«Вельмі зьдзіўляліся, што там ёсьць кампутары»
Як выглядалі сакавіцкія падзеі мінулага году, што адбываліся ў Беларусі, з-за мяжы. Як іх бачыла чэская моладзь. Чытайце ў інтэрвію Волі Дудко з трыма чэскімі студэнтамі, якія гэтымі днямі ладзяць адмысловую выставу прысьвечаную Беларусі.
Сёньня гадавіна з пачатку сакавіцкіх падзей, якія пакінулі сьлед у душах маладых беларусаў, усіх тых, хто быў на плошчы, сядзеў на Акрэсьціна, ці проста перажываў дома за кампутарам.
Сакавіцкія падзеі пакінулі сьлед, ня толькі ў гісторыі Беларусі і сталі не толькі самымі эмацыянальнымі падзеямі апошняга часу, але таксама прымусілі зьвярнуць увагу і міжнароднай супольнасьці на тое, што там адбывалася. Замежныя СМІ , што вяшчаюць па-ангельску, чэскае тэлебачаньне, радыё – адусюль можна было сачыць за сакавіцкімі падзеямі. Але адначасова было адчуваньне, што тут за мяжой ты маеш інфармацыі больш, чым беларусы ў Беларусі.
Год прайшоў, жарсьці спалі і быццам бы ўсё вярнулася на свае месцы. У Чэхіі ўжо даўно абмяркоўваюцца свае штодзённыя праблемы: ці то быў спачатку парлямэнцкі крызыс, потым антыамэрыканскія настроі і пратэсты супраць пабудовы радарнай базы.
Але ёсьць і людзі, якія не забыліся і ў гадавіну тых падзей арганізавалі выставу ў старым корпусе Карлава Унівэрсытэту - Каралінуме. Трое чэскіх студэнтаў, якія вырашылі яшчэ раз зьвярнуць увагу чэскай супольнасці на сакавіцкія падзеі. Анечка, Якуб і Росьця сталіся ініцыятарамі і галоўнымі рэалізатарамі гэтай ідэі. Канешне не абышлося без дапамогі і іншых чэскіх і беларускіх студэнтаў.
- Анечка (25 год.) навучаецца на спэцыяльнасьці чэская і французская мовы.
- Якуб (24 гады) навучаецца на спэцыяльнасьці паліталёгія і гісторыя.
- Росьця (25 год) навучаецца на спэцыяльнасьці перакладчык з рускай і ангельскай моваў.
На выставе прадстаўленыя фотаздымкі фатографаў "Нашай Нівы" Андрэя Лянкевіча і Юліі Дарашкевіч, а таксама Якуба Досьпіва з чэскай інфармацыйнай агенцыі. Фотаздымкі суправаджаюцца вытрымкамі з "Сакавіцкіх дзёньнікаў" Дар'і Касьценкі. Выстава пройдзе з 19-га сакавіка да 30-га красавіка і будзе суправаджацца праглядам дакумэнтальных фільмаў аб Беларусі, а таксама дыскусіямі з фатографамі і проста беларускімі гасьцямі.
Пасьля працы над падрыхтоўкай да выставы мы зайшлі з Якубам, Анечкай і Росьцяй у адну з праскіх кавярняў.
А як вы ўвогуле пазнаёміліся між сабой?
Росця: Мы з Якубам пазнаёміліся на Студэнцкай Радзе. Гэта такая нефармальная арганізацыя, якая існуе на факультэце, яшчэ з канца дзевяностых. Яна узьнікла як каардынацыйны орган, які арганізоўваў дэманстрацыі, раздаваў інфармацыйныя ўлёткі ў час аксамітавай рэвалюцыі. Зараз жа ён з большага займаецца тым, што арганізуе канцэрты, розныя выставы, прэзэнтацыі. Хаця дзесьці у канцы 2003-га году мы арганізавалі “Тыдзень непакоры”, калі па ўсёй рэспубліцы прайшлі пратэсты, мэтай якіх было зьвярнуць увагу ўладаў на праблемы унівэрсытэтаў: старое абсталяваньне, старыя будовы, што прастойваюць без рамонту, нізкія заробкі выкладчыкаў..
Якуб: Ну яны пачаліся ў Аламоўцы, а пасьля прыйшлі ў Прагу.
Як вы прыйшлі да таго, каб зрабіць выставу аб Беларусі?
Якуб: Мы сачылі за тымі падзеямі, што адбываліся ў Беларусі ў сакавіку. Асабіста мяне гэта вельмі зачапіла. Неяк вельмі нагадвала, тое што адбывалася ў Чэхіі ў 1989 годзе, адзінае, што было больш жорстка. Бо гэта таксама быў той больш студэнцкі пратэст, як і ў нас. Пасьля я рабіў усё, каб ва унівэрсытэце былі створаныя стыпэндыі для беларусаў, якія будуць выключаныя з сваіх ВНУ. Гэта атрымалася. Потым мы пачалі з Анечкай думаць, што б мы яшчэ можна было б зрабіць, каб зьвярнуць увагу чэскай супольнасьці на праблемы ў Беларусі. Аб гэтым разважалі недзе так у красавіку яшчэ, прайшоў яшчэ пэўны час гэтая думка разьвілася і ўрэшце зрэалізавалася.
Анечка: Думаю Росьці ёсьць што распавесьці на гэты конт.
Росьця: Справа ў тым, што ў той час я быў не тут. Перажываў і сачыў за тым, што адбываецца ў Беларусі не адсюль, а ... з Масквы, дзе я як раз быў па студэнцкім абмене. І бачыць беларускія падзеі скрозь расейскія мэдыі - гэта дадало яшчэ большых уражаньняў. Я проста ўбачыў як на сам рэч выглядае мэдыяльная прапаганда, як проста можна перакруціць рэальнасьць, і як можна хлусіць у мэдыях. І мяне гэта вельмі ўзбурыла, таму што ад сваіх знаёмых, якія былі ў той час у Менску я ведаў, як там усё на сам рэч адбывалася. А атрымлівалася, што ў расейскіх СМІ усё апісвалі ў дэаметральна супрацьлеглых танах. І калі я вярнуўся з Масквы даведаўся, што Якуб з Анечкой ужо думаюць аб тым, як паказаць, што адбывалася ў Беларусі на сам рэч.
Так што тое параўнаньне было даволі жорсткае і ўражвала.
Так што атрымліваецца, што цікаўнасьць да Беларусі ўзьнікла як раз праз мінулыя выбары?
Анечка: Ну мне яшчэ раней была цікава Беларусь у палітычным сэнсе. Цікава, якая ж там ёсьць сытуацыя на сам рэч. Бо гэта краіна, якая знаходзіцца ня так далёка ад нас, якая таксама часта Эўропы. Як мне падаецца мае культуру і гісторыю ў чымсьці падобную на нашу. І адначасова там пануе нейкі рэжым, які называюць "апошняй дыктатурай ў Эўропе”. Так што напачатку гэта была хутчэй палітычная цікаўнасьць. Ну а пасьля, калі я пачала сябраваць яшчэ і з беларусамі, то мяне яна пачала цікавіць ужо ў больш шырокім кантэксьце, то бок якая ў Беларусі літаратура, якая гісторыя, ну і ўрэшце рэшт пачала я вучыць і беларускую мову.
Росьця: Ну а я сапраўды напэўна пад час тых выбараў. Я канешне ведаў, што ёсьць такая краіна, што там ёсьць Лукашэнка, а што яго ўлада хутчэй аўтарытарная, чым дэмакратычная, але шмат пра Беларусь я ня ведаў. Потым пачаў больш ёй цікавіцца ўжо ў кантэксьце краінаў былога Савецкага саюзу. Таму што, калі былі падзеі ва Украіне, так я таксама сачыў за тым, што там адбывалася. Ну і спэцыяльнасьць у мяне неяк зьвязана з тым усходам. Пасьля ўжо гэтая цікаўнасьць паглыбілася ў той самы момант, калі там адбывалася нешта, што прыцягнула ўвагу. Потым я яшчэ два разы наведваў Беларусь і сустракаўся зь людзьмі, якія сапраўды спрабуюць там нешта рабіць. Таму калі зараз мы робім гэтую выставу, то не дзеля проста нейкіх абстрактных ідэяў свабоды і дэмакратыі, але дзеля тых людзей, якія спрабуюць там нешта зьмяніць. Бо ім патрэбная нашая падтрымка, гэтак жа як у свой час дапамагалі з Захаду нам.
Як успрымаецца Беларусь чэскім грамадзтвам? Ці існуюць нейкія міты, якія б вы і хацелі разбурыць гэтай выставай?
Анечка: Як мне падаецца ў нас аб Беларусі ведаюць вельмі мала. Шмат людзей ня ведаюць адкуль Беларусь у гэтай Эўропе ўвогуле зьявілася, таму што успрымаюць як частку былога Савецкага Саюзу і таму нават ня ведаюць наколькі і чым Беларусь адрозьніваецца ад той самай Расеі, як там, напрыклад, з той самай мовай.
Зь іншага боку пад час мінулых выбараў медыялізацыя была даволі вялікая, таму ўсе хоць пасіўна, але зьвярталі ўвагу на тое, што такая краіна ўвогуле ёсьць, хаця б проста таму, што мэдыі ўвесь час на яе зьвяртаюць увагу. Але пасьля гэтая цікаўнасьць неяк сышла. Таму гэтай выставай мы і хацелі б яшчэ раз зьвярнуць увагу на тое, што адбывалася ў Беларусі і магчыма распавесьці яшчэ трохі больш, хоць канешне сама форма выставы дае не так шмат прасторы для таго, каб растлумачыць нейкія фармальнасьці.
Росьця і Анечка, вы ўжо нават пасьпелі пабываць ў Беларусі. Было б цікава, якія былі вашыя першыя ўражаньні аб краіне і аб людзях?
Анечка: Ну гэта будзе некалькі такіх момантаў. Ну па першае як замежніца адчувала сябе…не магу сказаць, што неяк спэцыфічна, але адназначна бачна, што замежнікаў там ня шмат. Таму проста калі нехта даведваўся, што я замежніца, то гэта рабіла шмат шуму. Адчуваецца, што краіна зачыненая ў нейкай ступені. Ня гледзячы на тое, што для беларусаў выехаць за мяжу - гэта не вялікая праблема, для турыстаў краіна яшчэ сябе не адкрыла.
Росця: Што тычыцца адчыненасьці- зачыненасьці ці ўвогуле таго, што чалавек там адчувае сябе вельмі як замежнік, то бок больш як чужынец у Беларусі я сябе адчуваў вельмі падобна як і ў Расеі. Там з замежнікамі зусім не лічацца. Проста існуюць нейкія няпісаныя правілы, якія ўсе ведаюць, толькі ня госьць. Добры прыклад можа быць з мэтро. Ты прыяжджаеш і нідзе не напісана, дзе набываць квіткі, жэтоны, бо проста ўсе ведаюць, дзе знайсьці касы. А што рабіць калі ты замежнік?
А яшчэ калі я быў у Беларусі для мяне было вельмі важна сустрэць некага, хто бы меў падобныя перакананьні што маю і я. Для каго прынцыпы дэмакратыі настолькі ж важныя як і для мяне і што яны маюць сьмеласьць гэтыя свае перакананьні свабодна выказваць, ня гледзячы на тое, што асяродзьдзе ніяк асабліва не выхоўвае чалавека да гэтага. Асяродзьдзе тое выглядае больш так, што сядзі ціха, не высоўвайся, таму што як толькі пачнеш нешта рабіць, выходзіць з радоў, то ў той жа момант атрымаеш высьпятак. І гэтае асяродзьдзе зусім не спрыяе свабодамысьленьню, грамадзянскай пазыцыі. Мне было вельмі прыемна сустрэць каго-небудзь з такіх людзей. Таму што гэта доказ яшчэ большай унутранай сілы гэтых людзей. Бо я лічу, што ў нас мець нейкую грамадзянскую пазыцыю не настолькі складана, чым у краіне дзе пануе аўтарытарны рэжым.
Зараз у Чэхіі навучаецца вялікая колькасьць беларускіх студэнтаў, што вы думаеце пра іх?
Анечка: Я неяк таксама ўжо разважала на гэты конт. Яны ўсе даволі розныя. І галоўнае адрозьненьне напэўна праяўляецца ў іх адносінах да таго, што яны зьехалі сюды. Ёсьць студэнты, якія проста радуюцца таму, што яны на Захадзе, што яны вучацца за мяжой і асабліва ўжо сваёй Беларусьсю не цікавяцца. Але ёсьць і тыя, па якім бачна, што ім цяжка прымірыцца з тым, што яны тут і сэрцам больш у той Беларусі. Ім цяжка знайсьці нешта, што іх напаўняла. У гэтым пэўна і ёсьць адрозьненьні. З іншага боку канешне гэта не так і лёгка знайсьці чэскіх сяброў, якія маюць магчыма зусім іншыя зацікаўленасьці, чым яны.
Якуб: Я лічу, што ім вельмі не хапае еднасьці.Бо нават у арганізацыі нашай выставы прымала ўдзел толькі некалькі беларусаў.
Росця, Якуб і Анечка таксама ўдзельнічалі і ў мадэрацыі дыскусій на фэстывалі Адзіны Сьвет (Jeden Svět), які арганізуе фундацыя Чалавек у нядолі. Нагадаю, што на ім фільм “Лекцыя беларускай мовы” атрымаў прыз ад студэнцкага журы. Яны былі вядучымі на дыскусіях, якія праводзіліся пасьляя фільму сярод студэнтаў і школьнікаў.
Як чэская моладзь ўспрыняла фільм і якія пытаньні задавалі найчасьцей?
Анечка: Фільм іх вельмі зацікавіў. Яны спрабавалі параўнаць жыцьцё ў Чэхіі і ў Беларусі. Некаторыя, напрыклад, вельмі зьдзіўляліся, што там ёсьць кампутары. Гэта мне нагадвае як на пачатку 90-х мы пачалі езьдзіць на захад і там таксама дзівіліся, што ў нас ёсьць тэлебачаньне. Таму можна зрабіць выснову, што даволі маладыя людзі яшчэ маюць адчуваньне, што чым больш на усход, то тым больш там неразьвіта.
Але таксама там былі і студэнты, якія задавалі даволі разумныя пытаньні. Напрыклад былі даволі дасьведчаныя школьнікі, якія ведалі і пра энэргетычны канфлікт з Расеяй.
Росьця: Пыталіся як ставяцца да ўлады маладыя людзі, ці шмат там той апазыцыі і які крэдыт яна мае ў беларускім грамадзтве. Пыталіся пра прапорцыі: колькі адсоткаў падтрымлівае ўладу, колькі апазыцыю і г.д. Так што лічу, што фільм меў добрае ўзьдзеяньне.
Якуб: Ну мне трапіліся нейкія трохі дзікаватыя студэнты (сьмяецца). Больш скандавалі пад час фільму і цікавіліся пра той гіп-гоп, што граў у фільме. Хаця ў канцы ўсё ж такі сьцішыліся і потым ужо задавалі пытаньні пра тое як можна дапамагчы тым людзям у Беларусі ну і іншыя пытаньні, падобныя на тыя, што былі ў Росьці і Анечкі.
Ну і апошняе пытаньне пра сучасную чэскую моладзь. Якая яна? У чым праяўляецца яе грамадзянская пазыцыя?
Анечка: Сёньня гэта ўжо менш палітычная ангажаванасьць. Іх ужо цікавяць пытаньні экалёгіі і здаровага ладу жыцьця. Нельга сказаць, што гэта ўжо цэлы рух, але гэтае пытаньне становіцца ўсё больш актуальным.
Якуб: Я лічу, што нашае пакаленьне ўжо больш праэўрапейскае. Яно ўжо больш арыентуецца на эўрапейскія каштоўнасьці.