«У яго жаночае імя» – фотагісторыя адной сям’і
Studenty.by наведалі менскую арт-кавярню «Лёндан», дзе з 6 па 18 лютага праходзіць фотавыстава Андрэя Лянкевіча пра не зусім звычайную менскую сям’ю. У выставе “У яго жаночае імя” – фотагісторыя адной сям’і” Андрэй не імкнецца паказаць адвечны канфлікт гома- й гэтэрасусьветаў, але імкнецца адказаць на пытаньне “А як яны жывуць?”
«Жыць, як любіш…»
«У кожнага чалавека ёсьць такая тэма, што цікавіць яго больш за астатнія, - кажа Андрэй, -- у якой ён хоча разабрацца – сам для сябе. Гэтак і я – знайшоў для сябе пэўную тэму і шукаю адказу на свае асабістыя пытаньні. Чаму зьяўляюцца такія сем’і? Ці могуць яны мець дзяцей? Наколькі яны шчасьлівыя ці няшчасныя?. На жаль, у нашым грамадзтве гэта тэма з шэрагу тых, пра якія не прынята казаць. Такія сем’і ёсьць – а нібыта іх і не існуе. Так склалася, што я ведаю гэтых людзей, склаўся нейкі давер – іх да мяне – таму яны і дазволілі мне іх паздымаць».
«Кахаць, як хочаш…»
Андрэй не імкнецца паказаць адвечны канфлікт гома- й гэтэрасусьветаў. Яго мэта зусім іншая.
«У першую чаргу я здымаў іх, як сям’ю. Там нават няма ніводнага пацалунка. Мой фотарасповед як раз і задумваўся, як расповед пра не зусім звычайную (у нашым звычайным разуменьні!) менскую сям’ю, без канцэнтрацыі на іх лясьбійстве».
Сапраўды, Андрэй ні на водным здымку адмыслова не пазыцыянуе, што здымае лясьбійскую пару. Але кожнае фота прасякнутае ледзь улоўнай, амаль непрыкметнай жаноцкасьцю. Духам нават не дзьвюх кахаючых адна адну дзяўчынаў, а сапраўднай сям’і. Гэта цэлы сусьвет са сваім адмысловым хараством. А зь іншага боку – усё проста, усё звычайна, «як ва ўсіх».
«Для мяне ж галоўнае было адказаць на пытаньне: а як яны жывуць, - адзначае Андрэй. - Гэта звычайная сям’я – яны радуюцца чамусьці, яны сьвяткуюць дні народзінаў, таньчаць на дыскатэках, выхоўваюць дзіця. І цікава было паказаць іх стасункі з малой, ейныя адносіны да гэтай не зусім стандартнай сытуацыі».
«Казаць, як думаеш…»
«Ня варта канцэнтравацца на тым, гей пэўны чалавек ці не, ці лесьбіянка. Трэба канцэнтравацца на нейкіх прафэсійных момантах і на душэўных. На жаль, у нашым беларускім грамадзтве так склалася, што людзі ня могуць адкрыта казаць пра сваю нетрадыцыйную сэксуальную арыентацыю. Людзі ня могуць паказваць свае схільнасьці, бо элемэнтарна баяцца быць звольненымі з працы. Баяцца таго, што іх проста не зразумеюць ды ізалююць».
І гэта сапраўдная праблема. У той жа Эўропе няма такой жорсткай непрымальнасьці, хаця і рэлігійнасьць, і маральнасьць нацыі там на нармальным узроўні. Там ужо абмяркоўваюць пытаньні трохі іншага кшталту: «Ці ў стане такія сем’і добра выхаваць дзіця?». І ўсё больш ды часьцей схіляюцца ў бок станоўчага адказу.
«Думаць – па-іншаму…»
На жаль, у «Лёндане» магчыма пабачыць ня ўсе здымкі з праекта, бо ў кавярня – усё ж не галерэя і фізычна не ў стане разьмясьціць іх усе. Але там – безумоўна, усё самае лепшае. Прычым Андрэй зусім не разьлічваў на выставу ў Беларусі.
«Так склалася. І я, шчыра кажучы, вельмі рады. Я плянаваў першую выставу ў Вільні. Усё ўжо дамоўлена, засталося толькі завесьці здымкі – і тут атрымалася выстава ў Менску. Гэта проста цудоўна. Колькі і дзе б я не выстаўляўся, я ўпэўнены ў такой рэчы: самае для мяне галоўнае – каб мае здымкі, маю працу ўбачылі беларусы. Для мяне важна бачыць менавіта іх рэакцыю. Калі яна будзе нэгатыўнай – ну што ж, гэта таксама рэакцыя. Галоўнае, што людзі зьвернуць сваю ўвагу на гэтую праблему. Над нечым задумаюцца. А магчыма і зьменяць некаторыя свае погляды – на каханьне, да прыкладу. На павагу адзін да аднаго».
Калі я запыталася, ці ён сам лічыць сваіх гераіняў шчасьлівымі жанчынамі, Андрэй задумаўся.
«Усё ж я ня маю права адказваць на такія пытаньні – пра гэта варта запытаць у іх асабіста. Але ўсё я лічу іх шчасьлівымі. Па-першае, яны кахаюць. Па-другое, яны маюць сапраўдную сям’ю. І, у рэшце, яны маюць прафэсію, якая ім падабаецца, і з ахвотай працуюць. Так, яны звычайныя шчасьлівыя людзі».
P.S. Здымкі з сэрыі «У яго жаночае імя» можна таксама ўбачыць на сайце Андрэя Лянкевіча.
Фота да артыкула Зьмітра Гліндзіча. Аўтарскія здымкі Андрэя Лянкевіча.