Адбылася сустрэча наведвальнікаў studenty.by з Аляксандрам Мілінкевічам
17 лістапада, у Дзень Студэнта, адзіны прэтэндэнт дэмакратычных сілаў на пасаду прэзыдэнта Беларусі Аляксандар Мілінкевіч сустрэўся з актыўнымі наведвальнікамі studenty.by. Сустрэча прайшла даўжэй, чым плянавалася, бо было вельмі шмат пытаньняў. Сп. Аляксандар цікавіўся таксама бачаньнем агучаных студэнцкіх праблемаў самімі аўтарамі пытаньняў.
Аляксандар Мілінкевіч прадставіў сваё бачаньне вырашэньня студэнцкіх праблем і пэрспэктыў разьвіцьця адукацыі ў Беларусі. “Прымусовага разьмеркаваньня выпускнікоў у новай Беларусі ня будзе”, - заявіў ён. “Прымусу быць не павінна. Сёньня, кідаючы маладых спэцыялістаў на самыя нізкааплочваемыя работы, дзяржава імкнецца схаваць свае пралікі і неэфэктыўнае кіраваньне эканомікай. Студэнты беларускіх ВНУ зьяўляюцца закладнікамі гэтай сыстэмы”.
Гучалі пытаньні з розных сфэраў: пра бясплатную і платную адукацыі, пра тэставаньне пры паступленьні, агулам пра рэформу адукацыі, пра рэформу мэдыцыны, пра Нацыянальную бібліятэку, платныя адпрацоўкі заняткаў, пра тое, якім быў студэнтам і выкладчыкам сп. Мілінкевіч, і іншае. Чакайце на studenty by падрабязнага матэрыялу, з поўнымі адказамі сп. Мілінкевіча на агучаныя ў часе сустрэчы 17 лістапада пытаньні.
Агулам сустрэча прайшла вельмі цёпла і дастаткова нефармальна. Але мы перадалі Аляксандру Мілінкевічу сьпіс найбольш актуальных (паводле форумаў studenty.by) для студэнтаў праблем. Выказалі спадзяваньне, што ў новай Беларусі з навучальных установаў зьнікне “адзіная і абавязковая” ідэалёгія, навучэнцы атрымаюць права на свабоду меркаваньняў. А таксама будзе дзейнічаць рэальны, а не дэкаратыўны інстытут студэнцкага самакіраваньня.