Студэнты з розных краінаў правядуць маршы ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі
15 кастрычніка ў розных краінах сьвету адбудуцца дабрачынныя маршы ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі. Арганізатарам выступае моладзевы рух Students for Global Democracy (Студэнты за дэмакратыю ва ўсім сьвеце) . Акцыя адбудзецца напярэдадні гадавіны рэфэрэндуму 17 кастрычніка, пасьля якога былі ўнесеныя папраўкі ў Канстытуцыю, каб зьняць абмежаваньне колькасьці прэзыдэнцкіх тэрмінаў.
Як паведамляе Радыё Свабода, дакладна вядома, што маршы за дэмакратыю Беларусі адбудуцца ў Польшчы і ў ЗША. 15 кастрычніка мясцовыя лідэры руху “Students for Global Democracy” арганізуюць 12-кілямэтровыя маршы па сквэрах і вуліцах гарадоў. Кожны кілямэтар будзе сымбалізаваць адзін год кіраваньня краінай Аляксандрам Лукашэнкам.
SGD разьлічваюць, што кожны, хто жадае ўдзельнічаць у акцыі, зробіць свой унёсак – 15 даляраў. За гэта можна атрымаць майку з сымболікай маршу. Грошы, якія зьбяруць на акцыі, арганізатары абяцаюць накіраваць на падтрымку дэмакратычнага студэнцкага руху Беларусі.
На сваім афіцыйным сайце Students for Global Democracy зьмясьцілі інфармацыю пра галоўную мэту акцыі – "натхніць беларусаў на падваеньне намаганьняў у будаўніцтве дэмакратыі, аб’яднаньне напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году". Лідэры руху спадзяюцца, што марш прыцягне ўвагу мясцовых бізнэсоўцаў, СМІ і няўрадавых арганізацыяў да праблемы дэмакратыі ў Беларусі, і тыя дапамогуць матэрыяльна дэмакратычным сілам.
Пакуль вядома, што маршы адбудуцца ў двух краінах. Але ёсьць таксама інфармацыя, што філіі SGD ў Вялікай Брытаніі, Канадзе, Турцыі, Паўдзённа-Афрыканскай Рэспубліцы выказалі гатоўнасьць удзельнічаць у маршы.