У беларускіх ВНУ скароцяць 700 бюджэтных месцаў
Сёлета будзе скарочанае 700 бюджэтных месцаў у вну, паколькі памяншаецца агульная колькасьць абітурыентаў. Аб гэтым паведаміў журналістам міністар адукацыі Беларусі Аляксандар Радзькоў перад выніковай калегіяй Міністэрствы адукацыі 25 студзеня ў Менску.
Па яго словах, скарачэньне пройдзе па усіх спэцыяльнасьцях, перш за ўсё гуманітарнага характару. "Але мы не забараняем вну павялічыць прыём на платнае аддзяленьне ў межах ліцэнзійных патрабаваньняў", — дадаў міністар адукацыі.
Як паведаміў А.Радзькоў, у цэлым кантрольныя лічбы прыёму ў вну ў наступным навучальным году застануцца практычна на ранейшым узроўні, але будуць адкарэктаваныя. Нагадаем, плян прыёму ў вну ў 2006 году складаў 22.700 студэнтаў-бюджэтнікаў.
Па словах міністра, запатрабаваньне краіны ў адмыслоўцах з вышэйшай адукацыяй вывучанае да 2015 года. На падставе гэтага аналізу аб'ем падрыхтоўкі за рахунак бюджэту ў 2006 году быў скарочаны на 3,8% у параўнаньні з 2005 годам, на дзённай форме навучаньня — на 4,6%. Падрыхтоўка студэнтаў у Беларусі вялася ў 2006 году па 360 спэцыяльнасьцям. "Адчуваецца запатрабаваньне ў кадрах інжынэрнага, будаўнічага профілі, адмыслоўцах аграпрамысловага комплексу", — растлумачыў А.Радзькоў.
Па дадзеных Міністэрствы адукацыі, якія прыводзіць БЕЛАПАН, колькасьць студэнтаў на 10 тыс. насельніцтва дасягнула 407 чалавек, што зьяўляецца адным з самых высокіх паказчыкаў сярод эўрапейскіх краін. У вну Беларусі рэалізаваная двухступенная структура падрыхтоўкі, якая уключае уласна падрыхтоўку адмыслоўцаў (чатыры-шэсьць гадоў навучаньня) і магістарская падрыхтоўка (адзін год). Для замежных грамадзян, якія маюць дыплёмы бакаляўраў, арганізаваная магістарская падрыхтоўка па індывідуальных плянах з двухгадовым тэрмінам навучаньня.
//Паводле Naviny.by