Студэнты БДУ бачаць іншыя прычыны звальненьня рэктара Казуліна

Новы рэктар БДУ Васіль Стражаў абяцае ў прэсе шмат карысных для студэнтаў кірункаў дзейнасьці ў БДУ. У той час па ўнівэрсытэце сярод студэнтаў ходзяць чуткі, што студэнты зьбіраюцца баставаць супраць такой зьмены рэктароў. Як ставяцца студэнты БДУ да зьмены рэктара? Якія прычыны прывялі да звальненьня Казуліна, на іх думку? Што зьменіцца ва ўнівэрсытэце з прычыны зьмены рэктара. З такімі пытаньнямі да студэнтаў БДУ зьвяртаўся наш карэспандэнт Кастусь Прагулевіч. Алег, філ.ф-т: Пакуль мяне гэтыя зьмены не кранулі. Прычыны звальненьня Казуліна зфабрыкаваныя. Ён проста ня ўгадзіў каму трэба. Баюся, пры новым рэктары будзе больш строгі нагляд за наведвальнасьцю заняткаў і здачай запазычанасьцяў.

Юрась, ФПМІ: Карэнных зьменаў ва ўнівэрсытэце я пакуль не адчуў, таму не магу адназначна адказаць, ці я абураны, ці я задаволены. Усё па-ранейшаму. Я думаю, у Казуліна з Лукашэнкам былі нейкія свае рахункі. Вось апошні і скарыстаўся магчымасьцю, каб пазбавіцца ад непаслухмянага падначаленага.
Новы рэктар у прэсе агучыў свае падыходы да дзейнасьці БДУ і яны мяне схіляюць да больш аптымістычных думак. Стражаў кажа пра разьвіцьцё беларускай мовы ва ўнівэрсытэце, пра далучэньне да эўрапэйскіх адукацыйных працэсаў. Мне падаецца, што зьмены ва ўнівэрсытэце будуць у лепшы бок.


Юля, мэх-мат.ф-т: Ніякіх яскравых пачуцьцяў у мяне зьмена рэктара не выклікае. Упэўненая, што ў БДУ нічога ня зьменіцца з гэтае прычыны. А Казуліна, відавочна, падставілі. І магчыма нават наш прэзыдэнт.

Віталь, фізычны ф-т Увогуле я супраць такога мэханізму зьмены рэктара ў БДУ. Які б ня быў новы рэктар, студэнты мусяць уплываць на ягоны выбар. Прычына ўціску на Казуліна відавочная – ён не выгодны зараз для нашых уладаў. А прыгоды з пракуратурай – гэта толькі нагода. Прынамсі ў бліжэйшы час, думаю, нічога істотнага ў БДУ ня зьменіцца.

Воля, мэх-мат.ф-т: Адназначна я не падтрымліваю дзеяньняў уладаў. Казулін ня быў ідэальным рэктарам, але ў сучасных умовах сярод іншых рэктароў беларускіх ВНУ ён быў ці ня лепшы. Атмасфэра ў БДУ заўжды была больш вольная і дэмакратычная, чым у іншых ВНУ. Сапраўднай прычынай лічу тое, што прэзыдэнт спужаўся, што БДУ робіцца менш падкантрольным яму ў той час, як па ўсіх ВНУ Беларусі ідзе прымусовая мабілізацыя студэнтаў у БРСМ і ўплыў на думкі студэнтаў праз увядзеньне ідэалягізацыі ў ВНУ. Таксама гэта помста нам, студэнтам і Казуліну, што мы не падтрымлівалі дзеяньні ўладаў падчас апошніх прэзыдэнцкіх і мясцовых выбараў. Зьмена рэктара ў БДУ – гэта чарговы крок па зьнішчэньню ўсялякага вольнадумства ў студэнцкім асяродку. І да лепшага гэтыя падзеі ніяк не прывядуць.
tarka 00:00, 21/11/2003
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.2851 seconds.