Студэнты запусьцілі свой спадарожнік, які распрацавалі з дапамогай інтэрнэт-камунікацый
Студэнты з больш як 20 унівэрсытэтаў Эўропы прапанавалі і пабудавалі спадарожнік, які быў 27 кастрычніка пасьпяхова выведзены ў космас. Спадарожнік Sseti Express стартаваў з касмадрому Плісецк ў паўночнай Расеі.
Спадарожнік вагой 52 кіляграмы і памерам з пральную машыну быў пасьпяхова запушчаны на арбіту вакол Зямлі, якую павінен абысьці ад полюсу да полюса на вышыні прыкладна 690 кілямэтраў.
Спадарожнік нясе камэру, якая павінна ў космасе фатаграфаваць Зямлю, і экспэрымэнтальнае абсталяваньне, якое павінна працаваць як рэтранслятар для аматарскіх радыйных сыгналаў.
Галоўнай мэтай місіі, як кажуць прадстаўнікі праекту, зьяўляецца не дэталёвае здыманьне працэсаў у космасе, а пашырэньне цікаўнасьці эўрапейскіх студэнтаў да вывучэньня космасу.
“Гэта першы спадарожнік пабудаваны ў Эўропе, калі каманды разам камунікавалі паміж сабой з дапамогай інтэрнэту”,- сказаў газэце Agora адзін з духоўных натхняльнікаў Graham Shirville.
Над канструкцыяй спадарожніку працавала каля сотні студэнтаў зь дзясятакаў унівэрсытэтаў у 9 краінах Эўропы каля года з паловай. Гэта першая місія ў рамках праекту SSETI (Student Space Exploration and Technology initiative), які фінансуецца Эўрапейскай касьмічнай агенцыяй.
Студэнты спадзяюцца, што далей пабудуюць яшчэ некалькі мінісатэлітаў. Згодна з BBC магчыма іх запусцяць і да больш комплексных праектаў, напрыклад да пабудовы месяцавага модулю.