У БДЭУ растуць кошты на навучаньне

У Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце з пачаткам 2007 года вырасьлі кошты на навучаньне. Загадам рэктара ад 04.01.2007 №8-А у сярэднім кошты падняліся прыкладна на 45 даляраў.

Цяпер навучаньне для студэнтаў усіх факультэтаў дзённай формы 1-4 курсаў складае 1124 даляры, для 5 курса - 1027. Студэнтам спэцыяльнасьцяў кіраваньне зьнешняй эканамічнай дзейнасьцю 1-4 курсаў прыйдзецца аддаць за навучаньне 1155 даляраў, а пяцікурснікам - 1066.

Сытуацыя складваецца неадназначная. Да канца студзеня студэнты мусілі заплаціць суму за квартал 2006-2007 навучальнага году, якая была падвышаная, але 26 лютага з бугальтэрыі прыйшлі выпіскі аб тым, што кожны мусіць даплаціць яшчэ пэўную суму. Таму зараз, у адпаведнасьці з загадам рэктара, студэнтаў абавязваюць даплаціць 10-20 даляраў (у залежнасьці ад спэцыяльнасьці) цягам бліжэйшага тыдня. Пры гэтым дадатковая дамова на аплату гэтай сумы паміж студэнтамі і унівэрсытэтам не заключаецца. У дэканатах гэта матывуюць тым, што да красавіка бягучага году кошты на навучаньне падымуць яшчэ вышэй, і для таго каб не губляць грошы на друкаваньне дамоваў, адразу некалькі сумаў будзе пазначана ў адной дамове, што ў бліжэйшы час выдадуць студэнтам.

Тым часам, за апошніія два гады кошты на навучаньне ў БДЭУ вырасьлі ў сярэднім на 200 даляраў.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0045 seconds.