11 кастрычніка адбылася прэзэнтацыя кнігі Ул. Арлова "Сланы Ганібала"

Уладзімер АрлоўУладзімер Арлоў – чалавек незвычайны. Адзін зь нямногіх сучасных гісторыкаў, хто піша пра сапраўдныя падзеі, хто ня хлусіць, хто не баіцца пісаць праўды. 11 кастрычніка ў Доме Літаратараў адбылася прэзэнтацыя кнігі сп. Арлова “Сланы Ганібала”, што ўвабрала ў сябе мноства эсэ, якія гісторык пісаў на працягу 15 год. Жадаючых пабываць на літаратурнай вечарыне, як назваў імпрэзу сам аўтар, сабралася поўная заля. І, мяркую, ніводны не пашкадаваў, што прыйшоў. 

Уладзімер Арлоў распачаў вечар чытаньнем знакамітага, перакладзенага на мноства замежных моваў эсэ “Незалежнасьць – гэта...”: “Незалежнасьць – гэта калі ты пойдзеш у школу і калі цябе будуць вучыць на тваёй мове...

А пасьля паабяцаў адказаць на ўсе пытаньні, нават на самыя правакацыйныя. Сказаў, што яшчэ за кулісамі атрымаў некалькі, адно зь якіх: “Ці атрымае аўтар самага цікавага пытаньня кнігу аўтара, так мовіць, на халяву?” На што спадар Уладзімер зазначыў: “Раздачы “сланоў” ня будзе. Беларускую кнігу трэба купляць! Ня пройдзе халява. Хочаце атрымаць? Папрацуйце! А я намаганьні адзначу.”

І пацягнуліся нататачкі з пытаньнямі з усяе залі... Сярод сур’ёзных трапляліся і прыколы кшталту: “Фундатар кнігі – Макагон. Рэдактар – Макавік... Ці не папахвае тут наркабізнэсам?

Гісторык абяцаньне стрымаў: сумленна агучваў і такія сьцёбы.

Дзякуючы актыўнасьці прысутных, імпрэза ператварылася ў своеасаблівае інтэрв’ю, што разбаўлялася шыкоўнымі вытрымкамі з эсэ аўтара і выступамі вядомых дзеячоў сучаснае беларускае культуры.

Першым выказаў сваё захапленьне творчасьцю аўтара бард Зьміцер Бартосік. Шчыра ўсьміхаючыся, зазначыў: “Менавіта дзякуючы Ўладзімеру Арлову зьявіліся, як кажуць, “беларускамоўныя ды нацыянальна сьвядомыя беларусы”. А на маю думку, дык проста нармальныя людзі”. Сказаў так – і выканаў некалькі сваіх сьпеваў.

А апытанка працягвалася.

Што за зьвярынец у Вас на стале?” Спадар Арлоў засьмяяўся і патлумчыў, што цацачныя варона, божая кароўка і слон – героі некаторых ягоных эсэ.

А кубак зь віном нашто?” – “А віно выпью напрыканцы вечарыны. І тост скажу”.

Адзін з прысутных папрасіў гісторыка прывесьці якія-небудзь пераканаўчыя довады, што беларуская мова значна багацейшая за расейскую. “А то, - абураўся аўтар пытаньня, - я ўвесь час спрачаюся з адным мудаком, а ён ўсё сваё!

Вось Арлоў і растлумачыў гэтаму ...нехарошаму чалавеку: “Клясычны прыклад: слова “каханьне”. А ў расейскай слова “любовь” – на ўсе выпадкі. Так “любить” можна і жанчыну і, выбачайце, кілбасу. Хіба гэта нармальна? Альбо параўнайце беларускае “шлюб” і расейскае “брак”...

І тост (але пакуль без віна) сказаў: “Выпьем за вялікі расейскі народ у ягоных этнічных межах!

Працягнуў вечарыну Адам Глёбус. Пачаў словамі: “Калі ў наш час адзін мужчына кажа, што ён кахае другога – гэта выклікае насьцярожанасьць. Але, Валодзя, не магу стрымацца!” А пасьля – вершы пра Менск, пра Вільню, пра “Краіну Беларусь”.

Між тым народ прагнуў халяўных “сланоў”.

Якія ў Вас стасункі з роднай прыродай? Ці зьбіраеце грыбы-ягады? Ці займаецеся паціху браканьерствам?

Якое Ваша любімае месца ў Менску?” – “Мой кабінэт, што вокнамі выходзіць акурат на гармату ля ўваходу ў Нацыянальны музэй гісторыі і культуры Беларусі”.

Што б рабілі, калі б заўтра настаў канец сьвету?” – “Я б паехаў у Полацак. Полацак – Радзіма маёй душы”.

Ці праўду пішаце пра гісторыю Беларусі?” – “Ведаеце, заўсёды ёсьць магчымасьць выбару...

Спадар Ліхтаровіч зачытаў прысьвечаную гісторыку паэму. Пачаў так:

Я веру, над нашым Арлом
Не паўстане Варона з калом.

І як адкусіш галаву Вароне,
Калі яна – зараза – пры кароне? 

Ну а выступу Андрэя Хадановіча, што толькі два дні таму вярнуўся з Амстэрдаму, спадар Арлоў шчыра пабайваўся. Сапраўды, хто ведае, што можа выкінуць бард, толькі што вярнуўшыся “адтуль”?

Але ўсё абышлося :). Спадар Андрэй прачытаў свой вэрлібр пра сталіцу Галяндыі, папярэдне папрасіўшы прабачэньня ў лепшага, на ягоную думку, беларускага вэрлібрыста Ўладзімера Арлова.

І песьню новую выканаў, увесь час забываючы словы, але кампэнсуючы гэта шчырымі ўсьмешкамі.

Сланы Ганібала Напрыканцы спадар Арлоў падвёў вынікі конкурса на лепшае пытаньне. Пераможцам стаў Янка Злобны, які запытаўся ў аўтара: “Калі б Вы былі на прэзэнтацыі кнігі Ўладзімера Арлова “Сланы Ганібала”, якое б пытаньне задалі?

Яшчэ майстра паабяцаў падараваць кнігу самаму маладому ўдзельніку вечарыны. У мінулы раз, як успамінаў Арлоў, самым малым прызналі чалавечка, што знаходзіўся ў жывоціку цяжарнай жанчыны. А на гэты раз уладальніцай кнігі стала маладая сямья, што адзначыла вясельле ўсяго два з паловай тыдні таму.

Самым жа сталым назвалі спадара Шыбеку за працу “Нарысы гісторыі Беларусі”.

А кубак зь віном спадар Уладзімер усё ж узьняў і выпіў са словамі: “За нашу – хочацца верыць – блізкую Перамогу!” 

Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.4932 seconds.