Твая гісторыя можа зьмяніць сьвет

Наш сьвет складаецца з гісторый. Кароткіх і доўгіх. Захапляльных і вельмі простых. Праўдзівых і самых неверагодных. Яны могуць распавесьці пра цэлую эпоху, або распавесьці аб жыцьці аднаго чалавека. Гісторыі могуць быць якімі заўгодна. Не бывае толькі нецікавых гісторый. Менавіта ў мінулым знаходзіцца тое, што дапамагае нам бачыць будучыню. Толькі ведаючы іх усе, мы можам разьлічваць на тое, што зможам стварыць сваю. І як ведаць... Магчыма, менавіта гэтая гісторыя і зможа зьмяніць сьвет?

Сумесны праект Эўрапейскага гуманітарнага унівэрсытэта і Унівэрсытэта Паўднёвага Стакгольма прапаноўвае магістэрскую праграму "Параўнальная гісторыя краінаў Паўночна-Усходняй Эўропы". Гэта твой унікальны шанец атрымаць дыплём, які прызнаецца ў краінах Эўрапейскай Супольнасьці.

Унікальнасьць

Магістратура "Параўнальная гісторыя краін Паўночна-Усходняй Эўропы" зьяўляецца унікальнай для Беларусі міждысцыплінарнай праграмай, у рамках якой можна атрымаць пашыраныя веды аб геаграфічных і культурна-гістарычных перадумовах фармаваньня эўрапейскіх ідэнтычнасьцей, а таксама аб гістарычнай дынаміцы эўрапейскай цывілізацыі ў новы і найноўшы час.

Актуальнасьць

Праграма накіраваная на падрыхтоўку высокакваліфікаваных спэцыялістаў, якія валодаюць сучаснымі ведамі і навыкамі самастойнай дасьледчай дзейнасьці ў наступных тэматычных абласьцях:

  1. тэорыя і мэтадалёгія гісторыі, гістарыяграфія і палітыка
  2. параўнальная сацыяльная, эканамічная і палітычная гісторыя краін Паўночна-Усходняй Эўропы
  3. нацыяналізм і этнічнасьць у Эўропе: тэорыя і гісторыя
  4. культура, рэлігія, інтэлектуальная гісторыя Эўропы ў параўнальнай пэрспэктыве

Значнасьць

Выкладчыкамі праграмы зьяўляюцца прызнаныя спэцыялісты зь Беларусі, Літвы, іншых краін Усходняй Эўропы, ЗША, Швэцыі, якія прапаноўваюць арыгінальныя курсы, заснаваныя на уласных дасьледаваньнях.

Пэрспэктыўнасьць

Прысвойваецца ступень магістра гісторыі. Пасьля завяршэньня навучаньня выпускнік можа працаваць выкладчыкам вышэйшай навучальнай установы або навуковым супрацоўнікам дасьледчай установы, працягваць навучаньне ў рамках нацыянальных або замежных асьпіранцкіх (дактаранцкіх) праграм, у прыватнасьці, у рамках асьпіранцкіх праграм Унівэрсытэта Паўднёвага Стакгольма, Унівэрсытэта Вітаўтаса Магнуса (Каўнас), Вільнюскага унівэрсытэта і іншых эўрапейскіх вышэйшых навучальных устаноў.

Хто?

На магістэрскую праграму "Параўнальная гісторыя краін Паўночна-Усходняй Еўропы" могуць быць залічаныя асобы, якія маюць вышэйшую адукацыю (дыплём бакаляўра/дыплём спэцыяліста) у вобласьці гуманітарных і сацыяльных навук. Да удзелу ў конкурсе запрашаюцца таксама студэнты выпускных курсаў беларускіх ВНУ.

Асобы, якія не маюць базавай гістарычнай адукацыі, але былі залічаныя на дадзеную магістэрскую праграму па выніках конкурснага адбору, праходзяць навучаньне па індывідуальным пляне з вывучэньнем і іспытам экстэрнам на працягу першага года навучаньня асобных курсаў "Гісторыя Эўропы" і "Мэтадалёгія гістарычных дасьледаваньняў" бакаляўрскай праграмы ЭГУ "Беларусістыка".

Як?

Уступнае выпрабаваньне праводзіцца ў выглядзе гутаркі і тэста па ангельскай мове. Акрамя гэтага, неабходна падаць эсэ/дасьледчы праект у галіне мэтадалёгіі гісторыі, інтэлектуальнай гісторыі або параўнальнай гісторыі краін Паўночна-Усходняй Эўропы (аб'ёмам 4-5 старонак друкаванага тэксту на рускай або беларускай мове).

Праграма уключае наступныя курсы:

тэорыя і мэтадалёгія гісторыі; сучасная эўрапейская гістарыяграфія і палітыка; інтэлектуальная гісторыя Эўропы; тэорыі нацыяналізму; гістарычныя, эканамічныя і сацыякультурныя перадумовы эўрапейскай ідэнтычнасьці; гістарычная палітычная геаграфія; параўнальна-гістарычны аналіз сацыяльна-эканамічных трансфармацый ва Усходняй і Паўночнай Эўропе ў новы і найноўшы час, а таксама шэраг курсаў па выбары.

Апісаньне і навучальны плян магістэрскай праграмы "Параўнальная гісторыя краін Паўночна-Усходняй Еўропы", правілы прыёму ў магістратуру і праграма гутаркі разьмешчаныя на сайце Эўрапескага гуманітарнага унівэрсытэта.

Дакумэнты для паступленьня ў магістратуру "Параўнальная гісторыя краін Паўночна-Усходняй Еўропы" у электронным варыянце прымаюцца па адрасе: admission.m.history@ehu.lt да 3 лютага 2007 г. 

 

 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.3092 seconds.