Па той бок: асьцярожна – турнікет!
Першае верасьня, зьбіраюся на заняткі, падаецца, што нічога не забыла. Але ў доўгім шэрагу жадаючых патрапіць ва ўнівэр узгадваю – пропуск!.. У мінулым годзе у Беларускім дзяржаўным эканамічным унівэрсытэце зьявіліся турнікеты, такія самыя, як у мэтро.
Ходзяць чуткі, што аднойчы на працу ня трапіў нават нехта з кіраўнікоў адміністрацыі наргасу – пропуск забыў :).
Пасьля зьяўленьня разьдзяляльнай лініі абураліся і студэнты, і выкладчыкі. Але ж камусьці тое было трэба, дык зь якой нагоды зьвяліся турнікеты?
Якіх толькі варыянтаў мы не выдумлялі. Можа гэта мэтад барацьбы з сусьветным тэрарызмам? Ці адміністрацыя баіцца, каб ва ўнівэрсытэт ня трапілі зборшчыкі подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў перад прэзыдэнцкімі выбарамі? Большасьць схілілася да вэрсіі кантролю наведваньня студэнтамі заняткаў.
З новым навучальным годам старыя праблемы ня зьніклі. Хаця народ збольшага прызвычаіўся да таўкатні каля турнікетаў, асабліва падчас перазьменкі. Перасталі абурацца нават выпадкам, калі цуда-тэхніка б’е сваіх. Але мне ўсё ж такі карцела атрымаць адказ на пытаньне, якое хвалявала не адзін месяц.
Як адказалі кампэтэнтныя ў гэтай справе людзі, над рашэньнем усталяваць кантрольную тэхніку працавалі доўга і рупліва. Тлумачаць, што “ў наргасе высокі адсотак крадзяжоў – выносяць усё, пачынаючы ад гадзіньнікаў і скончваючы аргтэхнікай. Вось і вырашылі абараніць ВНУ ад злачынцаў. Тым болей, раён небясьпечны – п’яніцы ды наркаманы.”
А ці можна адсачыць, як студэнты наведваюць пары? Афіцыйны адказ – магчыма, але гэта была не галоўная мэта. Кожная картка, што дасталася студэнту-бюджэтніку за пяць тысячаў беларускіх рублёў, а платніку – у падарунак, – пэрсаніфікаваная. Але студэнтаў тое ня моцна пужае – яны сьмела пазычаюць сябрам “індывідуальны” пропуск.
А як жа пажарная бясьпека? Крый Божа, але калі што, агароджы й турнікеты будуць перашкаджаць выхаду студэнтаў з дванаццаціпавярховага будынку. А яшчэ калі дадаць эфэкт панікі… Мяне ўпэўнілі, што адпаведныя ворганы далі сваё “дабро” і ўсё прадугледжана. Верыцца зь цяжкасьцю, будзем спадзявацца, практыкай тое высьвятляць не давядзецца.
Фота М. Шубэрта