Магілёўскія студэнты далучаюцца да стварэньня "ДЭКЛЯРАЦЫІ ПРАВОЎ СТУДЭНТАЎ"

29-30 лістапада 2003 г. у Магілёве Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў (ЗБС) арганізуе чарговы студэнцкі форум з кампаніі “Адкрыты Студэнцкі Форум. Думкі Ўслых”, прысьвечанай абароне правоў студэнтаў.
Падобныя форумы ўжо былі праведзеныя ў іншых абласьцях Беларусі на працягу мінулага сэмэстру. Мэтай кампаніі ёсьць інфармаваньне студэнтаў аб іх правох і магчымасьцях іх абароны.
На форуме, што аб'яднае 25 студэнтаў, удзельнікі здолеюць абмеркаваць найбольш вострыя студэнцкія праблемы. Праца у групе “Мэханізмы абароны правоў студэнтаў” дапаможа шараговым студэнтаў знайсьці рэальныя і эфэктыўныя шляхі абароны сваіх правоў.
 

­

Адна з найбольш яскравых частак форуму – выпрацоўка зьместу будучае "Дэклярацыі правоў студэнтаў". Дэклярацыя будзе створаная непасрэдна студэнтамі, і ейны зьмест будзе паступова накоплівацца на працягу ўсіх наступных форумаў, якія будуць праводзіцца ня толькі ў іншых гарадах краіны, але і ў іншым выглядзе, да прыкладу, у віртуальным. Пры дапамозе дадзенага сайту, які распрацоўваўся пры дапамозе ЗБС, студэнцкая грамадзкасьць здолее азнаёміцца з нарматыўнымі актамі аб адукацыі, у разьдзеле “скарбонка”.

Вынікам кампаніі будзе створаная Дэклярацыя, што будзе зацьверджаная на заключнай канфэрэнцыі па правох студэнтаў, што мае адбыцца ў сакавіку наступнага году.

Падводзячы вынікі папярэдніх форумаў, можна зазначыць, што найбольш актуальнымі праблемамі для студэнтаў на дадзеным этапе зьяўляюцца ўціск з боку адміністрацыяў, перадузятае стаўленьне выкладчыкаў і прымусовае разьмеркаваньне пасьля сканчэньня навучаньня.

На думку Старшыні Рады ЗБС Вольгі Кузьміч,

“у студэнтаў заўжды ёсьць дух пратэсту, хоць вельмі часта ён схаваны. На форумах зьбіраюцца выключна студэнты, што дазваляе нам накіроўваць сваю ўвагу на канкрэтныя студэнцкія праблемы, якія хвалююць удзельнікаў форумаў. Калі студэнт вучыцца па падручнікам 52-га года, гэта НЕНАРМАЛЬНА. Калі старасту групы прызначае дэкан, гэта НЕНАРМАЛЬНА, ехаць працаваць у чарнобыльскую зону пасьля атрыманьня дыплёму, і гэта НЕНАРМАЛЬНА. Запісвацца ў БРСМ, таму што загадалі, НЕНАРМАЛЬНА. Вывучаць прадмэт, што навязвае нам палітычную думку аднаго чалавека ў краіне, таксама НЕНАРМАЛЬНА. Чаму правілы дыктуе ўнівэрсытэт, а студэнты ня маюць магчымасьці паўдзельнічаць у арганізацыі навучаньня?Разуменьне нелягічнасьці існаваньня гэтых зьяваў і штурхае нас да пошукаў новых мэханізмаў абароны сваіх правоў.”

Правы студэнтаў у Беларусі парушаюцца даволі часта. Так часта, што студэнты ўжо зь цяжкасьцю разумеюць, якія яны правы маюць. Элемэнтарныя просьбы студэнтаў паглядзець статут уласнае навучальнае ўстановы нярэдка скончваюцца пагрозамі з боку адміністрацыі. Такі стан рэчаў павінны быць зьменены, і Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў будзе працягваць рабіць для гэтага ўсё магчымае.

Уні Вера 00:00, 26/11/2003
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.5497 seconds.