З наступнага года украінскія абітурыенты змогуць паступаць у ВНУ без іспытаў
З наступнага года абітурыенты Украіны змогуць паступаць у ВНУ без іспытаў. Рашэньне пра гэта ў сераду было прынята Кабінетам Міністраў Украіны. У Міністэрстве адукацыі і навукі ўпэўнены, што менавіта зараз час замяніць іспыты на сыстэму зьнешняга тэставаньня, паколькі яна больш аб'ектыўная і меньш карумпаваная.
Сыстэму незалежнага тэставаньня ўпершыню паспрабуюць увесьці ў Чарнігаўскай вобласьці - усе мясцовыя школьнікі напішуць тэсты паведамляе інтэрнэт-выданьне osvita.org.ua. Іх будзе правяраць незалежны цэнтар.
Школьнікі Чарнігаўшчыны першымі змогуць разаслаць вынікі тэстаў у ВНУ. Па словах міністра адукацыі цэнтры адукацыі будуць створаныя ў дзевяці рэгіёнах. Ён упэўнены: такія цэнтры пакажуць: хто мае веды насамрэч.
Вынікі чарнігаўскага экспэрымэнта не паўплываюць на агульны вынік - у 2007 годзе традыцыйныя іспыты будуць скасаваныя цалкам.
Міністар адукацыі і навукі сьцьвярджае, што не будзе ўступных іспытаў - зьнікне й карупцыя. Вынікі кожнага тэста будуць закадаваныя і захаваныя ў электроннай базе. У выніку, маніпуляцыі будуць немагчымымі. Такой самай думкі прытрымліваюцца й выкладчыкі вышэйшых навучальных установаў.