Туркмэны здолеюць паступаць у ВНУ пасьля школы

Новы прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў падпісаў пастанову аб адмене абавязковых двух год працы на вытворчасьці, якія мусілі адпрацаваць выпускнікі школаў да паступленьня ў ВНУ.

Цяпер паступіць у ВНУ можна будзе адразу пасьля сярэдняй школы. Раней стаць студэнтамі маглі толькі тыя, хто два гады адпрацуе ў галіне народнай гаспадаркі ці пасьля службы ў войску. Да таго ж, вырашальнымі пры прыёме ў ВНУ былі вынікі сумоўя, дзе сярод іншага абавязковымі былі пытаньні аб эпічнай працы першага прэзыдэнта Туркмэніі Сапармурата Ніязава «Рухнама». 

Раней Гурбангулы Бэрдымухамэдаў узначальваў дзяржаўную камісію па прыёме ў ВНУ. Зараз жа ўжо на пасадзе прэзыдэнта падпісаў свой першы ўказ аб адукацыі, паведамляе «РИА Новости».

Таксама тэрмін навучаньня ў ВНУ замест ранейшых двух год павялічыўся да пяці. 

Наагул жа вышэйшая адукацыя ў Туркмэністане альбо недасягальная для моладзі альбо не карыстаецца папулярнасьцю. Штогод на навучаньне ў ВНУ паступалі ад 3 да 4 тысячаў абітурыентаў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0581 seconds.