Get VISAble – кампанія за спрашчэньне візавых правілаў
Эўрапейскі моладзевы форум, а значыць больш за 90 нацыянальных моладзевых саветаў і эўрапейскіх моладзевых НДА, распачаў вялікую кампанію, каб дамагчыся зьмяншэньня коштаў на візы для моладзі.
Назва кампаніі – Get VISAble кажа сама за сябе.
З 2007 года ў сілу ўступіць новае пагадненьне краінаў Эўразьвязу, паводле якога чакаецца павышэньне коштаў на візы. Пры гэтым ставіцца задача спрасьціць правілы атрыманьня і кошты на візы для прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці і прадэмакратычных рухаў. Робіцца гэта для таго, каб узмацніць камунікацыі між грамадзянамі розных краінаў.
Распачынальнікі кампаніі хочуць дамагчыся пашырэньня гэтага пагадненьня на моладзь і прадстаўнікоў моладзевых арганізацыяў, бо коштавы барьер пры атрыманьні візаў мае для моладзі найвялікшую сілу.
Вандроўкі моладзі з суседніх краінаў у краіны Эўразьвязу дапамагаюць разьвіцьцю стабільных і дэмакратычных грамадзтваў ва ўсёй Эўропе. Таму каардынатары кампаніі лічаць, што Эўразьвяз мусіць быць пасьлядоўным у сваёй палітыцы добрасуседзтва. Цяжка дасягнуць кансалідацыі грамадзянскіх супольнасьцяў, калі грамадзяне з суседніх краінаў сутыкаюцца з візавымі барьерамі, жадаючы працаваць у гэтым накірунку.
"Нас турбуе магчымасьць павелічэньня кошту на візы, бо мы моцна верым ў Эўропу бяз межаў, дзе маладыя людзі маюць магчымасьць вольна вандраваць", кажа прэзыдэнт Эўрапейскага моладзевага форуму Рэнальдас Вайсбродас.
Створаны сайт кампаніі – www.getvisable.org. На сайце можна знайсьці шмат інфармацыі пра візавы рэжым ў Эўропе, пра плянуемыя зьмены ў атрыманьні візаў у Эўразьвяз, а таксама пра ход кампаніі. Тут можна знайсьці жыцьцёвыя прыклады, як візы перашкаджаюць людзям, а таксама зьмясьціць свой прыклад.
Тэму візаў для беларускай моладзі ўпершыню агучыў Аляксандар Мілінкевіч некалькі месяцаў назад падчас візіту ў вышэйшыя структуры Эўразьвязу. На апошнім зьезьдзе эўрапейскай студэнцкай арганізацыі ESIB эўрапейскія студэнты таксама прынялі рэзалюцыю са зваротам да ўрадаў эўрапейскіх краінаў, каб тыя спрасьцілі правілы атрыманьня візаў для беларускай моладзі і павялічылі колькасьць стыпэндыяў для беларусаў. Рэзалюцыя падкрэсьлівае вялікую ролю досьведу жыцьця і навучаньня беларусаў у дэмакратычных і вольных грамадзтвах дзеля пераадоленьня эфэкту ізаляцыйнай палітыкі беларускіх уладаў.