Стартавала праца над Эўрапейскай хартыяй правоў студэнтаў

На мінулым тыдні прадстаўнікі студэнцкіх арганізацыяў 35 краінаў Эўропы распачалі працу над стварэньнем Эўрапейскай хартыі правоў студэнтаў.

Тыдзень таму ў Сэрбіі скончылася тыднёвая канфэрэнцыя, праведзеная ESIB пры дапамозе нацыянальнага сэрбскага студэнцкага зьвязу - SUS. Сустрэча была прысьвечаная тэме правоў студэнтаў у Эўропе, а таксама гісторыі студэнцкага руху.

Сучасны студнцкі рух у Эўропе вельмі разнастайны, у тым ліку і па сваёй палітычнай накіраванасьці. Многія сябры ESIB маюць статус сутдэнцкіх парлямэнтаў і абіраюцца на партыйнай аснове. Таму стварэньне дакуманту, які б зьмяшчаў пералік правоў, якія б аднолькава задавальнялі студэнтаў з розных культурных і палітычных асяродкаў – задача няпростая, бо занадта шырокая гэтая тэма і зашмат поглядаў на яе існуе.

Студэнты з розных куткоў Эўропы на працягу некалькіх дзён у Сэрбіі абмяркоўвалі, што яны лічаць сваімі правамі, якія прыкладна былі падзелены на 5 групаў – акадэмічныя правы, сацыяльныя правы, правы на роўнасьць, правы прадстаўніцтва і ўдзелу ў прыняцьці рашэньняў, а таксама правы студэнтах у новых формах вышэйшай адукацыі (транснацыянальныя формы вышэйшай адукацыі, навучаньне праз інтэрнэт і г.д.).

У выніку, было вырашана, што Эўрапейская хартыя правоў студэнтаў будзе ўключаць найбольш агульныя фармулёўкі правоў студэнтаў, якія зьяўляюцца натуральнымі для любога чалавека, што атрымоўвае вышэйшую адукацыю.

Джасьцін Фенэк (Justin Fenech), старшыня ESIB, камэнтуе:

Падняцьцё да абмеркаваньня праблемы выкананья ў Эўропе правоў студэнтаў зьяўляецца адной з галоўных мэтаў ESIB. Мы на эўрапейскім узроўні агучваем думку студэнтаў наконт вышэйшай адукацыі і іх правоў. Праз гэтую Хартыю мы імкнемся распачаць больш сфакусаваны дыялёг зь іншымі акторамі ў сфэры вышэйшай адукацыі як на эўрапейскім, так і на нацыянальным узроўнях. Мы хочам, каб правы, якія будуць запісаныя ў гэтым дакуманце, аднолькава выконваліся і ў Беларусі, і ў Фінляндыі, і ў любой іншай Эўрапейскай краіне”.

Падчас чарговага зьезду эўрапейскай арганізацыі студэнтаў, што адбыўся адразу пасьля сэмінару, чарнавы варыянт хартыі быў зацьверджаны, як працоўны дакумант, які будзе абмяркоўвацца на нацыянальным узроўні студэнцкімі арганізацыямі, што ўваходзяць у ESIB, а таксама з эўрапейскімі арганізацыямі, што працуюць у сфэры вышэйшай адукацыі. Доўжыцца гэты працэс будзе да наступнага зьезду ESIB, што будзе праведзены ў Францыі ўвосень. Якраз перад чарговым Днём студэнта (17 лістапада) эўрапейскія студэнты плянуюць зацьвердзіць Эўрапейскую хартыю правоў студэнтаў. 

Mara 11:00, 25/05/2006 | Навіны |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0613 seconds.