Examination); ён патрэбны для пацьверджаньня ступені бакаляўра — GRE правярае ўзровень ведаў прэтэндэнта па матэматыцы, аналітыцы й ангельскай мове, — прайсьці тэст GMAT (General Management Admission Examination) для праверкі кіраўнічых здольнасьцей; максымальна магчымая колькасьць балаў на GMAT — 800, для паступленьня неабходна набраць ня меней за 600. МРА-праграмы маюць розныя назвы й спэцыялізацыі: магістар дзяржпалітыкі, магістар сфэры кіраваньня ў некамэрцыйных арганізацыях, магістар адміністраваньня ва ўрадавых установах (урадавы чыноўнік), магістар эканомікі кіраваньня (стратэгічны аналітык). Яны ўключаюць у сябе розныя спэцкурсы і маюць розны час падрыхтоўкі — ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў. Але вынік у іх, як правіла, адзін: падвышэньне ўзроўню падрыхтоўкі кіраўнічых кадраў.