Рэктар БДУ Стражаў: "Быць удзельнікам такой справы, як стварэньне Нацыянальнай бібліятэкі, - гэта ганарова"

У дзень Студэнта на партале tut.by адбылася on-line канфэрэнцыя з рэктарам Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта Васілём Стражавым. На жаль, на большасьць пытаньняў адказы былі няпоўныя. Але ж прапануем вам падборку найбольш цікавых пытаньняў і адказаў. Сярод іх ёсьць і актульнае пытаньне ад studenty.by пра працу студэнтаў на будоўлі Нацыянальнай бібліятэкі.   

Вось як адказаў рэктар на наша пытаньне. Прыводзім пытаньне і адказ у арыгінале.

Скажыце, калі ласка ці зьяўляецца законным прымусовае здыманьне студэнтаў з заняткаў на будаўніцтва нацыянальнай бібліятэкі?
Якімі нарматыўнымі актамі гэта прадугледжана?

Ці ня лічыце вы, што студэнты павінныя больш вучыцца, а не працаваць на прымусовай працы?
Я кажу пра гэта: 

На будоўлі Нацыянальнай бібліятэкі працуюць студэнты-праграмісты (http://studenty.by/news719.htm )
На тую ж тэму: 

http://studenty.by/forum-viewtopic-p-7788.htm,
http://www.livejournal.com/community/_minsk_/9941.html?#cutid1

Дзякуй за ваш адказ, Юра Сідун

Стражаў: “Шчыра кажучы, гэтае пытанне мяне вельмі здзівіла, таму што, на мой погляд, магчымасць быць удзельнікам такой справы, як стварэнне Нацыянальнай бібліятэкі, - гэта ганарова. Гэта тое, што потым будзе передавацца дзецям і ўнукам.

Усе пытаньні можна падзяліць на дзьве ўмоўныя часткі: адукацыя і палітыка.

 

АДУКАЦЫЯ і НАВУЧАНЬНЕ

На канкрэтнае пытаньне, “чаму дыплём БДУ не прызнаецца ў Эўропе”, Стражаў падкрэсьліў: “Калі вас бяруць на працу, то ваш дыплём тым самым прызнаецца”.

Таксама на адзнаку аб малой колькасьці беларускамоўных групаў у БДУ рэктар заявіў, што на гістфаку ёсьць дзьве беларускамоўныя плыні, і ў будучым выкладаньне па-беларуску будзе пашырацца.

Значная частка пытаньняў утрымлівала дакор на нізкую якасьць выкладаньня ў БДУ, шмат пыталіся аб міжнародных праграмах унівэрсытэта. Так, адзін з наведвальнікаў tut.by запытаўся, ці мэтаскіравана БДУ не выдае даведак сваім студэнтам для навучаньня за мяжой ці для прафэсійных студэнцкіх абменаў. На гэта Стражаў адказаў, што ня ведае, пра якія даведкі ідзе гаворка.

У сваіх пытаньняў студэнты скардзяцца на адсутнасьць нармалёвых бібліятэкаў з выхадам у інтэрнэт. На гэта рэктар паабяцаў, што хутка адчыніцца тры новыя мэдыятэкі.

Балючая праблема для студэнтаў, якія жывуць у філіяле БДУ амаль за горадам, агучаная ў наступным пытаньні:

Зьехаць на навучаньне ў цэнтар усё так жа ж праблематычна. Асабліва ў гадзіны пік. Напрыклад, апошні аўтобус у нядзелю з Кірава адыходзіць у 22:00, а многія прыязджаюць з дому пазьней гэтага часу. Як быць у такой сытуацыі?

Стражаў адказаў: “Аднак ў параўнаньні з жыхарамі спальных раёнаў, студэнты БДУ знаходзяцца ў больш выгодным становішчы”.

Дакор да рэктара ўтрымліваецца і ў пытаньні аб паступленьні ў асьпірантуру:

Як вы можаце пракамэнтаваць сытуацыю, калі жадаючым паступаць у асьпірантуру на катэдрах не даюць рэкамэндацыі і проста пазбаўляюць магчымасьці здаваць іспыты і ўдзельнічаць у конкурсе, калі ў асьпірантуру паступае дачка, унук і г.д. патрэбных людзей ці кіраўніцтва катэдры з большай колькасьцю працаў па тэматыцы таты ці мамы (пытаньне кім напісаных). Ці не патрэбна больш уважліва прыглядацца да сваякоў супрацоўнікаў факультэтаў, якія навучаюцца на сходнай спэцыяльнасьці.
Прыклад: 2005, БДУ, Біафак, катэдра ФБР
"

Стражаў: “Паступленьне ў асьпірантуру – гэта паступленьне на навуковую працу да канкрэтнага навуковага кіраўніка. Калі вы праявілі сябе і ў вас ёсьць патрэбныя веды – вы трапіце ў асьпірантуру”.

 

ПАЛІТЫКА 

Вялікая частка пытаньняў мела палітычны характар. Так, на пытаньне аб тым, ці “ў наступным годзе зноўку пагоняць студэнтаў пад пагрозай адлічэньня (высяленьня зь інтэрнату) на датэрміновае галасаваньне”, Стражаў заявіў: “Мы ў мінулым годзе пабуджалі да галасаваньня, але не прымушалі. Пабуджаць будзем і на наступных выбарах – гэта грамадзянскі абавязак”.

 

Куды можна падаць скаргу на ціск з боку дэканата наконт датэрміновага галасаваньня і прымусовага патрабаваньня ўдзелу ў ім?
Калі ўнівэрсытэт па-за палітыкай (а я за гэта), то чаму так яра ідзе навязваньне БРСМ і прапаганда дзярж. палітыкі???

Стражаў:Калі мы кажам аб тым, што ўнівэрсытэт па-за палікай, справа ідзе аб дзейнасьці палітычных партыяў унутры ўнівэрсытэта. БДУ зьяўляецца дзяржаўнай установай, і таму натуральна, што ён мусіць праводзіць дзяржаўную палітыку як у вобласьці адукацыі, так і ў вобласьці выхаваньня.

"Што вы можаце сказаць наконт выказваньняў міністра адукацыі і ці згодныя вы з гэтымі выказваньнямі: “Рэктар – фігура палітычная”, што сярод кіраўніцтва ВНУ ня мусіць быць апазыцыйных дзеячоў і “выкладчыкі павінны стаяць на дзяржаўных пазыцыях”. Калі вы зь ім згодныя, а я ўпэўнены, што згодныя, інакш вы б не займалі гэтую пасаду, ці азначае гэта, што ўсе выкладчыкі, якія не падзяляюць лінію партыі рана ці позна пакінуць сьцены інстытута, нягледзячы на заслугі?"

Стражаў: “Я лічу, што рэктар дзяржаўнага ВНУ на сваёй пасадзе праводзіць дзяржаўную палітыку і абараняе інтарэсы дзяржавы. Гэта ж адносіцца і да выкладчыкаў дзяржаўнай ВНУ.“

"Хіба ў нас Канстытуцыя прадугледжвае “партыю ўлады”? Таксама ж не памятаецца і Ўказаў “аб аб’яўленьні” аднапартыйнасьці. Тады на якой падставе ў студэнцкім асяродку праводзіцца “ціск”, калі не сказаць шанташ, для забесьпячэньня “усеагульнага членства” у незразумелай БРСМ???"

Як вы плянуеце забясьпечыць роўныя канстытуцыйныя правы моладзі на “самапазнаньне (самавызначэньне) і свабоду выбару”?"

Старжаў: “БРСМ зьяўляецца грамадзкай арганізацыяй. У БДУ, апроч БРСМ, ёсьць таксама студэнцкі прафсаюз і іншыя грамадзкія арганізацыі.”  

Паважаны Васіль Іванавіч! Хацелася б даведацца ў Вас, чаму ў БДУ студэнты і выкладчыкі, якія маюць свае палітычныя погляды і свой пункт гледжаньня сытуацыі ў краіне, адрозныя ад “дзяржаўных”, падвяргаюцца разнастайным “рэпрэсіям” ажно да выключэньня з БДУ, і як можна з гэтым змагацца."

Старжаў: “Мне такія прыклады невядомыя.

Цікава, але апошняе пытаньне, на якое пасьпеў адказаць спадар Стражаў, было наступнае:

"Як вылічыце, калі зьменіцца рэжым (рана ці позна гэта адбудзецца) ці будзе Вам сорамна перад сваімі дзецьмі, студэнтамі, проста грамадзянамі за тое, што Вы рабілі ў часы рэжыма Лукашэнкі?"

"Беларусь – лідэр у эканамічным і адукацыйным разьвіцьці сярод былых савецкіх рэспублік. А БДУ – вядучая вну краіны. Такія вынікі наўпрост зьвязаныя з працаю главы дзяржавы. У 2003 годзе ўказам прэзыдэнта я быў прызначаны рэктарам БДУ. Я ўдзячны за аказаны мне давер. І я імкнуся да таго, каб БДУ быў у шэрагу лепшых эўрапейскіх ВНУ," - сказаў рэктар БДУ, колішні міністар адукацыі.

tarka 17:20, 21/11/2005 | Цікавосткі |
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0555 seconds.