Ва ўсіх ВНУ Беларусі створаць дружыны па ахове парадку

Аб гэтым было заяўлена Міністэрствам унутраных спраў 13 кастрычніка. Міністэрства адукацыі ў сваю чаргу паведамляла аб гэтым яшчэ ўвесну ў вядомым загадзе "Аб мерах па недапушчэньні спробаў уцягваньня навучэнцаў і студэнтаў у супрацьпраўную дзейнасьць палітычнага сэнсу" выдадзеным ў траўні 2005 года.  

Аб зьяўленьні добраахвотных дружынаў у ВНУ заявіў на паседжаньні круглага стала ў Менску начальнік упраўленьня прафіляктыкі галоўнага ўпраўленьня міліцыі грамадзкай бясьпекі і спэцыяльнай міліцыі Дзьмітрый Фіраго. Ён заявіў, што “гэта робіцца ў мэтах прафіляктыкі злачынстваў у студэнцкай сфэры”. А таксама паведаміў, што на дадзены момант у Беларусі ўжо створана 3,5 тыс. дабраахвотных дружынаў, у якіх зараз каля 30 тыс. дружыньнікаў.

Актуальнасьць зьяўленьня дружынаў у ВНУ міністар адукацыі, сп. Радзькоў, патлумачыў у першых абзацах свайго загаду:

“[...] Асобныя з радыкальна настроеных навучэнцаў і студэнтаў спрабуюць прапагандаваць свае палітычныя погляды сярод аднагодак. Вядома, што ва ўмовах правядзеньня важных палітычных кампаніяў (рэфэрэндум, выбары) і з набліжэньнем выбарчай кампаніі па выбарах Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі прадстаўнікі радыкальна настроеных палітычных груповак і іх заходнія партнэры намагаюць высілкі па расшырэньні свайго ўплыву на моладзь, якая навучаецца [...].”

БРСМ, як паведамляе БелаПАН, вядзе працу па стварэньні атрадаў, якія будуць спэцыяльнымі падразьдзяленьнямі добраахвотных дружынаў. Накірункам іх дзейнасьці будзе менавіта праца з моладзьдзю. Другі сакратар ЦК БРСМ Леанід Кавалёў заяўляе, што нікога ня трэба прымушаць і абавязваць уступаць у такія атрады. На ягоную думку, “ёсьць маладыя людзі, якія самі гатовыя гэта рабіць”.

18 кастрычніка ў Менску пройдзе сумесная нарада Міністэрства ўнутраных спраў і прарэктараў беларускіх ВНУ, на якой і будзе вырашацца пытаньне стварэньня ў кожнай ВНУ добраахвотнай дружыны па ахове грамадзкага парадку. Паседжаньне адбудзецца на базе Беларускага інстытута правазнаўства ў Менску, дзе ўжо створана такая  добраахвотная дружына.

 

Глядзіце таксама:
Приказ Минобразования РБ от 23.05.2005 №03-24/28-ДСП "О мерах по недопущению попыток вовлечения учащихся и студентов в противоправную деятельность политического толка" 

Воля Кузьміч 19:20, 14/10/2005
Каментары праз FACEBOOK



 
In 0.0074 seconds.