Амэрыканскі амбасадар сустрэўся зь беларускімі студэнтамі
16 лістапада ў Беларускім дзяржаўным эканамічным
унівэрсытэце адбылася сустрэча паўнамоцнага амбасадара Злучаных Штатаў Амэрыкі
Джорджа Крола са студэнтамі факультэта міжнародных эканамічных стасункаў. Падчас сустрэчы сп. Крол зрабіў выступ і адказаў на
пытаньні студэнтаў.
Амбасадар распавёў пра сябе. Цікава, што продкі амэрыканскага дыплямату паходзяць якраз з тэрыторыі, што некалі адносілася да Рэчы Паспалітай, а значыцца можа і зь Беларусі, чым ён і тлумачыць сваю моцную прывязанасьць і любоў да нашай краіны, а таксама культуры і гісторыі.
У выступе ён таксама распавёў пра сваю дыпляматычную кар’еру, якая пачалася 23 гады таму ў Польшчы з выдаваньня візаў у амэрыканскім консульстве. Далей былі Індыя, праца ў Вашынгтоне ў зьнешнепалітычных структурах, СССР, Украіна, Беларусь. Менавіта сп. Крол некалі усталёўваў дыпляматычныя стасункі ЗША зь незалежнай Рэспублікай Беларусь. Ён жа адказваў за арганізацыю прыезду на Беларусь Біла Клінтана ў 1994 годзе. Адным словам, як сказаў па-беларуску амбасадар: “Тут я адчуваю сябе як дома”.
Наступная частка была прысьвечана дзейнасьці амбасады ЗША у Беларусі. Амэрыканскія дыпляматы акрамя тлумачэньня палітыкі сваёй дзяржавы займаюцца таксама разьвіцьцём эканамічных, культурных і акадэмічных сувязяў паміж нашымі краінамі. Дакладней, гэтым яны займаюцца удзень. Вечар амбасадара зазвычай заняты рознага кшталту прыёмам і тэматычным імпрэзам, што праводзяцца ў амэрыканскім інфармацыйным цэнтры, а таксама ў рэзыдэнцыі амбасадара. Ён сустракаецца з рознымі прадстаўнікамі беларускага грамадзтва: палітыкамі, дзеячамі культуры, спартоўцамі, навукоўцамі, а таксама студэнтамі.
Амбасадар выказаў шмат прыемных словаў у бок беларускага народу, узгадаў выбітных асобаў у беларускай гісторыі і напрыканцы выступу пажадаў посьпехаў, бо будучыня і багацьце Беларусі знаходзіцца ў беларускім народзе, а значыць і ў студэнтах.
Варта зазначыць, што сваю ангельскамоўную прамову амбасадар пачынаў і завяршаў па-беларуску.
Пасьля прамовы студэнты мелі магчымасьць задаць пытаньні амбасадару. Студэнты закранулі розныя сфэры. Іх цікавіла і тое, як звычайнаму студэнту трапіць на прыём у рэзыдэнцыю амбасадара ЗША, якія праграмы прапаноўвае амбасада студэнтам, якія пэрспэктывы разьвіцьця эканамічных стасункаў паміж Беларусьсю і ЗША, а таксама шляхі распаўсюду дэмакратыі, якія амэрыканцы абіраюць у працы ў Беларусі. На пытаньне куды б амбасадар хацеў бы атрымаць прызначэньне пасьля Беларусі, сп. Крол сказаў, што ня ведае, але не хацеў бы трапіць у Заходнюю Эўропу, дзе, на яго думку, было б сумна працаваць у параўнаньні зь Беларусьсю.
Калі пытаньні скончыліся, у студэнтаў ФМЭА БДЭУ была магчымасьць зрабіць фотаздымак з амбасадарам, і рукі студэнтаў пацягнуліся за тэлефонамі. Адным словам, па ўсьмешках і жартаўлівым настроі падавалася, што як студэнты, так і амбасадар былі задаволеныя сустрэчай.