Сэмінар пра эўрапейскую інтэграцыю
«Новая Эўропа» запрашае 3 лістапада на сэмінар прысьвечаны эўрапейскай інтэграцыі.
У межах праграмы сэмінару чакаецца выступ спадарыні Астрыд Зам — доктаркі філязофскіх навук, дырэктаркі Менскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра.
Эўрапейская інтэграцыя з гістарычнага пункту гледжаньня: матывы, этапы і пэрспэктывы
Эўрапейскі Зьвяз прызнаны ўсімі дасьледнікамі за спэцыфічную мадэль інтэграцыі, якая ўнікальным чынам спалучае элемэнты міждзяржаўнага і наднацыянальнага супрацоўніцтва. Адсюль вынікае, што усе тэрміны, прынятыя ў інтэграцыйных тэорыях кшталту фэдэрацыя, канфэдэрацыя і г.д. не падыходзяць для апісаньня фэномэна Эўразьвязу, які вызнаецца за інтэграцыйную форму «sui generis» (Beate Kohler-Koch).
Гісторыю стварэньня і разьвіцьця Эўразьвязу можна апісваць па-рознаму - у залежнасьці ад тэарэтычнага і праблемнага падыходу. З аднаго пункту гледжаньня ЭЗ зьяўляецца вынікам дзеяньняў вялікіх палітыкаў (дэ Голь, Адэнауэр), якія спрабавалі стварыць мір на эўрапейскім кантынэнце. З другога – эўрапейская інтэграцыя падаецца люстэркам разьвіцьця блёкавай канфрантацыі паміж Захадам і Усходам. З трэцяга ЭЗ – гэта прадукт эканамічнай лёгікі і лёгікі разьвіцьця інстытутаў па-за інтарэсамі палітыкаў. Пры гэтым усе тры вэрсіі маюць права на існаваньне, паколькі здольныя часткова – і толькі часткова – патлумачыць разьвіцьцё ЭЗ.
Ад таго, як мы ўспрымаем праект эўрапейскай інтэграцыі, залежыць і пэрспэктыва разьвіцьця ЕЗ.
Моцныя і слабыя бакі усіх гэтых тэорый будуць абмяркоўвацца на сэмінары.
Удзел у сэмінары прадугледжвае актыўныя формы:
- абмеркаваньне дакладаў
- пратакаліраваньне выступленьняў
- дыскусіі ў малых групах
- прэзэнтацыя працы ў малых групах
- пратакаліраваньне абмеркаваньняў у малых групах
- падрыхтоўка эсэ (8-10 тыс. знакаў) па тэмах, якія былі ўзьнятыя на сэмінары.
Заявы чакаюць на: ne(сьлімак)n-europe.eu
У заявах мусіць быць наступны зьмест:
- Імя і прозьвішча
- Дзе працуеце/навучаецеся
- Матывацыя.
- У тэме паведамленьня трэба пазначыць: "Сэмінар 2"
Заявы чакаюць да 2 лістапада.
Сэмінар адбудзецца 3 лістапада а 18:00
Для ўдзельнікаў з іншых гарадоў арганізатары маюць магчымасьць кампэнсаваць выдаткi на пражываньне i праезд.