Дзе жыць студэнту?
Дзе ж жыць? Тым больш студэнту. Асаблівасьці жыцьця ў інтэрнаце, у бацькоў, на здымнай кватэры – плюсы-мінусы, цікавыя гісторыі. У артыкуле выкарыстаныя малюнкі Волі Кузьміч з будучых сэрыяў студэнцкага мультсэрыялу “Васілёк”.
СТУДЭНТ І ІНТЭРНАТ
З чым у вас асацыюецца студэнт? Пэўна ж з унівэрсытэтам, халявай, весялосьцю, сэсіяй, валізкамі зь ежай і… інтэрнатам!
Усё часьцей студэнты абіраюць месца навучаньня не па сваім уласным жаданьні, а дзеля таго, каб патрапіць на дзённае бясплатнае месца. Часам яшчэ кіруюцца парадамі бацькоў. Такая ж сытуацыя і пры выбары месца часовай “дыслякацыі”: ў большасьці выпадкаў, натуральна, аддаецца перавага інтэрнату.
Сьціпленька, шэранька, цесна, часам без вады, у кампаніі з прусакамі і супершумнымі суседзямі, часам з выключанымі плітамі, страхам за незаконнае карыстаньне электрапрыборамі, пад пільным назіраньнем прыдзірлівых вахцёрак, але танна.
З кожным годам колькасьць менскіх студэнтаў памяншаецца ў адсоткавым параўнаньні з колькасьцю іншагародніх. У сваю чаргу большасьць апошніх хоча трапіць у інтэрнат. І хутчэй за ўсё справа ня ў тым, што студэнты падпалі пад уплыў міту, што студэнцкае жыцьцё без інтэрнату – непаўнавартаснае студэнцкае жыцьцё, а ў тым, што гэта вымушаны крок сярэднестатыстычнай беларускай сям’і.
Нягледзячы на ледзь не аварыйны стан многіх беларускіх інтэрнатаў, гэтае таннае жыльлё прыцягвае многіх.
У Лёшы з БНТУ у пакоі, дакладней у прыбіральні, на сьценах расьлі грыбы. Нейкія складанасьці ў пабудове інтэрнату адбіліся на каналізацыйнай сыстэме і таму сьцены прыбіральняў амаль ва ўсім будынку (па вэртыкалі) былі пастаянна мокрыя. Аптымістычныя хлопцы нават прадумалі сыстэму барацьбы з расьліннасьцю на сьценах – не абдзіраць усе грыбы адразу, бо на іх месцы адразу панавыростае шмат маленькіх грыбочкаў. “Лепей некалькі вялікіх, чым шмат маленькіх і сьлізкіх”, – жартуюць студэнты.
Але ў інтэрнаце, няхай сабе нават сярод грыбоў, студэнт адчувае сябе “сацыяльна абароненым”. І гэтаму спрыяе не адміністрацыя студгарадка ці ўнівэрсытэта, а самая сапраўдная беларуская студэнцкая салідарнасьць. Табе заўсёды дапамогуць, прыкрыюць і выратуюць, накормяць, пазычаць і канспэкт, і грошы, а ў часе сэсіі паклічуць для цябе “халяву”. Незабыўнымі застаюцца сьвяты ў інтэрнаце ў кампаніі вясёлай студэнцкай камуны, якія часам зацягваюцца не на дні, а на тыдні.
Але хаос студэнцкага інтэрнату не пазбаўляе студэнтаў магчымасьці мець гармонію ў прыватным жыцьці. Кантакт вачыма дасьць суседзям зразумець, што трэба пакінуць пакой, а наяўнасьць ці адсутнасьць вывешанай праз вакно вопраткі падкажа, ці ўваход ужо дазволены. Галоўнае – каб пашчасьціла з суседзямі ;). А вось слабая гукаізаляцыя прымушае весьці прыватнае жыцьцё з моцна сьціснутымі зубамі. Інакш зьяўленьне новай пары на паверсе будзе агульнавядомым набыткам.
Калі ты жывеш з бацькамі альбо сваякамі, адчуваеш сябе забясьпечаным, маеш упэўненасьць у наступным дні. Хаця б датычна ежы і даху над галавой.
Ганка: "У першую чаргу гэта, канешне, фінансавае становішча. Няма лішніх выдаткаў, як у іншагародніх студэнтаў, на пражываньне і прадукты. А з маральнага погляду гэта неацаняльная падтрымка з боку бацькоў у любой сытуацыі. А таксама я лічу важным тое, што не губляецца сувязь з сябрамі і знаёмымі. І самае галоўнае – не губляецца лішні час на “акліматызацыю” ў новым горадзе. Ты ўжо ведаеш тут усе тусовачныя месцы, паўсюль знаёмыя, сувязі. У мяне ўсё тут ужо павязана ;)"
Воля: "Самы вялікі плюс – гэта магчымасьць заўсёды прыгатаваць ежу ў добрых умовах, тым больш што дома заўсёды ёсьць што паесьці. Зь іншага боку – магчымасьць зэканоміць. Не трэба плаціць за інтэрнат, кватэру. Да таго ж дома заўсёды чыста: чыстая ванная, свая прыбіральня. Калі ты захочаш, то можаш паклікаць сваіх сяброў у госьці, тады як у інтэрнаце ёсьць абмежаваньні. Ня трэба жыць па чыімсьці патрабаваньні."
Такія плюсы бачаць у жыцьці з бацькамі студэнткі 3-га курсу БДЭУ.
Безумоўна, важна тое, што, прыйшоўшы пасьля цяжкога навучальнага дня дадому, ты адчуваеш утульнасьць. А як жа іначай, калі цябе будзе чакаць смачны абед (на гатаваньне якога ты, дарэчы, не скарыстаеш свой час і апошнія сілы), цішыня і адпачынак. Пасьля падрыхтуесься да заняткаў і ў любы зручны час ляжаш спаць (тут важна адзначыць, што ніхто не пабудзіць ў гадзіну ночы музыкай ці запаленым сьвятлом). Дома ёсьць тэлевізар, пральная машына, уласны стол, твая любімая котка, вялікая шафа і шмат яшчэ якіх “зручнасьцяў”. Але ёсьць і іншае – абмежаваньне тваёй свабоды. А свабода мусіць быць адной з найлепшых перавагаў, што маюць студэнты ў адрозьненьне ад тых жа школьнікаў. Атрымоўваецца, што сысьці “ў ноч” – да сяброў на Дзень народзінаў ці на вечарыну з нагоды Дня студэнта вымагае ад студэнта:
а) адказнасьці перад бацькамі (сваякамі)
б) высілкаў, каб “забіць” у сабе адчуваньне віны за тое, што прымушаеш родных хвалявацца за сябе ці падманваць, выдумляючы неабходнасьць адсутнічаць сёньняшняй ноччу дома.
Ёсьць нават такія студэнты, якія жувуць з бацькамі, хата якіх месьціцца далёка ня ў Менску… Пад’ём рана-раніцай (гадзінцы так а 5-й), бягом на электрацыю – і ў Менск. Тое ж самае і па дарозе назад. А галоўны чыньнік – утульнасьць роднае хаты.
Але ж калісьці ўсё роўна прыйдзецца пакідаць бацькаву хату. Куды тады пераяжджаць? Ды й, увогуле, як вызначыць той час, калі зьяжджаць?
Ганка: "Учора я “крыху” пасварылася з бацькамі. Усяго толькі з-за нямытага посуду. Першая думка, якая ў мяне была - зьехаць ад іх, як толькі я атрымаю свой першы заробак. А куды? Ды хоць у суседні квартал, зьняць кватэру."
Воля: "Думаю, што пераеду, калі дастаткова зараблю ці выйду замуж. Калі буду пераяжджаць, то ў другую кватэру. А калі кватэры няма, то можна першы час здымаць, а надалей браць крэдыт і будаваць жыльлё. Канешне, гэта будзе кватэра ў Менску :)"
На жаль, ня ўсе могуць атрымаць па сканчэньні ўнівэра кватэру ў падарунак ад бацькоў ;). Таму звычайна даводзіцца разьлічваць на свае сілы альбо каапэравацца з сяброўкай/сябрам, мужам/жонкай. Ёсьць яшчэ варыянт: выйграць кватэру ў СупэрЛато :))).
СТУДЭНТ І ЗДЫМНАЯ КВАТЭРА
Кошт жыльля ў Менску паціху набліжаецца да сусьветных стандартаў. Каб зьняць студэнцкую аднапакаёвую кватэру, трэба аддаць каля 150-200 даляраў, за двухпакаёвую – яшчэ больш. Кошт пакойчыка - ад 35 даляраў. А пра іншыя варыянты нават казаць ня хочацца. Варта заўважыць, што ў параўнаньні з Заходняй Эўропай, у беларускіх студэнцкіх гарадох няма студэнцкіх кварталаў, раёнаў ці дамоў, дзе жывуць толькі студэнты. Беларусу прыходзіцца жыць на адной пляцоўцы з бабулькамі, якія “бачаць сьвятло праз сумежныя сьцены” і паўсюль чуюць гучную музыку. Звычайна кватэры па нізкіх коштах малапрыстасаваныя для жыцьця, таму давядзецца адразу прынамсі паляпіць шпалеры, а пасьля пастаянна падлатваць сантэхніку.
Але спачатку трэба знайсьці тую кватэру.
Самы танны, але даволі эфэктыўны шлях – клеіць абвесткі на слупах. Варта распытаць знаёмых. А можна зьвярнуцца ў агенцыю. У любым выпадку давядзецца ўзброіцца цярпеньнем і выносьлівасьцю. Зварот у агенцыю не дае амаль ніякай гарантыі, што кватэру там табе абавязкова знойдуць. Самастойныя пошукі таксама могуць не прынесьці чаканых вынікаў. Знайсьці добрую кватэру не праз знаёмых зараз ў Менску хіба што крыху прасьцей, чым выйграць яе у лятарэю.
Альтэрнатывай арэнды цэлай кватэры можа стаць арэнда пакойчыка. Але й тут ёсьць цэлы шэраг складанасьцяў. Бабулькі, якія прапануюць студэнтам пакой, звычайна пры гэтым усталёўваюць свае правілы. Напрыклад, ня сушыць бялізну ў лазанцы, ня слухаць музыку, вяртацца не пазьней 21.00, не прыводзіць сяброў і гэтак далей. Можна падчас пошукаў сутыкнуцца зь сямейнай парай алькаголікаў, якія прапануюць здаць пакой. Нескладана ўявіць сабе жыцьцё ў кампаніі з такімі суседзямі. Яны дакладна ня будуць кіравацца правілам “не прыводзіць сяброў”.
Дзьве першакурсьніцы-сяброўкі, не атрымалі інтэрнат і таму шукалі пакой у Менску. Пасьля неверагодна складаных пошукаў такі знайшлі. Кошт – прыймальны, сям’я культурная (маці з сынам), непадалёк ад мэтро, амаль у цэнтры. Але калі празь некалькі месяцаў муж гаспадыні выйшаў з турмы і пачаў штодня ламіцца ў дзьверы ды пагражаць расправай, пра спакойнае жыцьцё прыйшлося забыць. І хаця дзядзьку неўзабаве зноў пасадзілі за “хуліганства”, заставацца жыць у такіх ўмовах было немагчыма. Пошукі распачаліся зноў.
Тое, што ты заплаціў за кватэру, дамовіўся з гаспадаром (але толькі на словах), не дае вялікай гарантыі. У любы момант могуць папрасіць пакінуць памяшканьні для пляменьніцы, а пасьля здаць камусьці іншаму па вышэйшым кошце.
У любым выпадку – усё гэта досьвед. Досьвед самастойнага жыцьця, з першымі складанымі крокамі, спробамі, з першымі адклеенымі шпалерамі, адказнасьцю перад камунальнікамі і г.д.
А насамрэч, цікавасьць студэнцкага жыцьця, яго насычанасьць падзеямі, імпрэзамі, колькасьць сяброў не залежаць ад месцажыхарства. Ня важна што гэта – інтэрнат, здымная кватэра ці пяць студэнцкіх год побач з бацькамі. Галоўнае – гэта быць цікаўным, актыўным, шчырым, адкрытым да новых знаёмстваў і пазытыўным чалавекам, і тады нават самыя дрэнныя жыльлёвыя ўмовы ня ў стане будуць сапсаваць самы бесклапотны і незабыўны час – студэнцтва.