На рыбалку сюды ездзіць ледзь не палова Менскай вобласці, але ў гэтым годзе невялікая Вялейка адзначылася першым у яе гісторыі рыцарскім фэстам. 4-5 ліпеня прайшоў фэст «Гонару продкаў», прысвечаны часам ВКЛ.
«Не люблю натоўп п’яных твараў. А ў гэткіх месцах адчуваеш сябе па-людску, ты тут і цяпер» – расказвае Аляксей, карэнны мянчук. Ён паліць цыгарэту і пазірае на сцэну.
Аляксей даўно не ходзіць на гарадскія святы, бо «цвярозаму там рабіць няма чаго», а сюды, за 100 кіламетраў ад Менску, прыехаў. Ён прачытаў шмат пра гісторыю часоў ВКЛ, не дужа задаволены якасцю і колькасцю інфармацыі, але фэстам, падобным да гэтага, радуецца:
«Гэта лёгкі экскурс у гісторыю для тых, хто хоча нешта зразумець», – кажа ён.
Тыя, хто хоча нешта зразумець, гуляюць па парку. Горача, і ад раніцы пячэ сонца. Маці, дзеці, моладзь, крамка «Імбрык» з халоднымі напоямі, людзі ў сярэднявечных строях. Кажуць, аднаго рыцара не хацелі прапускаць унутр праз КПП міліцыі – маўляў, з халоднай зброяй нельга. Так агароджаная тэрыторыя фэсту выявілася анклавам сярэднявечнай культуры, дзе можна хадзіць са зброяй, але выносіць нельга.
Чатыры АМАПаўцы і колькі міліцыянераў ахоўвалі гэты анклаўчык, і дужа пакрыўдзіліся, калі ўночы а 12-й гадзіне публіка іх абвінаваціла, што выключылі гук: «За гэта адказвае горад, – кажуць. – Заўсёды вам замінае АМАП, а мы нават нікому заўвагі не зрабілі».
Хто ведае, магчыма, гэта толькі водгук таго, пра што разважае Алесь Таболіч, лідар гурта «Зьніч» і арганізатар фэстаў:
– Вельмі шмат страчана часу. Год 5-6 падобнае было пад забаронай, ніхто б такое не зладзіў.
– У пачатку 2000-х?
– Так. Тады ўсё беларускае трапляла пад апазіцыю. А апошнія год-два пайшла беларусізацыя: вышыванкі, вышымайкі, фестывалі. Гэта ўсё кажа аб тым, што далі паслабленне.
На гэты фэст з’ехалася больш за два дзясяткі рыцарскіх клубаў, а ўсіх удзельнікаў разам з музыкамі было каля чатырохсот. Ля сцэны колам расцягнуліся рамеснікі-гандляры, па беразе і сталі лагерам госці.
Адным з самых цікавых відовішчаў вядоўца назваў бугурты – бой, у якім удзельнічае шмат рыцараў, а гледачы – спаборніцтва лучнікаў.
«У сярэднявеччы, калі турніры толькі пачыналіся, правілы былі вельмі жорсткія. У XI – XIII стагоддзях, той, хто перамагаў, забіраў сабе ў палон пераможанага, мог забраць ваярскі рыштунак і каня. Добры ваярскі конь мог каштаваць цэлага маёнтку, – робіць экскурс вядоўца фэсту Юры Усціновіч.
– У семідзясятыя гады XII стагоддзя быў такі рыцар Уільяму Маршал. Ён за год турніраў вельмі ўзбагаціўся: узяў у палон 107 сапернікаў, якія аддалі яму рыштунак, каня і выкуп.
На думку Юрыя, пры Грунвальдзе нашыя продкі ў саюзе з іншымі разграмілі самую баяздольную на той час армію. Наступныя часы для нашай радзімы былі часамі росквіту.
– Такія фэсты патрэбныя, каб людзі хоць пакрыху задумваліся, што ўсё ж такі іх Радзіма была даволі багатая, – кажа Андрэй Арлоўскі, ідэйны натхняльнік фэсту.
– А не задумваюцца?
– Не, канешне. Яны проста існуюць. Пры падрыхтоўцы да фестывалю давялося пабачыць на свае вочы – так яно і ёсць у асноўным. Трэба гэта неяк ускалыхнуць.
Фэст важны, бо народу хочацца звяртацца да сапраўднай гісторыі, – так лічыць ганчар Вера Каўзановіч з майстэрні Zolak. Можа быць, не ўсё так з фарматам свята ці чым іншым, але майстрыца бачыць падобныя падзеі добрай альтэрнатывай сучасным масавым святкаванням.
«У мяне яшчэ ў дзяцінстве была да гэтага цікавасць, – кажа яна. – Мы з братам вось з такога ўзросту (паказвае не вышэй за метр, – аўт.) біліся на мячах, і гэта быў лепшы занятак. У якасці шчыта была падушка, мячамі – два кіі.
Можа быць, уяўленне рыцарства – гэта кансалідацыя гонару, годнасці і адвагі, разумееш? Менавіта гэта і прываблівае».
Дык навошта і каму трэба гэтакія фэсты? Бо, як сказаў Алесь Таболіч, свята-та гарадское, але нешта горад не надта відаць. Сапраўды, фэст прайшоў у якасці мерапрыемства на Дзень горада 3 ліпеня, і па словах месцічаў, на гарадское Купалле з музыкай з калонак парк прымаў і больш людзей, хаця не за грошы, як фэст.
Андрэй Арлоўскі з рыцарскага клубу «Паходня» бачыць такія падзеі добрай фішачкай рэгіёну, якая дапамагла б развіваць турызм. Маўляў, прырода шыкоўная – чаго вартае адно вадасховішча; сталіца блізка, у 100 кіламетрах, з іх 75 можна праехаць чыгункай. Далейшы лёс гэтага фэсту залежыць ад фінансавага боку, па словах Андрэя.
І, пакапаўшыся ў метафізіцы, знаходзім яшчэ шмат рэзонаў для існавання такой падзеі:
«Прыходзяць людзі, звычайныя мужчыны, якія лічаць сябе здаровымі, глядзяць на хлопцаў. А тыя ў даспехах, пад скнарам у 30 градусаў, б’юцца – мужныя, вынослівыя, валявыя. Гэта ўзор, – кажа Юры Усціновіч, вядоўца.
– Другая прычына: тут наскасць, дух нашай культуры. Такім чынам мы згадваем традыцыю продкаў і кажам ім: «Дзякуй!»
Для рэканструктарскага руху, па адзіным меркаванні суразмоўцаў, любы фэст – добра, бо стварае канкурэнцыю, а значыць – развівае.
«Што было тады, у другой палове дзевяностых? Кальчужка, кірзавыя боты – і ты ўжо рэканструктар. Раней не было такой абароны, і адпаведна як біліся? Адзін аднаго шкадавалі. Зараз хлопцы гасяцца ў поўную моц. Маеш добры даспех – можна выйсці, не маеш – лепш не сунуцца. Гэта абсалютна розныя ўзроўні, – кажа Юры.
– Але тады закладаўся фундамент сённяшняга руху на Беларусі, прадстаўнікі якога на міжнародных спаборніцтвах займаюць першыя месцы».
Фота: Ганна Валынец