Кампутаровыя гульні для лепшай адукацыі творчых асобаў

Амэрыканскі прафэсар пэдагогікі Дэвід Шаффэр (David Williamson Shaffer) раіць сучасным школам перагледзець базавыя прынцыпы навучаньня. Ён рэкамэндуе ўжываць кампутаровыя гульні ў працэсе вучобы для таго, каб дзеці былі лепей падрыхтаваныя да ўмоваў будучай працы. Па яго меркаваньні, сучасная сыстэма адукацыі сфармавалася ў канцы XIX стагодзьдзі і была першапачаткова прызначаная для выхаваньня працоўных індустрыяльных прадпрыемстваў, а зараз часы зьмяніліся.

Кніга Шафэра «Як кампутаровыя гульні дапамагаюць дзецям вучыцца»

На думку прафэсара Шафэра, аўтара кнігі «Як кампутаровыя гульні дапамагаюць дзецям вучыцца», зараз акалічнасьці цалкам іншыя. Заходняму грамадзтву больш не патрэбныя працоўныя рукі (сусьветная фабрыка перамясьцілася ў Паўднёва-ўсходнюю Азію), затое адчуваецца востры недахоп спэцыялістаў інтэлектуальнай працы: інжынэраў, праграмістаў, журналістаў, дызайнэраў і іншых крэатыўных асобаў, здольных да інавацыяў. Усе яны павінны быць прафэсійнымі карыстальнікамі кампутара — вось чаму да яго трэба прывучаць зь дзяцінства.

Для лепшага разьвіцьця дзіцячага мозгу, гаворыць Шаффэр, трэба максымальна нагружаць яго ў шматзадачным рэжыме з актуальнымі задачамі: дзецям трэба слухаць музыку падчас кампутаровых гульняў, глядзець відэа, бадзяцца у інтэрнэце, перадаваць адзін аднаму паведамленьні з дапамогай кампутараў і мабільных тэлефонаў. Усё гэта адначасова з вывучэньнем біялёгіі, гісторыі, фізыкі і іншых традыцыйных навукаў.

Урады Вялікабрытаніі і Сынгапура ужо распрацавалі адукацыйныя праграмы, якія прадугледжваюць выкарыстаньне кампутаровых гульняў і іншых тэхналягічных сродкаў у школьнай праграме. Больш таго, кампутаровыя гульні актыўна выкарыстоўваюцца для навучаньня салдатаў у войску, а таксама для навучаньня супрацоўнікаў у некаторых карпарацыях.

Дэвід Шаффэр і яго памагатыя распрацавалі цэлы шэраг кампутаровых гульняў, якія ўжо зараз можна пачынаць выкарыстаць у адукацыйным працэсе. Сярод іх адмысловыя гульні, якія навучаюць журналістыцы, гарадзкой пляніроўцы, геннай інжынэрыі і іншым творчым працам.

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2365 seconds.