Колькі каштуе навучанне ў сталічных ВНУ?
Сёлетнiм 11-класнiкам, заўтрашнiм абiтурыентам i iх бацькам будзе карысна даведацца, у якую суму зараз абыходзiцца вучоба ў абранай iмi вышэйшай навучальнай установе, як змяняецца яна ў залежнасцi ад факультэта i якiя льготы па аплаце прадастаўляе кожная ВНУ.
БЕЛАРУСКI ДЗЯРЖАЎНЫ УНIВЕРСIТЭТ……увёў у 2004 годзе новыя правілы. Раней памер аплаты на першым курсе залежаў ад таго, на якiх умовах паступаў абiтурыент: здаваў усе экзамены i не набiраў прахадны бал (важна было i тое, колькi балаў не хапала), альбо абмяжоўваўся толькi субяседаваннем. Пачынаючы з мiнулага лета ўсе абiтурыенты павiнны здаваць уступныя экзамены цi прадстаўляць адпаведныя сертыфiкаты. Кошт платнай адукацыi таксама стаў аднолькавым. Праўда, БДУ прадугледжвае значныя льготы за высокiя паказчыкi пры здачы ўступных экзаменаў — ад 50 да 100 працэнтаў.
Самымi дарагiмi факультэтамi ва унiверсiтэце традыцыйна застаюцца МА (факультэт мiжнародных адносiнаў) i юрыдычны. Найдаражэйшай зараз з’яўляюцца вучоба па спецыяльнасцях: лiнгвакраiназнаўства, мiжнароднае права, сусветная эканомiка, мытная справа факультэта мiжнародных адносiнаў, а таксама правазнаўства i эканамiчнае права на юрфаку. Памер аплаты тут састаўляе 1500 у.а. у год. У некалькi разоў танней абыдзецца вучоба на факультэце фiласофii i сацыяльных навук, на факультэце радыёфiзiкi i электронiкi, альбо на фiзiчным, фiлалагiчным, бiялагiчным, хiмiчным цi механiка-матэматычным факультэтах. Самая танная спецыяльнасць ва унiверсiтэце, як нi дзiўна, зноў жа на МА — культуралогiя, 670 у.а. у год. На 20 умоўных адзiнак менш (650 у.а.) абыдзецца навучанне ў Iнстытуце кiравання i сацыяльных тэхналогiй БДУ па спецыяльнасцi «сацыяльная работа».
Дагавор памiж унiверсiтэтам i студэнтам заключаецца на ўвесь перыяд навучання.
У сёлетнiх першакурснiкаў-платнiкаў, якiя за высокiя паказчыкi пры паступленнi атрымалi 100-працэнтную льготу на год навучання, ёсць шанц заслужыць аналагiчную «скiдку» i на другi год. Калi па вынiках дзвюх сесiй сярэднi бал студэнта будзе складаць 8 балаў i больш (для прыродазнаўчых факультэтаў) i 8,5 i больш (для гуманiтарыяў), яго ўвогуле вызваляюць ад аплаты, а пры наяўнасцi вакансii пераводзяць на бюджэт. Пры сярэднiм бале 7,5-8 (для прыродазнаўцаў) цi 8-8,5 (для гуманiтарыяў) студэнт аплачвае толькi 25 працэнтаў сумы. На 50-працэнтную льготу ён можа разлiчваць пры паспяховасцi 7-7,5 цi 7,5-8 балаў адпаведна таму, прыродазнаўца ён цi гуманiтарый. Калi за першы курс сярэднi бал склаў адпаведна 6-7 цi 6,5-7,5, студэнт мае права на 25 працэнтаў «скiдкi».
Для тых, хто сёлета паступiў на першы курс з 50-працэнтнай iльготай па аплаце, дзейнiчае свая сiстэма. Калi па вынiках дзвюх сесiй сярэднi бал складае 8 i больш (для прыродазнаўцаў) цi 8,5 i больш (для гуманiтарыяў), 50-працэнтная скiдка студэнту захоўваецца i на ўвесь другi курс. Пры паспяховасцi 7,5-8 цi 8-8,5, адпаведна, плата за навучанне павялiчваецца на 25 працэнтаў. Адвучыўшыся на першым курсе з сярэднiм балам 7-7,5 (для прыродазнаўчых факультэтаў) цi 7,5-8 (для гуманiтарыяў), студэнт вочнай формы БДУ будзе вымушаны на другiм курсе плацiць за вучобу на 50 працэнтаў больш. Пры сярэднiм бале 6-7 (для прыродазнаўцаў) i 6,5-7,5 (для гуманiтарыяў) плата ўзрасце на 75 працэнтаў. Пры паспяховасцi 6 балаў i менш (для прыродазнаўцаў) i 6,5 бала i менш (для гуманiтарыяў) плацiць трэба ў поўным памеры.
Студэнты-платнiкi, якiя зараз вучацца ў БДУ на другiм курсе i вышэй, могуць прэтэндаваць на льготу па аплаце, калi iх адзнакi за ўвесь перыяд навучання не апускалiся нiжэй за 6 (па 10-бальнай сiстэме) цi «добра» (па старой 5-бальнай) i пры сярэднiм бале не нiжэй за 8,05 (для прыродазнаўцаў) i 8,75 (для гуманiтарыяў). Пры такой умове рэктар БДУ мае права знiзiць плату ў iндывiдуальным парадку з улiкам цяжкага матэрыяльнага становiшча студэнта: пасля першага года навучання — на 25 працэнтаў, пасля другога курса — на 50 працэнтаў, пасля трэцяга — на 100 працэнтаў (гэта датычыцца толькi тых факультэтаў, якiя маюць бюджэтнае фiнансаванне).
Усе льготы па аплаце дзейнiчаюць адзiн навучальны год.
БЕЛАРУСКI ДЗЯРЖАЎНЫ ПЕДАГАГIЧНЫ УНIВЕРСIТЭТ IМЯ М. ТАНКА
Тут кошт навучання складае 650-700 долараў у год. Самыя дарагiя (700 долараў) «падвоеныя» спецыяльнасцi, адна з якiх — замежная мова (англiйская, французская, iспанская). Дагавор заключаецца на ўвесь перыяд навучання, а дадатак да яго з вызначэннем цэн — на год.
- Апошнiя два гады кошт навучання ў нас амаль не змянiўся, — патлумачыў прарэктар па вучэбнай рабоце Юрый Быкадораў, — аднак у сувязi з павелiчэннем стаўкi I разраду бюджэтнiкам з 1 снежня 2004 года нашы расцэнкi таксама ўзрастуць. На колькi — пакуль сказаць цяжка. Але мы ўсё роўна будзем вытрымлiваць сацыяльны ўзровень цэн.
Iльготы па аплаце ў педунiверсiтэце таксама прадугледжаны. Напрыклад, калi адзiн з бацькоў студэнта працуе ва унiверсiтэце на стаўку 5 гадоў i больш, iм даецца 50-працэнтная скiдка. Таксама маюць права на льготу пры аплаце наступныя катэгорыi: студэнты з малазабяспечаных сем’яў; з сем’яў ваеннаслужачых, якiя сталi iнвалiдамi пры выкананнi службовага абавязку; воiны-iнтэрнацыяналiсты, звольненыя ў запас, а таксама дзецi воiнаў-iнтэрнацыяналiстаў; дзецi-сiроты; дзецi бацькоў-iнвалiдаў I i II груп, а таксама дзецi III i IV ступенi страты здароўя; «чарнобыльцы» (асобы, для якiх прадугледжаны льготы ў артыкулах №18-20 i 23-25 Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб сацыяльнай абароне грамадзян, пацярпеўшых у вынiку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС»). Усе вышэйпералiчаныя катэгорыi могуць прэтэндаваць на скiдку па аплаце вучобы, пачынаючы з II семестра першага курса — пры ўмове, што iх паспяховасць за першую сесiю (сярэднi бал) раўнялася 8 балам i вышэй.
Акрамя таго, iльгота па аплаце — ад 25 да 100 працэнтаў (у залежнасцi ад канкрэтнага выпадку) прадугледжана для студэнтаў з мнагадзетных сем’яў; сем’яў, дзе ёсць непаўналетнiя iнвалiды да 18 гадоў; сем’яў, дзе працаздольны дарослы даглядае састарэлага сваяка ва ўзросце ад 80 гадоў i больш, родзiча-iнвалiда I групы цi дзiця-iнвалiда да 18 гадоў. На льготу ў памеры 100 працэнтаў аплаты могуць разлiчваць тыя студэнты-платнiкi, якiя па вынiках 4 сесiй (значыць, пасля заканчэння II курса) маюць сярэднi бал 9 i вышэй i прымалi актыўны ўдзел у грамадскiм жыццi сваёй ВНУ. Пры наяўнасцi вакансiй такiя выдатнiкi-актывiсты загадам рэктара могуць быць пераведзены на бюджэт.
- Сiстэма льгот у нашым унiверсiтэце скiравана на тое, каб заахвочваць студэнтаў лепш вучыцца, быць актыўнымi i выконваць правiлы ўнутранага распарадку ў вучэбных карпусах i iнтэрнатах, — адзначыў першы прарэктар унiверсiтэта Васiль Бондар. — Прэтэндаваць на льготу студэнт можа па вынiках не навучальнага года, а пасля кожнай здадзенай сесii.
БЕЛАРУСКI ДЗЯРЖАЎНЫ УНIВЕРСIТЭТ IНФАРМАТЫКI I РАДЫЁЭЛЕКТРОНIКI…
… прадастаўляе платную вочную адукацыю па 28 спецыяльнасцях. Памер платы змяняецца ў залежнасцi ад канкрэтнага факультэта. Самая дарагая вучоба на факультэце камп’ютарных сiстэм i сетак i на факультэце iнфармацыйных тэхналогiй i кiравання — для 1-4 курсаў сума складае 2.190 тысяч рублёў у год, для 5-га — 2.010 тысяч рублёў. Танней за ўсё навучанне абыдзецца на факультэце радыётэхнiкi i электронiкi i на факультэце камп’ютарнага праектавання — для 1-4 курса — 1.790 тысяч рублёў у год, для 5-га — 1.650 тысяч.
Дагавор заключаецца на ўвесь перыяд навучання, але сума аплаты карэкцiруецца ў залежнасцi ад змены «мiнiмалкi»: колькi разоў на год яна павышаецца, столькi ж разоў растуць i цэны на навучанне. Вочнiкi павiнны ўносiць плату паквартальна, завочнiкi — раз у семестр. Пры спазненнi з аплатай налiчваецца пеня. Як i ў любой iншай ВНУ, тут могуць адлiчыць за няўплату.
Пагаворым пра льготы. Для студэнтаў, чые бацькi працуюць ва унiверсiтэце на стаўку больш як год, прадугледжана 50-працэнтная льгота на аплату.
Перад тым як агучыць наступную льготу, растлумачым, што такое паўпрахадны бал. Напрыклад, у ВНУ прадугледжана 50 бюджэтных месцаў для першакурснiкаў. Прахадны бал — 19. З такiмi вынiкамi здаюць экзамены 40 абiтурыентаў. Застаецца 10 вакантных бюджэтных месцаў, на якiя прэтэндуюць тыя, хто здаў уступныя iспыты на 18 балаў. Такiх 100 чалавек. З iх — па пэўных паказчыках — адбiраюць 10 шчаслiўчыкаў. 18 у дадзеным прыкладзе i з’яўляецца паўпрахадным балам. Пры залiчэннi на платнае аддзяленне студэнтаў-першакурснiкаў з паўпрахадным балам (у нашым прыкладзе гэта могуць быць тыя 90 з сотнi набраўшых «18») iм даецца 50-працэнтная скiдка на першы семестр. Яна можа «падоўжыцца» i на другi семестр, пры ўмове, што студэнты здалi сесiю з сярэднiм балам 4,5 i вышэй (па старой сiстэме). Калi абiтурыент не дабраў 1 бал да паўпрахаднога на ўступных экзаменах, яму прадастаўляецца скiдка ў памеры 25 працэнтаў. Зноў жа — да першай сесii, па вынiках якой будзе бачна, захаваецца льгота на другi семестр цi не (умова тая ж — сярэднi бал 4,5 i вышэй). Студэнту, чыя паспяховасць за 2 семестры склала 4,5 бала i вышэй, рэктар можа пайсцi насустрач i захаваць 25-працэнтную льготу на наступны семестр. Калi такi паказчык студэнт здолеў пратрымаць цэлых 4 семестры, памер iльготы павялiчыцца да 50 працэнтаў. 75-працэнтная льгота даецца толькi тым, хто 6 семестраў (3 курсы) вучыўся выключна на «пяцёркi».
Пры наяўнасцi вакантных месцаў i паспяховасцi па вынiках 2 семестраў 4,5 бала i вышэй «платнiка» могуць перавесцi на бюджэт. Рашэннем рэктарата плата за навучанне можа быць дадаткова знiжана на 25 працэнтаў за асаблiва актыўны ўдзел студэнта ў навуковай i грамадска-арганiзацыйнай рабоце ВНУ.
Для студэнтаў з малазабяспечаных сем’яў, дзе даходы кожнага яе члена нiжэй за пражытковы мiнiмум, прадугледжана 10-працэнтная скiдка. Вось толькi ў грашовым вымярэннi гэта зусiм невялiкая рознiца.
- У нас нiзкая рэнтабельнасць, — патлумачыў прарэктар па вучэбнай рабоце унiверсiтэта Уладзiмiр Красоўскi. — Так званым «сацыялам» мы налiчваем аплату па сабекошту, не ўлiчваючы свой прыбытак. Ён складае 10 працэнтаў. Адмiнусуйце iх ад сумы аплаты звычайнага «платнiка», якi не мае льгот, i ўбачыце, што рознiца будзе невялiкая.
БЕЛАРУСКI НАЦЫЯНАЛЬНЫ ТЭХНIЧНЫ УНIВЕРСIТЭТ
Тут аплата залежыць ад спецыяльнасцi i формы навучання. Самыя танныя спецыяльнасцi вочнай формы — прафесiйнае навучанне i працоўнае навучанне. Мiнулым летам яны каштавалi 480 долараў у год. Найдаражэйшыя спецыяльнасцi — электразабеспячэнне i электрычныя сеткi i сiстэмы — 800 долараў.
Для дзяцей супрацоўнiкаў унiверсiтэта прадугледжана стандартная 50-працэнтная скiдка па аплаце на навучанне. Што датычыцца астатнiх студэнтаў-платнiкаў, то пры iх паспяховасцi 4,75 бала па вынiках 2 семестраў i наяўнасцi вакансiй магчымы перавод на бюджэт.
P. S. : З павелiчэннем платы работнiкам бюджэтнай сферы ў снежнi мiнулага года зменяцца i цэны на навучанне ў беларускiх ВНУ. Пакуль што iдзе iх пераразлiк, новыя расцэнкi яшчэ не вызначаны, але тое, што яны будуць большымi ў параўнаннi з сёлетнiмi, прыведзенымi ў матэрыяле, — адназначна.
Iнга МIНДАЛЁВА, газэта "Звязда"