На сустрэчы з кандыдатам у прэзыдэнты затрымалі студэнтаў

Сёньня пасьля масавых сустрэчаў Аляксандра Мілінкевіча з выбарцамі затрымана некалькі дзясяткаў чалавек, сярод іх – 5 сябраў украінскай арганізацыі “Студэнцкае брацтва” і некалькі беларускіх студэнтаў. 

На працягу дня адбылося тры сустрэчы адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў Аляксандра Мілінкевіча з выбарцамі, да якіх далучыліся тысячы менчукоў.

Сустрэчала ля Лядовага палацу цягнулася болей гадзіны – людзі задавалі пытаньні. Шмат іх было і ад студэнтаў: аб прымусовым разьмеркаваньні, аб небясьпецы выключэньняў з ВНУ з боку сучаснай улады і іншыя. Выступ Мілінкевіча суправаджаўся аплядысмэнтамі, воклічамі “Мілінкевіч!”, “Свабода!”, “Мы пераможам!”, “Жыве Беларусь!”.

Падтрымаць беларусаў прыехалі і ўкраінскія студэнты – сябры грамадзкага аб’яднаньня “Студэнцкае брацтва”. Побач зь беларускім бела-чырвона-белым сьцягам яны ўзьнялі два ўкраінскія нацыянальныя сьцягі. Напрыканцы сустрэчы многія мянчукі абступілі ўкраінцаў, каб выказаць словы ўдзячнасьці за падтрымку і даведацца, якая ж рэальная сытуацыя зараз ва Ўкраіне, як адбывалася змаганьне за свабоду на майдане, ці праўда тое, што кажуць па беларускіх тэлеканалах пра Ўкраіну.

Але пасьля сустрэчы, калі людзі ўжо разыходзіліся, былі затрыманыя па розных дадзеных ад 20 да 30 чалавек, сярод іх некалькі беларускіх студэнтаў, а таксама 5 украінскіх.

Старшыня “Студэнцкага брацтва” Олэг Яцэнко пракамэнтаваў studenty.by затрыманьні.

О.Я: Мы прыехалі падтрымаць беларусаў у іх змаганьні за свабоду. Але напрыканцы сёньняшняй сустрэчы кадэбісты павалілі нашых сяброў і зацягнулі іх у аўтобус. Мы зьбіраліся сёньня вяртацца ў Кіеў – ва ўсіх ужо былі набытыя квіткі. 

Затрыманыя ўкраінскія студэнты: Ігар Галубіцкі (г. Камянец-Падольскі), Цімур Літвін (г. Днепрапятроўск), Натальля Касарчук (г. Роўна), Арцём Бажынскі (г. Адэса), Мікола Карпінскі (г. Роўна).

Беларускія студэнты: Ільля Петравец, Алег Ларычаў. Імёны астатніх удакладняюцца.

Затрыманьні праводзілі людзі ў штацкім. 

Як удакладніў Олэг Яцэнко, консул амбасады Ўкраіны ў Менску Васіль Сэрдэга сочыць за сытуацыяй з затрыманымі ўкраінскімі студэнтамі. Ён паведаміў, што затрыманых адвезьлі ў аддзяленьне міліцыі Фрунзэнскага раёну. Адтуль іх накіравалі ў спэцпрыёмнік-разьмеркавальнік на Акрэсьціна. Але там гэтую інфармацыюя яму не пацьвярджаюць. Дзе на дадзены момант знаходзяцца ўкраінскія студэнты – невядома.

Аляксандар Мілінкевіч у часе сустрэчы адзначыў, што ініцыятары незаконных затрыманьняў у хуткім часе абавязкова адкажуць за свае дзеяньні строга па закону.

tarka 23:00, 13/03/2006
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0633 seconds.