Самыя эратычныя прадметы вопраткі і часткі цела
Па выніках дасьледваньняў Балёньскага ўнівэрсытэта 47% апытаных самымі эратычнымі часткамі цела назвалі ступні і пальцы, а сярод прадметаў вопраткі – абутак. Густы беларусаў, праўда, па некаторых пунктах ад заходнеэўрапейскіх адрозьніваюцца...
У экспэрымэнце Балёньскага ўнівэрсытэта прынялі ўдзел 5.000 мужчынаў і жанчынаў. Амаль 12% апытаных узбуджае бялізна, 9% - верхняя вопратка, вадкасьці арганізма і памеры цела, 7% узбуджаюць валасы, 5% - мускулы, 4% - геніталіі і розныя ўпрыгожваньні на целе, напрыклад татуіроўкі. 3% узбуджаюць пупкі, нацыянальная прыналежнасьць аб'екта і грудзі, 2% - ногі, ягадзіцы, рот, вусны і зубы.
Дадзеная праца будзе апублікаваная ў часопісе The International Journal of Impotence Research.
Па словах аўтараў дасьледаваньня, існуе мноства тэорый, адкуль у людзей зьяўляюцца сэксуальныя схільнасьці. На гэта могуць уплываць падзеі раньняга дзяцінства. Заснавальнік псыхааналізу Зігмунд Фрэйд ацэньваў цікавасьць да ног, зыходзячы зь меркаваньня, што ступні – гэта фалічны знак. Іншыя дасьледнікі мяркуюць, што за ступні і геніталіі адказвае адзін і той жа ўчастак мозгу, і таму яны могуць быць неяк зьвязаныя.
Цікава стала, што на такое пытаньне маглі б адказаць беларусы. Статыстычных дадзеных было дастаткова ў дасьледваньні пры Балёнскім ўнівэрсытэце. Лічбам трэба давяраць, але часам правяраць :). Магчыма, апытаўшы 5000 беларусаў, лічбы маглі б супасьці з апублікаванымі. Але перавагай апытаньняў «на месцы» стала тое, што ва ўмовах «немаштабнасьці мерапрыемства» абмяжоўвацца простым пералікам было проста нецікава. Вынікі апраўдалі чаканьні. Маладыя беларусы натхнёна і шчыра ня толькі пералічвалі эратычныя часткі цела і прадметы вопраткі, але і ўдакладнялі важныя дробязі.
Андрэй, мэнэджэр: «Вельмі эратычнымі лічу спадніцы ў клетку да калена, станікі з карункавымі ўстаўкамі (пажадана бэзавага ці бледна-зялёнага колеру), кашулі, абутак з доўгімі насамі на абцасах, летнія сарафаны, вусны, ніз сьпіны, дзе знаходзяцца ямачкі і самі гэтыя ямачкі, падцяжкі для панчохаў…Пэўна ўсё, але калі падумаць, то знойдзецца дакладна яшчэ што-небудзь».
Юля, мастацтвазнаўца: «Пальцы рук, асабліва, калі ўявіць, што імі могуць рабіць ;). Пальцы павінны быць такімі, як у творчых людзей, доўгімі, прыгожымі, з закругленымі кончыкамі».
Дык вось, да эратычных частак цела і прадметаў вопраткі на думку апытаных намі беларусаў можна аднесьці: зноў ступні, а яшчэ ногі, вочы, грудзі, рукі, капялюшыкі, пальцы ног і рук, кашулі, валасы, бараду, вочы, лёгкую валасатасьць на грудзях (у мужчын, ясная справа), азадкі… Апытанымі дзяўчатамі было часта адзначана, што рукі ў мужчынаў павінны быць моцнымі!