Усе бабры - дабры, адна выдра - ліха яе бяры

Мінулы год быў годам сабакі, 2007 – сьвіньні, наступны – пацука. Кітайцы абралі толькі 12 жывёлаў. І некаторыя пакрыўдзіліся! Напрыклад, бабры таксама хацелі б мець свой год. Прапануем альтэрнатыву для тых, хто ужо стаміўся ад бясконцых гаворак пра сьвінак. Усім беларускім бабрам ды іх сябрам прысьвячаецца :)=

ЭКСТРАНАЕ ПАВЕДАМЛЕНЬНЕ 

Глябальнае пацяпленьне ды энэргетычная крыза – нішто ў параўнаньні з навалай, што набліжаецца з боку Расеі. Як паведаміла InoPressa 24 студзеня "дужыя канадзкія бабры ціснуць слабых расейскіх".

Адна з брытанскіх газэтаў назвала канадзкіх баброў "нецывілізаванымі жывёлінамі". 

Расея стала першым месцам непасрэднага кантакту паміж велічэзнымі папуляцыямі эўрапейскіх і канадзкіх баброў. І пакуль перавага на баку заакіянскіх зубасьцікаў.

У мінулым стагодзьдзі канадзкія бабры былі завезеныя ў Фінляндыю ды Швэцыю. Прыблізна за 25 год яны распаўсюдзіліся ад Фінляндыі да расейскай Карэліі, і працягваюць свой рух! Па наяўных зьвестках, колькасьць канадзкіх баброў на поўначы Расеі дасягнула 20 000, і навукоўцы прадказваюць, што ў хуткасьці яны рушаць далей на поўдзень, нахабна ціснучы сваіх эўрапейскіх братоў.

Бабры могуць нанесьці шкоду расейскім каналам ды фэрмам, памяняць напаўненьне рэкаў, пагражаюць лясам, і нават, магчыма, будуць красьці агародніну з фэрмаў ды калгасаў.

Нягледзячы на усе заклікі выбітнешых рок-зорак Беларусі не страляць баброў, у нашай краіне усё ж такі пачынаецца сэзон паляваньня. Такім чынам, калі нашыя родныя бабры пойдуць на капелюшы, канадзкім – пасьля таго, як яны заваляць усіх браткоў-расейцаў – будзе прасьцей проста захапіць нашыя вадасховішчы. Больш таго, яны могуць пачаць цягаць нашую бульбу ды моркву, таго глядзі – да нафты дабяруцца!

Таму – людзі, беражыце айчынных баброў!

ДОСЬВЕД ПАРАЎНАЛЬНАЙ БАБРАЛЁГІІ :)=

Бабёр, безумоўна, самая стылёвая й крэатыўная жывёла, можна нават сказаць – глямурная. І рок у нас за баброў, і масянжовы бабёр стаў сымбалем Бабруйску, і манэты з выявамі бабра прапануюцца памятныя, не кажучы ўжо пра рэчку Бабёр, на якой знаходзіцца аднайменная вёска, дзе жыве самы скандальны беларускі мастак. Хто такія бабры ды дзе яны жывуць? Чаму яны дабры і маюць самыя здаровыя зубы?

 

У сярэднім, castor fiber дасягае ў даўжыню аднаго мэтра і важыць каля 30 кг. Яны выдатна плаваюць, здольныя заставацца пад вадой да 15 хвілін. У выпадку небясьпекі сыгналізуюць ударамі хваста па вадзе. Разцы баброў ізаляваныя ад ротавай поласьці спэцыяльнымі вырастамі вуснаў, што дазваляе ім грызьці пад вадой.

Шчасьлівая бабрыная сям’я звычайна складаецца з таты-мамы і шасьцярых малых. Бабры рэўнасна ставяцца да свайго сямейнага гнязда і ахоўваюць свае ўладаньні. Маладыя бабры застаюцца з бацькамі да двух гадоў. У выпадку сьмерці мужа ці жонкі бабры зноў шукаюць сабе пару. Да слова, жывуць яны 10-19 год. Зьвестак пра датэрміновую зьмену партнэра няма.

На абраным вадасховішчы бабры ладзяць хаткі вышынёю 1–3 м і дыямэтрам да 10 м, з выхадамі ў ваду. Узімку ў жытле захоўваецца плюсавая тэмпэратура, а вада не замярзае. Каб узровень вады ў вадасховішчы ня падаў, бабры будуюць плаціны. Найвышэйшымі будаўнічымі здольнасьцямі вылучаюцца канадзкія бабры. Так, плаціна, пабудаваная на рацэ Джэфэрсан (Мантана), дасягала ў даўжыню 700 м.

Асіну дыямэтрам 5–7 см бабёр валіць за дзьве хвіліны, 10–12 см – за ноч. Частку гальля паядае на месцы, рэшткі сплаўляе па вадзе да жытла. Улетку бабры аддаюць перавагу травяністым расьлінам, а восеньню інтэнсіўна валяць дрэвы – назапашваюць корм на зіму.

Асаблівыя аматары баброў нават вызначаюць незвычайныя віды ўлюбёных жывёлінак (сур'ёзна лепей не ўспрымаць ;)):  

Травяны, ці зялёны, бабёр лічыцца не пазбаўленым пачуцьця гумору ды філязофскі глядзіць на жыцьцё.

Фэнавыя бабры адрозьніваюцца доўгімі пэрыядамі зайздроснага імкненьня да энэргічнага жыцьця, часамі, аднак, упадаюць у дэпрэсіўную эўфарыю. 

Грыбны бабёр бывае непрадказальным. Звонку падобны на некалькі дзіўнага травянога бабра. Часам грыбныя бабры здольныя пераўтварацца ў конікаў.

Кіслымі бабрамі лічыцца дастаткова шмат баброў. Яны адрозьніваюцца схільнасьцю пераацэньваць каштоўнасьці. Яны любяць усё разглядаць, таму іх называюць дапытлівымі.

Пад адмоўным узьдзеяньнем навакольля некаторыя асобіны баброў пераўтвараюцца ў чорных баброў. Чорны (ці марудны) бабёр лічыцца сярод баброў жывёлінай кончанай і на сваё шчасьце жыве ня доўга. Схільнасьць канкрэтнай асобіны да мутацыі моцна залежыць ад ягонай унутранай сьвядомасьці.

Сінія бабры ўвогуле не належаць да баброў. Астатнія бабры лічаць іх недаразьвітымі, «бабрамі другога гатунку».

Некаторыя разумныя бабры становяцца творчымі бабрамі. Бабры зазвычай лічаць сябе жывёламі шчасьлівымі.

БАБРЫНЫЯ ЗАЦЕМКІ

Са старажытных часоў бабёр – жывёла паважаная. Захаваліся сьведчаньні бабровых культаў пачатку III ст. У паганскай міталёгіі бабёр сымбалізаваў сувязь з вышэйшымі сусьветамі.

Убачыць бабра ў сьне – добры знак. Вы дасягняце вялікіх посьпехаў, дзякуючы сваёй настойлівай працы. Паляваць на баброў – вас абвінавацяць у падмане і ў дрэнным стаўленьні да людзей. Насіць бабрынае футра – багацьце і высокі статус, гандляваць футрам – цікавыя прапановы й посьпех у справах. Вельмі верагодна, што пасьля гэтага артыкула ў сьне вы будзеце насіць бабрыны капялюш, а з ранку ваш мабільны будзе разрывацца ад цікавых прапаноў.

Бабры прыносяць шчасьце. У верасьні ў слаўным горадзе Бабруйску зьявіўся масянжовы бабёр – сымбаль гораду. Ён выглядае як сярэднестатыстычны жыхар Бабруйску пачатку мінулага стагодзьдзя – гэткі спраўны габрэйчык. Дык вось, калі дакраняцеся на кішэннага гадзіньніку бабра – будзе вам шчасьце.


На старажытнай Русі бабра лічылі рыбай. Царкоўнікі не сьпяшаліся прызнаваць жывёльны статус баброў – такая "рыба" за вушамі хрумсьцела падчас рэлігійных пастоў. Зараз, на шчасьце, у аніводнай рэстарацыі ня знойдзеш стравы з бабра. Канадцы вельмі любяць печыва "бабрыны хвосьцік" – таўнюткі кавалачак цеста з кляновым сыропам з цукрам.

Самым чоткім аўто пэўны час лічыўся хамэр. Але тое ўжо ня модна. Гіт сэзону – плаваючы гусенічны сьнегабалотаход ГАЗ 3409 "Бабёр".

Для прыхільнікаў баброў, якія жадаюць аб’яднацца, існуе шэраг бабрыных клюбаў. Ёсьць, да прыкладу, "Бабры-пчаляры" і "Бабры-калдыры". Нават рэлігія ёсьць – бабруізм . Мо і нам стварыць які клюбік "Бабры-студэнты"? 

P.S. Дзякуй усім, хто падзяляў, а калі і не падзяляў, дык трываў, ненармальную любоў да гэтай дзіўнай істоты – бабра :)=

 

Малюнкі Волі Кузьміч 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0579 seconds.