У найстарэйшым заапарку сьвету
Едучы ў Вену на летні гарадзкі адпачынак, усялякіх там заапаркаў у плянах і блізка ня было. Аднак усю вандроўку нас «суправаджала» сямейства пандаў: пацешныя мядзьведзікі глядзелі ў вочы з афішаў, зь вялікіх білбордаў на вуліцах, з экранаў у падземцы. Мы скарыліся і апошні дзень нашага падарожжа правялі ў легендарным заапарку Schönbrunn, якому ўжо болей 250 год — найстарэйшы заапарк у сьвеце быў заснаваны ў 1752 годзе як імпэратарскі зьвярынец, які на сёньня стаў домам для болей 4600 жывёлаў з усяго сьвету.
14 эўра за квіток — і мы, узброіўшыся інструкцыяй, у заапарку. Перад намі тэрыторыя ў 17 гектараў і 480 відаў жывёлаў! Разгублена абіраючы, куды рушыцца найперш — да пандаў, каалаў ці ільвоў, разумеем, чаму сюды трэба выбірацца на цэлы дзень і чаму касы прадаюць гадавыя абанэмэнты ў заапарк.
Насамрэч гісторыю заапарку можна лічыць з 1570 году — ужо тады на гэтым месцы існаваў зьвярынец, у якім разводзілі жывёлаў для паляваньня. Пазьней зьвярынец неаднаразова руйнавалі ці рабавалі. Ідэя ж стварыць менавіта заапарк узьнікла ў Франца Штэфана Латарынгскага — мужа імпэратрыцы Марыі Тэрэзіі. Месца для яго будаўніцтва абіралі з улікам астралягічных разьлікаў, магіі лікаў і іншых вучэньняў, якія ў той далёкі час трымаліся ў Эўропе ў страшнай таямніцы. Год — і жаданьне рэалізавалася. У цэнтры парку пабудавалі павільён, які па колу атачалі вальеры з жывёламі. У гэтым павільёне і сьнедала імпэратарская сям’я, нясьпешна назіраючы за прывезенымі з усяго сьвету экзатычнымі жывёламі. Дарэчы, пасьнедаць там можна і сёньня:)
Мы ж, не дабегшы на пандаў, застываем ля вальеру з элегантнымі і спакойнымі жырафамі. Цікава, што першы жыраф зьявіўся ў заапарку ў 1828 годзе, і тады гэта было цэлай падзеяй, якая паўплывала на эўрапейскую тагачасную моду, і наагул на стыль жыцьця грамадзтва. Модніцы скуплялі ў буціках вопратку «пад жырафа», цягнулі ў дамы фатэлі «пад жырафа», а ў дадатак беглі ў тэатар на прэм’еру спэктакляў Адольфа Бойэрле — таксама пра жырафаў! Не дарма я, зьбіраючыся ў Шонбрун, апранула
Не спакушаныя такой колькасьцю разнастайных жывёлаў і ў такіх умовах, першую гадзіну ў заапарку мы правялі, бегаючы ад вальера да вальера. Не хаваючы эмоцыяў, тыкалі пальцамі то ў адзін бок, то ў іншы: глянь, там ільвіца! а там пінгвіны, божа, якія маленечкія!… белыя мядзьведзі! шоў марскіх ільвоў!.. На гэтым месцы наш пыл ахалодзіла хваля вады зь вялікага акварыюму, дзе пад візгат дзяцей і дарослых хлопец у вялікіх гумовых ботах карміў марскіх ільвоў.
Наагул кармленьне жывёлаў там — цэлае шоў. Каля многіх вальераў ёсьць адмысловыя гадзіньнікі. На якіх пазначаны час, калі жывёлкі прыступаюць да ланчу ці вячэры. Альбо можна зірнуць на графік у выдадзеным на ўваходзе буклеціку. Найбольш гучна праходзіць гэты працэс у марскіх ільвоў і пінгвінаў — ганяюцца за рыбкамі да апошняга. А самы «лянотны» абед у каалак — толькі сьпяць і ўздыхаюць:)
Безумоўна, мы шукалі пандаў. У Эўропе пабачыць пандаў можна толькі ў двух заапарках — тут, у Вене, і ў Бэрліне. У Вену пару пандаў — Yang Yang і Long Hui — прывезьлі ў
Цяпер Fu Long — сапраўдны сымбаль заапарку і любімчык усіх венцаў. Гэта першая ў Эўропе пандачка, якая нарадзілася без штучнага асемяненьня. Менавіта Фу Лонг («шчасьлівы дракон») «глядзеў» на нас з афішаў па ўсім горадзе. У жніўні малыш адсьвяткуе тры гады і па памерах хутка дагоніць бацькоў.
Калі мы знайшлі пандаў, соннае сямейства валялася ў цяньку, вываліўшы пузікі і паядаючы сьвежы
Занесла нас і ў тропікі! Асобны будынак, дзе паўтораны клімат тропікаў, расьце шмат рэдкіх для нас расьлінаў, плаваюць чарапахі, скачуць жабкі, лётаюць папугаі, а на столі вісяць здаравенныя кажаны. Для экстрэмалаў — «трапічная пячора». Заходзіш у цемру, ідзеш навобмацак, чуеш журчаньне вады, а па нагох хлешчуць кажаны — на выхадзе адтуль жыцьцё падаецца раем.
Ды ўсё там падаецца раем. Малпы сядзяць на дрэве ў неабгароджаным вальеры. Навошта куды зьбягаць, калі тут так файна?
Гледзячы на ўсё гэта, цяжка ўявіць што заапарк перажыў дзьве вайны. У час першай сусьветнай колькасьць жывёлаў у ім скарацілася ў чатыры разы — асноўныя праблемы былі з дастаўкай кармоў. Венцы пасьля вайны правялі буйную кампанію па збору сродкаў, і ў выніку заапарк не зачынілі. А другая сусьветная ледзь не зруйнавала заапарк цалкам — ад бамбёжак загінулі два насарогі, слон, кракадзілы і амаль усе драпежныя птушкі.
Цяпер заапарк толькі разрастаецца, і штогод Tiergarten Schönbrunn наведвае болей мільёну людзей з усяго сьвету.
Заапарк зачыняецца, і мы нясьпешна рушым да выйсьця. На разьвітаньне яшчэ раз забягаем да пандаў, якія ўжо мірна пасапваюць, хто дзе, і сонных па жыцьці каалаў. Але яшчэ раз акунуцца ў атмасфэру таго дня мы можам штодня праз гігабайты наздыманых фота і відэа. Ролік, дзе ў нас на вачох буры мядзьдзедзік схадзіў у прыбіральню, пакінем для сяброўскага прагляду, а пазнаёміцца з пінгвінамі, марскімі ільвамі, пандамі і кааламі можаце ўжо тут і зараз:) Вэлкам у наш фотаблог на віртуальны шпацыр па легендарным Tiergarten Schönbrunn!