Беларускіх студэнтаў не пускаюць за мяжу
Для паездкі студэнта за мяжу на стаж ці навучаньне нават на кароткі тэрмін з канца лістапада мінулага году неабходны дазвол зь Мінадукацыі. Такія правілы ўвеў А. Лукашэнка сваім дэкрэтам № 15 ад 22.10.2005. Аднак, як піша газэта Наша Ніва, гэтых дакумэнтаў практычна не выдаюць. Так, у БДУ зрываюцца заплянаваныя на сакавік стажы ў Чэхіі студэнтаў-філёлягаў. Забарона накладзеная нават на выезды ва ўсходнім напрамку: не атрымаў дазволу стаж студэнтаў-фізыкаў у Дубне (Расея).
Адна з студэнтак БДЭУ напісала ў сваім блогу пра тое, як атрымаўшы запрашэньне на міжнародную навуковую канфэрэнцыю, зьвярнулася да прарэктэра ўнівэрсытэта. У адказ ён спаслаўся на Тацяну Хому, маўляў нібыта з-за яе выпадку цяпер студэнту ці асьпіранту неабходна зьвяртацца па дазвол у Міністэрства адукацыі, які разглядаецца да 35 дзён.
Тацяна Хома была выключаная 25 лістапада 2005 году, а дэкрэт, які абмежаваў паездкі беларускіх студэнтаў за мяжу, А. Лукашэнка падпісаў на месяц раней - 22 кастрычніка.