Оксвард будзе заключаць са студэнтамі кантракт аб абавязковым наведваньні лекцыяў

Оксвард можа стаць першым унівэрсытэтам у Вялікай Брытаніі, які абароніць сябе ад магчымых судовых іскаў з боку студэнтаў. Адміністрацыя ўнівэрсытэта плянуе пачаць заключаць са студэнтамі кантракты, у якіх будзе закладзеная ўмова, што яны павінны наведваць лекцыі.  

Калі ж студэнты будуць прапускаць заняткі, гэта можа трактавацца як парушэньне кантракта зь іх боку.

Гэтае новаўвядзеньне Оксвардзкага ўнівэрсытэта напэўна будуць пераймаць і іншыя навучальныя ўстановы, занепакоеныя тым, што падвышэньне платы за адукацыю да 3 тысячаў фунтаў пачынаючы зь верасьня гэтага года пацягне за сабою хвалю студэнцкіх іскаў, піша брытанская The Times.

Унівэрсытэты баяцца, што падвышаная плата станецца прычынай масавых патрабаваньняў даць студэнтам больш якасныя веды за выплачаныя грошы. Таксама ўнівэрсытэты прагназуюць, што ў сёньняшніх умовах павышэньня канкурэнцыі ў сфэры вышэйшай адукацыі студэнты могуць падаваць іскі супраць вышэйшых навучальных установаў, абвінавачваючы іх у сваіх дрэнных выніках свайго навучаньня.

У 2002 годзе унівэрсытэт University of Wolverhampton выплаціў 30 тысячаў фунтаў за пазасудовае разьбіральніцтва з студэнтам, які абвінаваціў ВНУ у парушэньні кантракта. Студэнт паскардзіўся на тое, што лекцыйныя аўдыторыі былі перапоўненыя, а заданьні, якія выдавалі выкладчыкі, утрымлівалі граматычныя памылкі.

Прапаноўваемы кантракт, тэкст якога быў узгоднены на Оксвардзкай канфэрэнцыі каледжаў, лічыцца першым падобным прыкладам у сфэры вышэйшай адукацыі Англіі. Аўтары тэксту кантракта сьцьвярджаюць, што цяпер каледжам і унівэрсытэтам будзе лепей абараняць сябе ад скаргаў.
Згодна кантракту, студэнтам, якіх залічваюць у Оксвард увосень гэтага года, прыйдзецца падпісаць дакумэнт з абавязальніцтвам "у працэсе навучаньня выконваць патрабаваньні выкладчыкаў, лектараў, іншых спэцыялістаў, якім навучальная ўстанова даверыла навучаць вас". Гэтае патрабаваньне распаўсюджваецца на "практычныя заняткі, выконваньне пісьмовых працаў, наведваньня кансультацыяў, сэмінараў і лекцыяў і здачу іспытаў".

Кантракт накладвае на вышэйшую навучальную ўстанову толькі абавязкі "стварыць такія ўмовы навучаньня для студэнтаў, якія, на думку ВНУ, неабходныя для іх курса навучаньня". Гэта зможа ўключаць у сябе кансультацыі, лекцыі і сэмінары.

Прадстаўнікі адміністрацыі кажуць, што фіксаваньне абавязкаў абодвух бакоў у выглядзе кантракта зьяўляецца неабходным для таго, каб вывесьці ўнівэрсытэт зь веку "джэнтэльмэнцкіх дамоўленасьцяў" і прывесьці адносіны ВНУ і студэнта ў адпаведнасьць з часовай практыкай дзелавых адносінаў. Прэзыдэнт Trinity College Майкл Белофф, які ўдзельнічаў у распрацоўцы тэксту кантракта, сказаў:

"Мы прыйшлі да высновы, што мы спазьняліся за сучаснасьцю. 50 год таму думка пра такі кантракт не прыйшла б у галаву. Аднак сёньня мы жывем у іншым грамадзтве".

Між тым унівэрсытэты ўсё больш часьцей задумваюцца пра кантракты. Некаторыя лічаць, што яны даюць магчымасьць "зьмяніць балянс" адносінаў і абараніць права ўнівэрсытэта на падтрыманьне высокіх акадэмічных стандартаў. Прадстаўнікі ўнівэрсытэтаў лічаць: няхай студэнт не думае, што, заплаціўшы грошы, ён аўтаматычна гарантуе сабе атрыманьне дыплёма, незалежна ад прыкладваемых высілкаў.

Baj 23:30, 02/02/2006
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0684 seconds.