У Джакарце адбыліся студэнцкія дэманстрацыі супраць часопіса Playboy

У Джакарце адбыліся дэманстрацыі супраць часопіса Playboy, піша газэта Guardian. Група мусульманскіх студэнтаў-актывістаў арганізавала марш пратэсту супраць зьяўленьня лякальнага выданьня часопіса ў краіне. Playboy пацьвердзіў свой намер распачаць выпуск часопіса для Інданэзіі. 

Больш як 200 студэнтаў удзельнічалі ў "антыпарнаграфічным" маршы ў Джакарце. У той самы час віцэ-прэзыдэнт Інданэзіі, Юсуф Калла, абвесьціў, што ўрад схіляецца да таго, каб забараніць публікацыю Playboy у краіне.

Прадстаўнікі часопіса сьцьвярджаюць, што першае выданьне Playboy у мусульманскай краіне ўсё роўна зьявіцца менавіта ў Інданэзіі, як толькі будзе распрацаваны варыянт, які ўлічвае "асаблівасьці рынка".

Па пляну заснавальнікаў, інданэзійскі часопіс не будзе ўтрымліваць фатаграфіяў аголеных жанчынаў, а таксама любой "сэксуальна арыентаванай графікі". Замест гэтага часопіс "сфакусуецца на іншых рэчах, з дапамогай якіх Playboy здабыў сусьветную славу: на рэдакцыйных артыкулах высокай якасьці, эксклюзіўных інтэрвію й нарысах, напісаных мясцовымі вядомымі пісьменьнікамі й журналістамі".

Калі Playboy зможа перамагчы мусульманскае лобі, Інданэзія станецца 21-ай краінай, дзе ён выдаецца. 

Baj 12:00, 03/02/2006
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0674 seconds.