Pozirk.org – новы беларускі калектыўны блог!

Дзе-дзе, а ў Сеціве жыцьцё не стаіць на месцы. Актыўныя людзі самарэалізоўваюцца, аб'ядноўваюцца і робяць добрыя цікавыя штукі. Пра новы беларускі калектыўны блог Pozirk.org ад імя аўтараў.

Pozirk.org

Позірк.org – блог пра падзеі і рэчы, якія нас атачаюць. Мы пішам для людзей, якія хацелі б ведаць болей за навіны, і якія ведаюць, што інфармацыяй можна карыстацца як любым іншым інструмэнтам. 

Наш позірк сфакусаваны на Беларусі, але мы не закрываемся ад важных рэчаў навокал. Нашы аўтары чытаюць і пішуць, па апошніх падліках, на дванаццаці мовах, таму маюць доступ да інфармацыі зь першых вуснаў. Мы пішам ня толькі пра падзеі культуры, музыкі, палітыкі ды бізнэсу, якія цікавыя для беларусаў сёньня, але і пра тое, што стане цікавым заўтра. Будзем адкрываць новую музыку, дзяліцца зводкамі палітінфармацыі і разьвейваць міты, а таксама хадзіць у кіно і расказваць пра цікавосткі жыцьця.

Штодня на Позірку зьўяляецца некалькі арыгінальных аўтарскіх матэрыялаў на самыя розныя тэмы. На гэтым тыдні аўтары Позірку абмяркоўваюць неадназначныя пэрcпэктывы беларускага дэмакратычнага руху пасьля мясцовых выбараў (вачыма замежных ды беларускіх аналітыкаў) і як пераадолець страх з дапамогай інтэрнэту, рэфлексуюць на тэмы агульнай гістарычнай спадчыны Беларусі і Літвы, прасочваюць эвалюцыю беларускай тэрміналёгіі і расейскіх СМІ, сьвяткуюць дзень народзінаў Тадэвуша Касьцюшкі, распавядаюць пра гатэлі сваёй мары, расізм на Ebay, асаблівасьці амэрыканскага футболу і г.д. 

Акрамя традыцыйных тэкстаў і штотыднёвых падкастаў, Позірк таксама прапануе шэраг папулярных дапаможнікаў па блогінгу і бясьпецы ў інтэрнэце, у перакладзе на беларускую і расейскую мовы. 

Блогеры Позірка сабраліся разам для працы над праектам інтэрнет-выданьня Transitions Online, але Позірк – наш новы супольны праект, які перарос папярэднія рамкі. Абяцаем – будзе цікава. Мы не губляем час на лішнія разважаньні і пераказы. Нам і так ёсьць што сказаць.

tarka 14:50, 08/02/2007 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0574 seconds.