У БДУ адчыніўся Цэнтар турэцкай мовы і культуры
Цэнтар турэцкай мовы і культуры пачаў працу 13 сьнежня на базе філялягічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта.
Як паведамілі БЕЛАПАН у прэс-службе БДУ, цэнтар абсталяваны сучаснымі кампутарамі, мультымэдыйнымі і тэхнічнымі сродкамі. У ім сабраная мэтадычная, краіназнаўчая і мастацкая літаратура на турэцкай мове. Плянуецца, што ў цэнтры будуць арганізаваныя заняткі па вывучэньні турэцкай мовы для беларускіх студэнтаў і расейскай — для студэнтаў з Турцыі.
У апошнія гады філялягічны факультэт супрацоўнічае з амбасадамі розных краін. Дзякуючы падтрымцы замежных прадстаўніцтваў на яго базе працуюць кабінэты кітайскай, польскай, украінскай і італьянскай філялёгіі.
Студэнтамі БДУ у гэтым навучальным годзе ўпершыню сталі шэсьць грамадзян Турцыі (два зь іх праходзяць навучаньне ў магістратуры факультэта міжнародных адносін па спэцыяльнасьці "Мэнэджмэнт", астатнія зьяўляюцца студэнтамі 1-га курсу філялягічнага факультэта і вывучаюць рускую філялёгію). Акрамя таго, сёлета слухачамі факультэта даўнівэрсытэцкай адукацыі для замежных і беларускіх грамадзянаў сталі 22 грамадзяніна Турцыі.