У беларускім календары Багач прымеркаваны да заканчэння збору ўраджаю («к гэтаму часу ў кожнага ўсяго багата») і першаму запальванню хатняга агменю — васковай свечкі ў лубцы з жытам, якую ставяць на покуць і захоўваюць там на працягу ўсяго года, што прыносіць у дом багацце і шчасце. Гэтыя надзвычай важныя і прыгожыя рэчы і натхняюць на правядзенне свята, якое сёлета 20 верасня Студэнцкае этнаграфічнае таварыства і Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ладзілі ў Вязынцы. Мінулым годам там ужо было прыгожае святкаванне, сёлета ж традыцыя падоўжылася.