Спорт-бізнэс у амэрыканскіх унівэрсытэтах
Спорт у амэрыканскіх унівэрсытэтах – гэта шматмільённы бізнэс. Пра тое, як вучацца студэнты-атлеты, і якія прывілеі яны атрымоўваюць, напісана нават некалькі кнігаў. Але бязьмежная акадэмічная халява выклікае ў амэрыканскім грамадзтве шырокую дыскусію.
Зборныя ўнівэрсытэтаў, асабліва ў профільных відах спорту - футболе і баскетболе, зьяўляюцца ў ЗША вялікімі камэрцыйнымі праектамі. Фактычна, залічэньне ва ўнівэрсытэты патэнцыйных спартсмэнаў, можна лічыць фарсам. Іх галоўная праца - гэта змаганьне на спаборніцтвах за прэстыж ўнівэрсытэта і папаўненьне яго бюджэта.
Фінальныя гульні лігаў каледжаў па футболе і баскетболе карыстаюцца вялікай папулярнасьцю ў тэлевізійных гледачоў. Напрыклад, тэлевізійны канал CBS выкупіў у NCAA (спартыўнае аб’яднаньне каледжаў) права трансьляцыі на ўсе спаборніцтвы да 2013 года за 6 мільярдаў даляраў. NCAA вызвалены ад падаткаабкладаньня, што таксама выклікае апошнім часам палеміку ў грамадзтве. Такія ўнівэрсытэты як Фларыды і Тэхас, у якіх спартыўнаму посьпеху аддаецца вялікая ўвага, у год выдаткоўваюць на гэтую справу каля 40 мільёнаў са свайго бюджэту.
Розьніца паміж лігай каледжаў і прафэсійнай лігай ў тым, што самі ўнівэрсытэцкія спартсмэны атрымоўваюць зь мільёнаў вельмі мала, а часам і нічога. Спаборніцтвы паміж каледжамі, у першую чаргу, даюць моладзі магчымасьць для будучай спартыўнай кар’еры. Але ёсьць студэнты, якія ў выніку не падыходзяць для прафэсійнай спартыўнай кар’еры. Толькі малая колькасьць унівэрсытэтаў клапоціцца аб тым, каб іх атлеты што-небудзь вучылі. Часта бывае так, што незрэалізаваныя спартсмэны застаюцца амаль ні з чым.
Унівэрсытэты San Diego і Georgia адкрылі цэнтры дапамогі для сваіх студэнтаў-спратсмэнаў. Michael Kennedy, прафэсар геаграфіі з Kentucky прапанаваў нават дазволіць узыходзячым спартсмэнам спачатку даць 4 гады на сваю спартыўную дзейнасьць і ўжо тым, хто не пойдзе пасьля гэтага часу ў прафэсійны спорт, даваць магчымасьць для сапраўднага навучаньня ва ўнівэрсытэтах. Але зацікаўленасьць навучальных установаў у сваіх спартыўных дасягненьнях і атрыманьне якаснай адукацыі спартсмэнаў застаецца пакуль не да канца вырашанай і дыскусійнай тэмай.