Гаспадарчы тазік як транспартны сродак ці айда на горку!
Трэці год узімку на адным з маскоўскіх схілаў ладзяцца спаборніцтвы па гонках на гаспадарчых тазіках “Тазавы Downhill”. Ініцыятары такога экшну прапануюць усім скінуць з сябе офісны пыл і прысьвяціць адзін дзень сьмеху.
Каб паўдзельнічаць у вясёлым спаборніцтве, варта зарэгістравацца на сайце, прыдбаць сабе тазік і з добрым настроем рвануць за перамогаю. Дарэчы, у форме рэгістрацыі пазначаецца і непасрэдна «транспартны сродак». Калі тазіка пад рукою няма, арганізатары раяць схапіць нешта падобнае – ванную, карыта, кухонную бляху ці вялікую патэльню.
Пераможцы абіраюцца па трох намінацыях: самы лепшы час спуску; самы арыгінальны, сьмешны ці незвычайны касьцюм; самы арыгінальны, сьмешны ці незвычайны транспартны сродак. Судзьдзямі зьяўляюцца ўсе зарэгістраваныя ўдзельнікі.
Паколькі спаборніцтвы ладзяцца ўжо трэці год, то рэкамэндацыяў па падрыхтоўцы да такога тыпу спускаў з горак, набралася ўжо нямала. Плястыкавы тазік раяць абкруціць глянцавым скотчам, каб не раскалоўся на марозе. Самыя ранімыя могуць падкласьці ў тазік падушку – для цёплага спуску ;).
Наконт афіцыйнасьці спаборніцтваў арганізатары падкрэсьліваюць, што імпрэза мае неафіцыйны статус:
«Таму не чакайце музыкі, постэраў, банэраў, падрыхтаванай трасы, рэклямы ў газэтах, шапікаў з каваю і іншага. Шчыра кажучы, няважна хто прыйдзе, колькі яму будзе год, у каго ён будзе апрануты і на чым менавіта ён будзе ўдзельнічаць… Нават няважна, хто прыйдзе першым і пераможа ў гэтым годзе. Важная толькі сяброўская атмасфэра, вясёлае баўленьне часу і прыемныя камунікацыі».
Што да важнасьці прысутнасьці на вуліцы сьнегу, то ініцыятары конкурсу сьмела заяўляюць, што так засумаваліся па спаборніцтвах, што яны адбудуцца, нават калі сьнег растане ці тэмпэратура будзе ніжэй 30-ці градусаў.
Ці знойдуцца сьмелыя пракласьці тазікавую трассу ў Сілічах? ;)