БДУ – 85 год
Беларускі Дзяржаўны Унівэрсытэт адзначае сёньня 85 год з дня пачатку сваёй працы. У 90-х у падручніках гісторыі пісалі, што заснаваньне БДУ некалі дало моцны імпульс нацыянальнаму руху і паспрыяла разьвіцьцю нацыянальнай навуковай школы.
За час існаваньня ўнівэрсытэт разьвіваўся ды заўсёды заставаўся галоўнай вышэйшай навучальнай установай краіны.
За апошнія два дзесяцігодзьдзі БДУ напаткала асабліва шмат зьменаў. У пачатку 90-х унівэрсытэт перасталі называць імём Леніна. БДУ рабіўся тады ўсё больш нацыянальным беларускім унівэрсытэтам. Сярод выкладчыкаў зрабілася модным выкладаць па-беларуску, гэтыя памкненьні да таго ж падтрымліваліся матэрыяльна з боку адміністрацыі і дзяржавы.
У другой палове 90-х пасьля зьмены кіраўніцтва, разьвіцьцё беларускасьці ў БДУ сышло ў цень. Новы рэктар аддаваў перавагу эканамічнаму разьвіцьцю ўнівэрсытэта. Рэктар Казулін меў вялікую падтрымку дзяржавы і атрымаў нават статус міністра. Казулін ганарыцца, што ў яго час разьвіваліся праграмы міжнароднай супрацы зь эўрапейскімі ўнівэрсытэтамі.
Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2001-га году стаўленьне да ўнівэрсытэта з боку дзяржавы зьмянілася. Казулін згубіў спачатку статус міністра, а ў рэшце і рэктарскую пасаду. Сёньня былы рэктар БДУ зьяўляецца палітычным вязьнем і адбывае пакараньне па палітычным прысудзе пасьля сакавіцкіх падзеяў 2006-га году.
З новым рэктарам Стражавым БДУ разьвіваецца асьцярожна. Большасьць міжнародных кантактаў адбываецца з кітайскімі ды расейскімі рэгіёнамі. Вэб-сайт буйнейшага беларускага ўнівэрсытэта дагэтуль ня мае беларускай вэрсіі.
Але гучныя дасягненьні ўнівэрсытэту даюць студэнты тэхнічных спэцыяльнасьцяў БДУ, якія паказваюць высокі ўзровень на сусьветных алімпіядах.
На пярэдадні 85-годзьдзя БДУ выпускнік Магілёўскага пэдагагічнага інстытута, які сёньня кіруе краінай, выдаў загад з новым статутам БДУ. У адпаведнасьці з палажэньнямі статуту ў новай рэдакцыі, унівэрсытэт адыходзіць ад прынцыпаў эўрапейскай адукацыі.
Новы статут нагадвае, што БДУ створаны паводле рашэньня Прэзыдыюма Цэнтральнага выканаўчага камітэту БССР і адчынены 30 кастрычніка. Тым часам як у старым статуце гаварылася, што ўнівэрсытэт заснаваны 30 кастрычніка 1921 году.
У ранейшай рэдакцыі статуту гаворка вялася аб «акадэмічнай супольнасьці», а цяпер студэнты, выкладчыкі, асьпіранты названыя «аб'яднаньнем» студэнтаў, прафэсарска-выкладчыцкага складу і г.д.
Але галоўнае, што зьніклі такія паняткі як «Вялікая Хартыя», «унівэрсытэцкая аўтаномія».
Прынцып дэмакратычнага самакіраваньня цяпер заменены на «цэнтралізаванае дзяржаўнае кіраваньне з дэмакратычным самакіраваньнем».