У ЭГУ пачалася рэгістрацыя на дыстанцыйныя курсы вясновага сэмэстра

1 лютага Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт адчыніў рэгістрацыю на дыстанцыйныя курсы вясновага сэмэстра. Рэгістрацыя завершыцца 28 лютага 2007 года.

У вясновым сэмэстры гэтага навучальнага года ЭГУ прапаноўвае прайсьці навучаньне па адным або некалькім з 59 курсаў па васьмі напрамкам бакаляўрскай падрыхтоўкі ў ЭГУ:

  • Міжнароднае права;
  • Гісторыя Беларусі і культурная антрапалёгія;
  • Тэорыя і практыкі сучаснага мастацтва;
  • Культурная спадчына і турызм;
  • Візуальны дызайн і мэдыі;
  • Мэдыі і камунікацыі;
  • Сацыяльная і палітычная філязофія;
  • Паліталёгія і эўрапейскія дасьледаваньні.

Навучаньне па асноўных 59 курсах бясплатнае, некалькі дадатковых курсаў будзе прапанавана на платнай аснове.

Асноўныя патрабаваньні, якія прад’яўляюцца да усіх, хто рэгіструецца на курсы дыстанцыйнага навучаньня, – гэта элемэнтарная кампутаровая пісьменнасьць, доступ да кампутара з выхадам у Інтэрнэт і магчымасьць рэгулярна прысьвячаць навучаньню частку свайго часу. У адрозьненьне ад традыцыйнай схемы, прынятай у завочным навучаньні ў Беларусі – вучобы "ад сэсіі да сэсіі", – адным з найважнейшых мэтадалягічных прынцыпаў праграм дыстанцыйнага навучаньня ЭГУ зьяўляюцца сыстэматычныя заняткі. Нягледзячы на тое, што праца студэнта над курсам будуецца з патыднёвым плянаваньнем, студэнты могуць узгадняць з выкладчыкам індывідуальны плян навучаньня, зыходзячы з уласнай занятасьці на асноўным месцы працы або вучобы.

Пасьпяховае завяршэньне дыстанцыйных курсаў пацьвярджаецца сьведчаньнямі і сэртыфікатамі ЭГУ. Тыя жа, хто вывучыў некалькі курсаў у межах адной бакаляўрскай праграмы, могуць прэтэндаваць у далейшым на атрыманьне ў Эўрапейскім гуманітарным унівэрсытэце дыплёма бакаляўра. Для гэтага трэба будзе толькі працягнуць і пасьпяхова завяршыць навучаньне па вылучанай праграме ў якасьці студэнта вочнага або завочнага аддзяленьня.

ЭГУ пачаў зьдзяйсьняць навучаньне дыстанцыйна, праз Інтэрнэт і электронную пошту, у 2004 годзе. Унівэрсытэт актыўна разьвівае свае дыстанцыйныя праграмы; з кожным сэмэстрам ня толькі уводзяцца новыя курсы, але і стала удасканальваецца як мэтодыка выкладаньня, так і тэхнічная серада дыстанцыйнай адукацыі.

Пасьля зачыненьня вну ў Менску ў 2004 годзе, Эўрапейскі гуманітарны унівэрсытэт аднавіў сваю дзейнасьць у Вільне і ў лютым 2006 года атрымаў афіцыйны статус літоўскай вну. ЭГУ - гэта адзіны унівэрсытэт у Эўрапейскім Саюзе, які прапаноўвае поўны цыкл вышэйшай гуманітарнай адукацыі з выкладаньнем на рускай і беларускай мовах.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.4105 seconds.