Пэдунівэрсытэт працягвае неабгрунтаваныя выключэньні (абноўлена)
Сёньня ў БДПУ імя М.Танка выключаны чарговы студэнцкі актывіст Рыгор Шкурынаў - студэнт 1 курса гістарычнага факультэта. Яшчэ два студэнты атрымалі вымовы.
15 сакавіка з гэтай жа ВНУ былі адлічаныя Люда Асіпенка і Алесь Карцель.
Рыгор Шкурынаў выключаны з той жа фармулёўкай - "за парушэньне правілаў унутранага распарадку". Адміністрацыя БДПУ не дае тлумачэньняў, у чым менавіта заключаюцца парушэньні студэнтаў.
Сам Рыгор тлумачыць сваё адлічэньне сваёй актыўнай грамадзянскай пазыцыяй, якая стала нагодай для неаднаразовых размоваў у дэканаце з дэканам факультэта і з незнаёмымі людзьмі, што прадстаўляліся супрацоўнікамі ўнівэрсытэта.
“Улічваючы сытуацыю ў краіне, я рыхтаваўся да адлічэньня ад самага пачатку, таму пасьля ўсіх выклікаў у дэканат адлічэньне не было для мяне неспадзяванкай”.
Зараз Рыгор раіцца зь юрыстамі і зьбіраецца абскарджваць сваё выключэньне, як і адміністратыўную справу, складзеную на яго 14 сакавіка, калі ён быў затрыманы нібыта за расклейваньне налепак. Рыгор заяўляе, што расклейваньнем налепак не займаўся.
Студэнты настроеныя на барацьбу за сваё права атрымаць вышэйшую адукацыю.
Адзіны кандыдат Аляксандар Мілінкевіч адзначыў, што пасьля яго перамогі на прэзыдэнцкіх выбарах незаконныя рашэньні аб адлічэньні студэнтаў будуць скасаваныя. Таксама сп.Мілінкевіч вядзе перамовы з урадамі і рэктарамі эўрапейскіх ВНУ, каб беларускія студэнты, адлічаныя за ўдзел у бягучай прэзыдэнцкай кампаніі, мелі магчымасьць працягнуць навучаньне за межамі краіны. Ужо ёсць дамова аб падпісаньні адпаведнага пагадненьня з рэктарамі польскіх ВНУ.