Неразгаданая Нарвэгія

Успаміны пра гэтую супэр-краіну не пакідаюць у спакоі. Кажуць, калі распавесьці іншым, робіцца спакайней :) Выкладаю фотарэпартаж з вандроўкі ў Осла ў неспакойны для Нарвэгіі час — якраз у гэтыя дні Рыбак перамог у Эўрабачаньні, а таксама краіна сьвяткавала штогадовы Дзень Канстытуцыі. Далей — здымкі зь некалькіх дзён у «апошнім дзіцячым садку ў сьвеце», як назваў Нарвэгію мясцовы таксовец-украінец па дарозе ў аэрапорт.

У абед — вылет зь Менску, адна перасадка і а сёмай вечару ў вакне бачыцца Нарвэгія. Гледзячы на гэтую прыгажосьць і спакой зьверху, я яшчэ не падазраю, што акунуся ў атмасфэру сьвята — Парад канстытуцыі, перамога Рыбака, выпускныя ў школьнікаў і проста цёплыя ослаўскія вечары.

Невялікі аэрапорт і традыцыйнае для Нарвэгіі дажджлівае надвор’е. У гэты вечар большасьць нарвэгаў разьбеглася па кватэрах, каб у кампаніі з кубкам белага віна падтрымаць Аляксандра Рыбака ў фінале Эўрабачаньня.

На раніцу горад ды й уся краіна былі на вушах. Нарвэгія сьвяткуе Дзень канстытуцыі (Grunnlovsdag). І перамогу Рыбака. І нечакана сонечнае надвор’е. Мінулым годам у гэты ж час у Осла быў мокры сьнег. На вуліцы шум: паўсюль маршы, дзеці, людзі ў нацыянальных строях.

Нават самыя маленькія апранутыя ў нацыяльнальны строй. Народнасьцяў у Нарвэгіі шмат, таму й касьцюмы ва ўсіх розныя.

Дзень канстытуцыі ў Нарвэгіі — гэта хутчэй сьвята дзяцей. Як тлумачыць мне мая знаёмая калмычка Іна, якая жыве ў Нарвэгіі 8 год, такім чынам нарвэгі паказваюць будучыню нацыі.

Сярод удзельнікаў дабраахватнага параду збольшага школьнікі й выпускнікі. Кожная каманда ідзе са сваёй музыкай ці сьпевамі.

У адмысловай вопратцы нават мяккія цацкі :)

Але можна сьвяткаваць і ў сучаснай вопратцы, аднак ісьці ў нацыянальным строі для ўдзельнікаў — нашмат круцей і сьвяточней.

Увесь парад рухаецца да каралеўскага палацу праз парлямант.

На гаўбцы стаіць і маша ўсім ручкамі каралеўская сям’я. Усе радуюцца і фоткаюцца на фоне :)

Сьвяткуе ўвесь горад. Знаёмыя нарвэгі кажуць, што была ідэя сумясьціць парад і сьвяткаваньне перамогі Рыбака. Што да перамогі, то гледзячы ўвечары ў Осла эфір з Эўрабачаньня па нарвэскім тэлеканале, я ўжо ўяўляла, што можа рабіцца на вуліцы.

Але сама радасьць за гэтую перамогу таксама была нейкай асабліваю, стрыманай, нарвэскаю. На вуліцах гучыць пераможная песьня, але з плякатамі ў рукох ніхто ня ходзіць :) Школьнікі парабілі нашыўкі на вопратку з выявай Рыбака, а музыку на гадзіньніку Ратушы мясцовыя ўлады таксама замянілі на вядомую Fairytale.

Крыху падалей ад цэнтру можна проста паляжаць на беразе і адпачыць ад шумных сьвяткаваньняў. Гэта выгляд з будынку опэры.

А вось і сам будынак.

У цэнтры Осла хутка растуць хмарачосы. Жыхары гораду асуджаюць улады за дазвол такіх забудоваў у гістарычным цэнтры і часта пратэстуюць з гэтай нагоды.

Сьвяткаваньне працягваецца, на вуліцах усё яркае, як у казцы. Нават хатнія жывёлы ходзяць з стужкамі з нацыянальнымі нарвэскімі колерамі.

Спрабуючы ў натоўпе зазірнуць у шыбы крамаў, заўважаю, што ня так і шмат прадаецца нацыянальных строяў, а калі й прадаюцца, то вельмі дорага. Іна тлумачыць, што большасьць людзей ш’юць сабе касьцюмы самі, альбо строі перадаюцца ў спадчыну і апранаюцца на працягу году некалькі разоў — па самых галоўных сьвятах.

У Нарвэгіі шмат эмігрантаў, і ў Дзень канстытуцыі кожны зь іх можа прыйсьці ў сваім нацыянальным строі. Іна, гледзячы на ўсе падзеі вакол, кажа, што штогод у час параду шкадуе, што ня мае з сабою свайго калмыцкага нацыянальнага строю — так бы таксама далучылася. І перапытвае, ці ёсьць у мяне свой строй. Так, ёсьць, кажу, але на вёсцы, і не апранала я яго ўжо можа год 10.

Найбольш маю ўвагу прыцягваюць яркія хлопцы й дзяўчаты ў чырвоных строях. Яны й на парадзе, і проста на пляцах тусуюцца і езьдзяць на аўтобусах, залезшы на дах. Як кажуць, поўны «беспрэдзел».

Аказваецца, гэта выпускнікі гімназіяў — абітурыенты, якіх называюць «рюссы». Два тыдні паміж школьнымі іспытамі і ўступнымі Нарвэгія замірае ў хваляваньні. «Яны няспынна п’юць два тыдні!» — уражваюцца нарвэгі па-даросьлей. Мая знаёмая Бэрыт кажа, што недзе сярод такіх кампаніяў і ейны сын, таму сьпіць яна зараз неспакойна :) І ўзгадвае, што ў ейны школьны час такія сьвяткаваньні ішлі пасьля ўступных іспытаў, таму было прасьцей, а ў 1983 годзе прайшла рэформа адукацыі. З гэтага часу ўсе абітурыенты традыцыйна «падрываюць здароўе» перад паступленьнем.

На яркай вопратцы ва ўсіх ёсьць пазнака «Russ 2009», каб было зразумела, які год выпуску. Многія выпускнікі гімназіяў адмыслова на такія сьвяткаваньні арэндуюць, а то й набываюць цэлыя аўтобусы, размалёўваюць іх і езьдзяць па краіне з песьнямі. Такі аўтобус я пабачыла ў цэнтры Осла. На даху «рюссы» паставілі гукавую апаратуру й наладзілі танцы на даху пад Fairytale Рыбака.

Зьверху горад традыцыйна спакойны.

Раз я ўжо ўзгадала Рыбака, то адзначу, што перад вылетам падзеі Эўрабачаньня я ня надта адсочвала і рыбакаманія мяне не чапляла. Але музыка мае асаблівасьць упітваць у сябе эмоцыі пэўнага часу. 

Fairytale Рыбака для мяне зараз — гэта ўзгадка пра час у Нарвэгіі, успаміны пра Осла — горад, дзе нават у гатэлі пахне морам, дзе ў начным парку ціха-ціха і весела-шумна ў бары з 10-эўравым півам. Нарвэгія — краіна, якую я пакідала з тысячай неразгаданых загадак. Адна загадка і для вас: чаму ў сьветлафорах там тры колеры: два аднолькавых чырвоных і адзін зялёны, але людзі ходзяць на ўсе колеры? Мой мясцовы знаёмы кажа, што думаў над гэтым пытаньнем недзе да 10 год, потым зьмірыўся і прыняў як факт ці «дзяржаўную таямніцу». Спадзяюся, у фотааглядзе з вандроўкі я дзяржаўных таямніцаў ня выдала і яшчэ давядзецца на месцы паразгадваць іншыя нарвэскія загадкі :)

А гэта ўжо Беларусь са статкам аблокаў.

Менск, і час шукаць багаж з шакалядам.


 
 
In 0.0353 seconds.