У Францыі кампутаровыя гульні прызнаныя культурнай каштоўнасьцю
Міністар культуры Францыі Рэно Данэдзье дэ Вабр прызнаў кампутаровыя гульні мастацтвам ды паабяццаў дзяржаўную падтрымку іх распрацоўнікам.
"Людзі занадта доўга глядзелі пагардліва на гульні, выпускаючы з выгляду іх велізарны творчы патэнцыял і культурную каштоўнасьць. Калі вам падабаецца, клічце мяне міністрам відэагульняў. Я буду гэтым толькі ганарыцца", - заявіў дэ Вабр у нядаўнім тэлевізыйным інтэрвію.
Яшчэ ў сакавіку ён узнагародзіў аднаго з стваральнікаў гульні пра італійскага вадаправодніка Марыё, што была папулярная ў Эўропе пад канец васьмідзесятых гадоў (а ў Беларусі ў сярэдзіне 90-х), прэміяй за выбітныя культурніцкія заслугі “the Ordre des Arts et des Lettres”.
“Гульні – гэта не проста камэрцыйны прадукт. Яны зьяўляюцца адной з формаў мастацкага самавызначэньня, а ў іх стварэньні прымаюць удзел сцэнарысты, дызайнэры і рэжысэры", - кажа міністар.
The New York Times пацьвярджае яго словы статыстыкай. Паводле дадзеных дасьледніцкай фірмы GfK France, самая папулярная гульня 2005 года ў Францыі Pro Evolution Soccer 5 прадавалася лепш, чым кнігі пра Гары Потэра або DVD з "Зорнымі войнамі". У гэтай краіне знаходзяцца штаб-кватэры некаторых сусьветнавядомых вытворцаў гульняў – Vivendi Games, Ubisoft Entertainment, Infogrames Entertainment. Усяго ў Францыі каля 100 распрацоўнікаў гульняў – гэтулькі ж, колькі ва ўсёй астатняй Эўропе, за выключэньнем Велікабрытаніі.
Трэба адзначыць, што кампутаровыя гульні апошнім часам пашыраюць межы свайго распаўсюду і папулярызуюцца ня толькі ў сваім традыцыйным асяродку. Апошнім часам вельмі распаўсюджанымі становяцца он-лайн гульні, а таксама гульні, зьвязаныя з сацыяльнымі сэткамі. Апошнія не патрабуюць ад патэнцыйных удзельнікаў ня толькі набыцьця носьбітаў інфармацыі з дыстрыбутывамі гульняў, але й нейкай платы за ўдзел у іх.
У Беларусі, нажаль, індустрыя кампутаровых гульняў амаль адсутнічае, што зьвязана з многімі фактарамі, але найперш эканамічнага характару. Сярод айчынных распрацоўнікаў кампутаровых гульняў можна адзначыць кампаніі Arise і Steel Monkeys, якія ўжо адзначыліся некалькімі значнымі праектамі ў гэтай сфэры.