«Мой цвік» і «Сірэны спяваюць джаз» – названыя лепшыя дэбюты 2014 ў беларускай літаратуры

Напярэдадні Дня Волі адбылося традыцыйнае веснавое ўручэнне прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. Галоўнымі адкрыццямі Беларусі мінулага года ў прозе і паэзіі названыя Аляксей Палачанскі і Таццяна Нядбай.

Беларускі ПЭН-цэнтар, Саюз беларускіх пісьменнікаў і дабрачынны фонд «Вяртанне» вызначылі і ўзнагародзілі лаўрэатаў прэміі ўжо ў пяты раз. Упершыню імпрэза праводзілася непадалёк ад месца, дзе нарадзіўся класік беларускай літаратуры – у адрамантаваным Літаратурным музеі Максіма Багдановіча. На падзею быў запрошаны гурт «Ілюжан», які сваім выступам адкрыў узнагароду.

Андрэй Хадановіч з харызматычнымі жэстамі прачытаў вершы Максіма Багдановіча і распавёў, што склад журы сёлета змяніўся на дзве траціны. У склад журы гэтым годам запрасілі дырэктарку музею імя Багдановіча. Марына Запартыка прапанавала і надалей уручаць прэмію ў музеі імя Багдановіча.

У намінацыі «Мастацкая проза» першую прэмію атрымаў Аляксей Палачанскі за кнігу «Мой цвік», выдадзеную ў «Галіяфах». Дэбютанту ўручылі свежавыдадзеную кнігу Ніла Гілевіча, дыплом і плакат з лічбай ў семь нулікаў.

Віталь Воранаў з кнігай «Шэптам» і Рома Свечнікаў з «Рома едзе» таксама атрымалі па кніжцы і ганаровыя дыпломы.

Пераможцаў намінацыі «Паэзія» агучваў Уладзімір Арлоў. Пісьменнік распавёў, што выбар быў надзвычай складаны, і выніковае рашэнне было прынятае вечарам мінулага дня. Свежавыдадзеную кнігу Ніла Гілевіча, дыплом і плакат з прыемнай лічбай атрымала Таццяна Нядбай, аўтарка кнігі «Сірэны спяваюць джаз».

Гэтым годам у намінацыі «Мастацкі пераклад» (пераможцаў няма) прэмію не прысудзілі, «і толькі наш дэбютант Максім Багдановіч – атрымаў нашу любоў» – пажартаваў Уладзімір Арлоў.

Сёлета ў склад журы ўваходзілі 7 чалавек: Уладзімір Арлоў, Павел Бераговіч, Алена Гушча, Марына Запартыка, Алесь Пашкевіч і лаўрэаты прэміі «Дэбют» 2013 года перакладчыца Кацярына Маціеўская і паэт Уладзь Лянкевіч.

Кожны з лаўрэатаў прэміі «Дэбют» атрымаў прызы ў выглядзе чэкаў на 30 млн беларускіх рублёў ад дабрачыннага фонду «Вяртанне», які стварыў мецэнат Павал Бераговіч.

 



comments powered by Disqus
 
In 0.1018 seconds.