Чаму беларускія студэнты замежных ВНУ прыйдуць галасаваць?
Ліст-зварот беларуса Яўгена Вайткевіча, студэнта Юрыдычнай Школа Ўнівэрсытэта Seton Hall (Нью-Джэрсі, ЗША).
Беларускія студэнты ва ўсім сьвеце ганарацца тым, што Яны – беларусы. Яны гатовыя аддаць свае галасы і свае каштоўныя прафэсійныя веды, атрыманыя за мяжой, на карысьць інтэграцыі Беларусі ў сусьветную дэмакратычную супольнасьць.
Таму што ім – ня ўсё адно.
Можна толькі спрачацца аб тым, колькі кепскага ці добрага зрабіў Лукашэнка для Беларусі. Але ўсе гэтыя спрэчкі разьбіваюцца аб просты аргумант: любая прэзыдэнцкая ўлада мусіць быць зьменнай. Гэта – прынцып любой дзяржавы, якая хоць у якойсьці ступені спрабуе назваць сябе прававой і дэмакратычнай. Аснова гэтага прынцыпа – прырода чалавека, якому, як вядома, уласьціва памыляцца.
Калі парушаецца гэты прынцып, то выканаўчая ўлада падмінае пад сябе ўладу заканадаўчую і судовую. Татальны кантроль над СМІ і адсутнасьць свабоды слова – банальныя тэрміны, але такія актуальныя для сучаснай Беларусі.
Няўжо ўзамен на тое, што ўзровень жыцьця ў Беларусі «стабільна лепей», чым узровень жыцьця ў горшых краінах СНД і Эўропы, мы гатовыя назаўсёды аддаць сваю будучыню ў рукі аднаго чалавека і яго бліжэйжага атачэньня? Няўжо гатовыя вярнуцца ў эпоху Сталіна і Брэжнева?
Менавіта мы, беларускія студэнты замежных ВНУ, а не «ідэолягі» зь дзяржаўнага тэлебачаньня, можам рэальна і канструктыўна расказаць аб тым, што добра і што кепска ў сучасных дэмакратычных дзяржавах, што варта пераняць Беларусі, а чаго ня варта ўсьляпую капіяваць.
Таму што нам – ня ўсё адно.
Менавіта таму беларускія грамадзяне наагул і студэнты, у прыватнасьці, якія знаходзяцца ў ЗША, Эўропе, Расеі прыдуць галасаваць у беларускія амбасады менавіта 19 сакавіка.
Прыйдуць, кааб падтрымаць дэмакратычны выбар сваіх суайчыньнікаў. Прыйдуць, бо панятак «радзіма» для іх ня пусты гук. Прыйдуць, хоць, магчыма, маглі б спакойна будаваць пляны па ўладкаваньні свайго жыцьця за мяжою і забыць аб апошнім дыктатарскім рэжыме Эўропе. Прыйдуць, каб даказаць, што мы – беларуская нацыя, а не «адмарозкі», як любіць называць нас сучасны рэжым.
Зьвязаныя спасылкі:
- Артыкул Яўгена Вайткевіча: Што лепш: беларускі юрфак ці амэрыканская юрыдычная школа?