Беларускія студэнты ізноў адкрываюць Амэрыку
У нас працу ў ЗША зараз прапануюць толькі дзьве фірмы, у выніку спрытныя студэнты спрабуюць зьехаць праз Расею.
Наведваньне ЗША па студэнцкім праграмам яшчэ зусім нядаўна было пад вялікім пытаньнем. Дэкрэт прэзыдэнта №3 "Аб некаторых мерах па супрацьдзеяньню гандлю людзьмі" забараніў беларускім фірмам па працаўладкаваньню за мяжой заключаць дамовы з пасярэднікамі, як гэта было раней, што пазбавіла іх магчымасьці працы.
І калі да выхада знакамітага дэкрэта ў Беларусі было блізу дзясятка фірмаў, якія займаліся арганізацыяй выездаў у Амэрыку па студэнцкім праграмам і ў прыватнасьці па самай папулярнай з іх Work and Travel (праца й вандраваньне), то сёньня толькі дзьве. Гэта "Цэнтр моладзевых вандровак" і "Стартрэвэл". (Яшчэ дзьве фірмы, у якіх у ліку краінаў працаўладкаваньня ўказаныя ЗША, працуюць з круізнымі кампаніямі й да студэнцкіх праграмаў ніякага дачыненьня ня маюць.) Аднак часу, каб падаць дакумэнты, засталося зусім няшмат - у "Стартрэвэл" іх прымаюць толькі да сярэдзіны студзеня, а ў "Цэнтры моладзевых вандровак" - да канца сьнежня.
Праўда, зараз можна чакаць, што арганізацыяў, якія атрымаюць ліцэнзію, будзе болей. Новы дэкрэт прэзыдэнта №15 "Аб унясеньні зьменаў і дадаткаў у некаторыя дэкрэты Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь па пытаньнях супрацьдзеяньня гандлю людзьмі" ад 22 лістапада 2005 года прыбраў галоўную перашкоду для атрыманьня ліцэнзіі - скасаваў забарону на пасярэднікаў. Зараз пры ўмове станоўчага заключэньня Міністэрства адукацыі па канкрэтнай студэнцкай праграме фірмы змогуць атрымаць дазволы.
Дарэчы, пакуль беларускія фірмы праходзілі перарэгістрацыю, сытуацыяй скарысталіся расейскія. Яны прапануюць свае паслугі і падрабязна тлумачаць працэдуру падачы дакумэнтаў, прапануючы аплату транспартных выдаткаў у Расею.
Кошты праграмаў у Беларусі складаюць да 1700 даляраў, што вышэй за кошты у Расеі, аднак гэта не асноўная прычына папулярнасьці расейскіх фірмаў. Галоўнае - яны не абавязаныя перадаваць сьпісы ў беларускае МУС і ВНУ, хто і калі прыехаў-зьехаў у ЗША.
У дэпартамэнце па міграцыі МУС Беларусі апраўдваюцца: "У беларускіх фірмаў мы будзем правяраць сьпісы студэнтаў, якія вярнуліся. І калі чалавек трапляе ў непрыемную сытуацыю, зробім усё, каб дапамагчы яму."
Комсомольская правда в Белоруссии
Пераклад Сяржука Семянюка.