Адборачны тур на "Басовішча" адбудзецца 23-24 чэрвеня
У выніку адмовы парку Dreamland за два дні да заплянаванай імпрэзы, "Адборышча-2006" будзе праведзенае ў іншыя даты і на новым месцы.
У новым варыянце плянуецца правесьці адборачны тур сёлетняга “Басовішча” ў два дні. Месца яго правядзеньня ўжо вызначанае, але зараз працягваюцца перамовы, таму арганізатары яго пакуль вырашылі не называць.
Усе адабраныя маладыя каманды здолеюць выступіць. Абяцаны выступ легенды беларускага року таксама застаецца ў праграме, да таго ж цяпер зьявілася магчымасьць запрасіць польскі гурт. Дакладная інфармацыя аб новай праграме "Адборышча-2006" зьявіцца крыху пазьней.
Людзей, якія не пасьпелі даведацца пра перанос адборачнага туру і прыйшлі ў Dreamland 9 чэрвеня, сустрэлі сябры аргкамітэту (гл. фота). Кожны ў выніку атрымаў адмысловы флаер, які дае права на зьніжку у 20% на “Адборышча-2006” 23-24 чэрвеня.