“У кожным атаме хлору не хапае часьцінкі цябе”

Я, Вера ды Віктар Жыбулі і… іх маленечкі сынок Костусь гутарым, седзячы ў сквэрыку. Гутарым пра самае актуальнае – каханьне і ня менш чарадзейнае – творчасьць.

Вера ды Віктар Жыбулі і іх сынок Костусь

Страшэнны пэсыміст гэта выдумаў, што цуды толькі ў дзяцінстве ды на Новы год здараюцца. У сьвеце ж ёсьць дахі і зоры, неба і мора. Каханьне, натхненьне і творчасьць.

Неабдымнае мора зьліваецца зь небам. Аб тым, як жа падчас цікава пераплятаюцца, радасна сутыкаюцца адно з адным каханьне і літаратура, я дазналася падчас размовы зь Верай Жыбуль (Бурлак) і Віктарам Жыбулем, а калі больш нефармальна – зь Леніным і Джэці.

Гаворка ідзе пра менскіх паэтаў, філёлягаў ды музыкаў (гурт “ЗАСРАЛІ КАЗАРМУ”), гэнэратараў знакамітага літаратурнага самвыдату-доўгажыхара “Вясковыя могілкі”. У мяне на стале 25-ы нумарок, а гэта не жартачкі для самаробнай прэсы!

Такім чынам, сядзім і гутарым у сквэрыку. Гутарым не ўчацьвярох, а ўтрох - хлопчык імпэтна малако смокча.

Як сапраўдныя майстры слова, дайце сваё азначаньне гэтаму самаму бітаму-перабітаму каханьню.

Віктар: 

у кожным атаме хлору
не хапае часьцінкі цябе
у кожным атаме натрыю
не хапае часьцінкі мяне
інакш
соль напэўна была б салодкай

Вера: Напэўна, я і дагэтуль ня ведаю, што гэта такое. Але яно ў нас, мабыць, ёсьць!

Віктар: Мы не спэцыялісты!

Вера (сур’ёзна): Гэта вельмі шматграннае пачуцьцё, але калі яно ёсьць, то адразу разумееш!

Віктар (з усьмешкай): Мы ў каханьні не прафэсыяналы, а аматары!

Вера: Прафэсыяналам можна быць у філялёгіі, а ў каханьні – не. Увогуле, калі каханьне ёсьць, то і словы не патрэбныя. Большасьць вершаў паэты пісалі, калі іх нешта не задавальняла альбо калі не хапала каханьня. Калі кахаюць жанчыну, але адчуваюць, што яна ня тая трохі.

Віктар: У песьні пра цёмнавокую пані Камоцкі сьпявае: “Ты выдумка маёй галавы”.

А ці памятаеце той момант, калі ўпершыню пабачылі адзін аднаго?

Вера: Калі Віктар пабачыў мяне ўпершыню, я яго не пабачыла. Дзіўна, канешне.  Мы разам вучыліся на адным факультэце, а пазнаёміліся толькі, калі я яго скончвала, а Віктар ужо скончыў.  Пачалося усё падчас сустрэчы з Прыгавым на філфаку  з напісаньня адзін аднаму паліндромных цыдулак (паліндром – твор, радкі якога могуць чытацца зьлева направа і справа налева – аўт.), я нават спрабавала на хаду нешта выдумляць, а ў Віці нейкія хатнія нарыхтоўкі былі. Затым ён забраў у мяне мае “Вясковы могілкі” і доўга не аддаваў.

А потым гуляем мы зь сяброўкамі па парку Горкага. Я бачу: Віктар сядзіць на лавачцы! Дзяўчыне з дыктафонам інтэрвію дае. Я падыходжу ціхенька і нататку кідаю: маўляў, “разумны” ты чалавек, калі часопісы вернеш? І тэлефон свой пакінула. Ён тэлефанаваць пачаў, ды не толькі з нагоды часопісаў. Запрасіў у гурт (ЗАСРАЛІ КАЗАРМУ – аўт)…

Яшчэ пазьней быў вельмі сьмешны выпадак. Мы ішлі з гітарай ля помніка Дзяржынскаму. І тут хлопцы ў нас просяць гітару паграць, а потым кажуць: “Вы, напэўна, проста разам вучыцеся, і нічога паміж вамі няма. Але вы выглядаеце быццам бы адзін для аднаго створаныя! Трэба тэрмінова пажаніцца!” Мы вельмі сьмяяліся, бо тады яшчэ нават і ня думалі, што можам адно аднаго пакахаць!

Ці адбілася вашае знаёмства на творчасьці?

Віктар: У мяне пашырыўся сьветапогляд. Напрыклад, Вера вельмі Эгіптам цікавілася.

Вера: Я да знаёмства зь Віктарам па-расейску пісала, а потым для экспэрымэнту яе ўвогуле выключыла. Так што для мяне гэта ўвогуле быў пераварот!

Хлопцы, мусіць, падзяляюцца на тых, хто любіць дарыць кветкі і не. А вось Віктар?

Вера: Віця, напэўна, надзвычай арыгінальны чалавек, і кветкі яму здаюцца банальнасьцю.

А самы запамінальны падарунак?

Вера: Кветачка літапс у гаршчку. Яшчэ мне вельмі запомнілася, як я для Віці “сапраудны сынгл” запісвала: песьня з чатырох радкоў. Два радкі на адным баку касэты, два на другім.

Віктар: Вера падарыла мне козьліка-свісьцёлку, які ёй нечым мяне нагадаў.

Вера: Косьцік таксама падарунак! Тое, што ён у нас будзе, я на свой дзень народзінаў высьветліла. Віктар усё сьвята з адвіслай сківіцай прасядзеў!

А калі спатканьні адбываліся, вы дыскутавалі на якія-колвек літаратурныя тэмы?

Віктар: Хутчэй гаманілі на музычныя тэмы, бо спатканьні спалучаліся зь дзейнасьцю гурта. Яшчэ мы разам сядзелі на лавачцы і слухалі плэер, зьдзіўляючыся, што ў нас густы такія падобныя. Ну, і самвыдат “Вясковыя могілкі” абмяркоўвалі, шукалі разам аўтараў, мастакоў.

Вера: Віктар тады працаваў над дысэртацыяй і распавядаў мне вельмі цікава пра паэта Міколу Бацюшкова – гэта было для мяне яшчэ новае імя.

Вершы сумесна калі-небудзь пісаліся?

Віктар: Мне прысьнілася, што Вера песьню напісала, але я толькі два апошнія радкі запомніў. А потым Вера яшчэ дапрыдумляла.

Няма вушэй у птушак.
Адрэзаць вушы.
Павыдзіраць сабе ўсе зубы,
Завострыць нос і губы,
Разрэзаць рукі ўздоўж па локаць,
Наторкаць пёраў,
Зрабіцца самай лёгкай.
Я больш ня буду ежу лопаць,
Я буду лётаць.

:) А вось кажуць, што ў шлюбе дзьвюх творчых асобаў без канкурэнцыі не абысьціся! Што скажаце?

Віктар: Думаю, калі ў людзей нейкая сумесная творчая праца, то ў іх болей шанцаў зразумець адзін аднаго.

Вера: Мы на вельмі розных палях арэм, але вось спаборніцтвы побыту і творчасьці бываюць.

Віктар, як думаеце, не была б Вера паэткай, каханьне нарадзілася б?

Віктар: Чаму б і не? Я б ёй мог зацікавіцца як музыкай ці мастачкай.

А калі б Віктар ня быў паэтам?

Вера: Ёсьць людзі, якія працуюць на заводзе, але ж унутры яны паэты. Яшчэ мне патрэбен быў хлопец, які б мой тэмпэрамэнт вытрымаў. А каб яго вытрымаць, трэба не меншым сваім валодаць. Добра, што Віктар на сабе самім адчуваў, што значыць быць у заўсёдным сутыкненьні з паэзіяй.

І напрыканцы вашыя пажаданьні закаханым!

Віктар: Каб каханьне не замінала жыцьцю, а жыцьцё – каханьню.

Вера: Калі закаханыя адчуваюць, што гэта сапраўднае, то трэба змагацца. Калі расьлінка ўзышла, то трэба яе культываваць, аберагаць. 

Полі 13:00, 11/12/2006 | Артыкулы |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0604 seconds.