Пілюлі для ўдалай здачы залікаў і іспытаў

Здала днямі першы залік і задумалася, што пэўна ня толькі я адна пачала адчуваць на сабе набліжэньне зімовай сэсіі. Кожны сэмэстар большасьць студэнтаў кажуць сабе, што гэтым разам усё будзе іначай. Будзе спакойнае навучаньне і жорсткі расклад падрыхтоўкі да залікаў і іспытаў. Але збольшага атрымоўваецца, як заўсёды. Хутка, нечакана і спантанна. Дык вось, для пазбаўленьня заліковай ды сэсійнай панікі, наступныя радкі да вашай увагі.

Як раз у гэты час хочацца зрабіць усё, але толькі не сядаць за падручнікі і кампутар, каб падрыхтавацца да чарговага заліку ці іспыту. Дзіўна, але студэнты знаходзяць у такія моманты час, каб прыбрацца у хаце, схадзіць за пакупкамі, наведаць нарэшце бацькоў ці завітаць на доўгую размову да сяброў, аплаціць камунальныя паслугі, прыгатаваць чаго смачнага ці памыць бялізну… Усё магчымае, толькі каб не вяртацца за пісьмовы стол, ці да ўтульнай фатэлі, у якой прыйдзецца перачытаць не адзін канспэкт ці кніжышчу.

Дзіўна, але зь іншага боку, гэты час падаецца мне дастаткова прыемным. Памяншаецца колькасьць параў ва ўнівэры, можна складаць свой дзень згодна са сваім плянам, а не па раскладзе, падпісаным рэктарам. Можна камфортна вучыцца ўначы і адпачываць удзень, як не дзіўна, дачытаць тое, чаго не атрымалася пачытаць пад час сэмэстра, атрымоўваць палёгку пасьля здачы чарговага заліку ці іспыту, і ўрэшце рэшт адчуць сябе шчасьлівейшым чалавекам, калі ўсё ўжо мінула! 

Але для каго каб пасьпяхова здаць сэсію і атрымаць пячатку ў залікоўцы з дэканата, трэба прайсьці некалькі складаных этапаў і бяссонных начэй у сваім студэнцкім жыцьці. І так кожны сэмэстр.

Існуе шмат парадаў, каб аблегчыць і нават упрыгожыць час залікаў і сэсіі ў сваім жыцьці. На маю думку, некаторыя зь іх варта пераняць і ў штодзённае жыцьцё. 

Што павінна быць вакол нас?      

Для пасьпяховага навучаньня патрэбны кісларод, то бок сьвежае паветра, натуральнае асьвятленьне, цішыня, якая можа забясьпечвацца адключэньнем мабілак, шыльдай на дзьвярох “Не турбаваць” ці “Прашу аб цішыні etc”, парадак на стале з раскладзеным матэрыялам і, нарэшце, музыка. Але гэта, канешне, ўсё гэта вельмі індывідуальна. Камусьці вучыцца толькі пры прыкметах актыўнага жыцьця вакол і энэргічнай музыцы.

Мяне зацікавіў факт, што самая спрыяльная для навучаньня музыка з 56 да 64 ударамі ў хвіліну, што прыблізна адпавядае ўдару сэрца ў разьняволеным стане. Яшчэ працэсу засваеньня ці аднаўленьня навучальнага матэрыялу, гэта як у каго і з якім прадметам, могуць дапамагчы пахі, напрыклад можна выкарыстоўваць эфірныя алеі.  

Мэтад Mind Mapping, маляваньне і сьпевы…

Пры чытаньні варта рабіць запісы ці адзнакі. Найзручней рабіць гэта ў самой кніжцы. Такой парадай карыстайцеся толькі ў выпадку, калі кніга належыць асабіста вам! Калі ж яна бібліятэчная, падумайце аб нашчадках і зрабіце ўсё магчымае, каб такую спакусу заглушыць і занатаваць неабходнае на асобным аркушу паперы, скарыстаўшыся мэтадам Mind Mapping.

Гэты мэтад улічвае асаблівасьць і левага паўшар’я мозгу, якое ў большасьці людзей адказнае за рацыянальную думку, лёгіку, мову, лічбы, лінеяльнасьць, аналіз, а таксама правага паўшар’я, якое пераважна пераймае такія працэсы, як успрыняцьцё прасторы, памераў, фігураў, фантазію, фарбы, рытм. Але натуральна, што такая складаная сыстэма, як мозг не можа мець цьвёрдага водападзелу ў функцыях паміж правым і левым паўшар’ямі.

Мысьленьне - гэта складаны і заблытаны працэс, пры якім у мозгу пры дапамозе ключавых словаў, утвараюцца асацыяцыі і структуры. У гэтым мэтадзе перавага аддаецца не простым нататкам на паперы, а стварэньні сапраўдных “шэдэўраў” з ключавымі словамі, зьвязанымі з тэкстам.

У цэнтры аркуша, накідваеце малюнак, які адпавядае вашай тэме. І абавязкова малюнак, таму што 1 малюнак можа сказаць больш за 1000 словаў! Калі ж не атрымоўваецца намаляваць чаго адпаведнага, пішыце загалоўнае слова з 3D эфектам. Ад гэтага галоўнага слова ці малюнка будуць адыходзіць лініі для наступных важных думак і разьдзелаў. Пішыце абавязкова чытэльнымі літарамі! Ад асноўнай лініі малююцца адгалінаваньні, таксама з пазначэньнем ключавых словаў дадзенага разьдзела ці тэмы.

Выкарыстоўвайце розныя фарбы і значкі (геамэтрычныя фігуры, вясёлыя клічнікі, пытальнікі, карцінкі), добра калі яны ў вас выклікаюць ўжо пэўныя асацыяцыі. Гэта яшчэ раз дапаможа вам хутчэй ўзгадаць патрэбны “блёк” і інфармацыю, зьвязаную з ім. Такая парада можа паказацца занадта складанай для студэнта, але практыкаваньне дапамагае спраўляцца з ім даволі хутка. Затое ў вас будзе перад вачыма нешта каляровая, сплеценае, а галоўнае, з важнымі паняцьцямі на ім, глянуўшы на якія, вы, пэўна, узгадаеце ўсё астатняе.

Прывабным зьяўляецца мэтад напяваньня вывучаемага матэрыялу.

Так з датаў і імёнаў можна змайстраваць калаж, зрокавая памяць можа дапамагчы ўпарадкаваць і занатаваць “упрыгожаныя” даты і выявы.

Толькі вось пэўна гэта не мэтад для выпадку, калі ўсе спадзяваньне на апошнюю ночку. На жаль.

STOP фаст фуд!

Калі пачынаеш вучыцца, як кажуць, «у захлёб» ці калі часу ў абрэз, магчымасьці для нармалёвага харчаваньня памяншаюцца, а часам і проста зьнікаюць. Пастарайцеся есьці хаця б салаты, гародніну, садавіну. Ну калі вы маеце больш магчымасьцяў і большы выбар на ўсялякія стравы, маму з татам ці сябра/сяброўку пад бокам, то вы сапраўдны шчасьліўшчык! 

Не пужайцеся, калі раптам зьявіцца моцнае жаданьне да шакаляду. У стрэсавых сытуацыях арганізму хочацца вугляводаў.

Рух – брама да навучаньня

Паспрабуйце вучыць з вашым целам. Мысьленьне і цела могуць эфэктыўна дапамагаць адзін аднаму. Стварыце такую сытуацыю, як быццам бы вы перад аўдыторыяй чытаеце даклад ці лекцыю. І “данясіце” аўдыторыі свае веды!

Патанчыце, гучна вымаўляючы факты, словы, сказы, формулы, азначэньні, якія вы вучыце. Калі вы вырашыце прабегчыся трусцой ці пракаціцца на лыжах, узгадайце свой матэрыял і пад час гэтага занятку. Наогул ня грэбуйце прагулкамі, часам лепшае прыходзіць у галаву пад час прагулак! 

Пабудзьце рэжысэрам, казачнікам ці дызайнэрам!

Вывучаеце словы, выразы, не саромцеся завесіць на нейкі час вашую кватэру, пакой ў інтэрнаце паперамі з напісанымі словамі, няхай яны вас акружаюць. Можа будзе карысьць і вашым суседзям! Візуалізуйце прадметы ў кватэры ці пакоі. Напрыклад, вывучыце хімічныя элемэнты. Ваша крэсла становіцца алюмініевым, а на сьцяне фотаздымак сьвеціцца фосфарным сьвятлом і г.д.

Тое самае, з гістарычнымі падзеямі. Пабудзьце рэжысэрам, які здымае фільм пра гэту падзею, сам падбірае актораў на ролю гістарычных асобаў, апісвае ім іх біяграфію, стагодзьдзе ў якім яны жывуць! Ну што там апісваць глядзіце па сытуацыі! Не перастарайцеся і не захапіцеся адной толькі тэмай!

Лічбы, гады можна запамінаць, разьвіваючы пра некаторыя  наборы лічбаў гісторыі. І чым яны больш не рэалістычныя, тым карысьней. Напрыклад, 2918 Два лебядзі (нагадваюць 2) вырашылі пагуляць ў боўлінг (9 кегляў) калі ў залі не было сьвятла і яны запалілі сьвечку (1) і каб не пакрыўдзіць адзін аднаго арыентаваліся на час па пясочным гадзіньніку (8).

Безумоўна, у кожнага з нас, свае індывідуальныя рэцэпты і падыходы да выжываньня ў заліковы і сэсійны час. Але калі вам захочацца чаго зьмяніць у бліжэйшую сэсію, то паспрабуйце вышэйпералічаныя парады! Наогул, ня важна часам як мы гэта робім, і не варта вешаць нос, што ўсё ішло незаплянаваным ходам. Галоўнае, каб вынік нас задавальняў!

Узгадваеце кожныя 1,5 – 2 гадзіны пра тое, што ва ўзросьце студэнтаў мозг праз гэты час фактычна не здольны да ўспрыняцьця і патрабуе адпачынку, не ўпускайце гэтую магчымасьць!

Усім жадаю лёгкай сэсіі і рацыянальнага кавалку халявы!

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0463 seconds.