Камэнтар юрыста: “Загад аб адлічэньні Тані Хома можна лічыць не адпаведным Канстытуцыі”
У пачатку наступнага тыдня Тацяна Хома мае намер падаць скаргу на загад рэктара ў Міністэрства адукацыі. Юрыст праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч пракамэнтаваў studenty.by загад аб адлічэньні Тані Хома з унівэрсытэта.
“Выключэньне студэнта з ВНУ можа адбыцца толькі пры ўмове сыстэматычнасьці парушэньняў правілаў унутранага распарадку. Тацьцяна за тры з паловай гады навучаньня ня мела ніводнай вымовы ці папярэджаньня. Таму аднаразовае парушэньне студэнткай правілаў унутранага распарадку ня можа быць прычынай адлічэньня. Больш таго, выпадак Тацяны Хома не падпадае пад дзеяньне дэкрэта прэзыдэнта і выцякаючых загадаў міністэрства адукацыі аб атрыманьні дазволу на выезд за мяжу, бо яе вандроўка ў Францыю не зьяўлялася навучаньнем ці працаю. У нас яшчэ дзейсны артыкул Канстытуцыі аб свабодзе перамяшчацца ў межах Рэспублiкi Беларусь, пакiдаць яе i бесперашкодна вяртацца назад. З гэтае прычыны загад аб адлічэньні Тані Хома можна лічыць не адпаведным Канстытуцыі,” – заявіў Валянцін Стэфановіч.
“Для мяне вельмі шмат высілкаў каштавала паступіць на бюджэтнае навучаньне менавіта на факультэт міжнародных эканамічных стасункаў. Усе тры з паловай гады я імкнулася вельмі добра вучыцца, каб стаць добрым спэцыялістам, якім бы ўнівэрсытэт толькі ганарыўся. Таму мне крыўдна, што мае дасягненьні былі кваліфікаваныя як абраза ўнівэрсытэту і мяне выключылі ў адзін дзень. Я буду змагацца за сваё права атрымаць дыплём у БДЭУ і гатовая дзеля гэтага зьвярнуцца ў суд. Я адчуваю вялікую падтрымку ад студэнтаў, супрацоўнікаў унівэрсытэта і выкладчыкаў, эўрапейскіх адукацыйных установаў і вельмі ўдзячная за салідарнасьць,” – гаворыць Тацяна Хома.
Нагадаем, што два тыдні таму Тацяна Хома ў французскім горадзе Рэймс была абраная ў кіраўніцтва буйнейшай эўрапейскай студэнцкай арганізацыі “ESIB – Нацыянальныя студэнцкія аб’яднаньні Эўропы”. Тацяна сталася першай асобай з Усходняй Эўропы, якая заняла такую пасаду. Але 24 лістапада рэктар Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэта У.М Шымаў падпісаў загад аб адлічэньні адной зь лепшых студэнтак факультэта. Прычына адлічэньня згодна загаду рэктара: “факт самавольнага і беспадстаўнага выезду студэнткі Тацяны Хома ў Францыю і знаходжаньня яе ў гэтай краіне ад 11 да 14 лістапада 2005 году ў пэрыяд вучэбных заняткаў”.
Аднак некаторыя супрацоўнікі ўнівэрсытэта ў прыватных размовах кажуць, што патрабаваньне выключыць Тацяну паступіла зь Міністэрства адукацыі па прычыне абраньня Тацяны ў Праўленьне ESIB.