Хадзіць у кветках цяпер модна

Каляндарная вясна традыцыйна захавала рэшткі снегу і шэрыя фарбы за вакном. Мінулай нядзеляй у каворкінг-пляцоўцы «Балкі» воркшоп студыя «Lemonade» сумесна з Rozaazora і BuroChaplin правялі імрэзу, галоўнымі героямі якой сталі кветкі. На мерапрыемства завіталі і беларускія прыгажуні ў яркіх сукенках з усмешкамі на вуснах.

Мэтай імпрэзы было стварыць атмасфернае свята з нагоды першага дня вясны. Для гэтага арганізатары запрасілі на воркшоп фларыстаў, вейзажыстаў і фатографаў. Цягам чатырох гадзін у прасторы з белымі сценамі адбывалася сапраўднае свята кветак, твары ўдзельніц асвяжаліся вясновымі макіяжамі, а фатографы лавілі прыгажосці ў свае аб’ектывы.

Цэнтральнай падзеяй свята быў майстар-клас па пляценню вянкоў з жывых кветак, які праводзіла Вольга Гайдукевіч са сваімі памагатымі. Прафесійны дызайнер-фларыст распавяла Generation.by пра галоўныя трэнды ў свеце і як у гэтую карціну свету ўпісваецца Беларусь:

«Сёння самы галоўны трэнд у дызайне – гэта прырода. Яна прысутнічае паўсюль: у інтэр'еры, посудзе, тканінах. Фларыстыка як ніколі на самай верхавіне папулярнасці, бо мы маем справу з кветкамі, жывым матэрыялам падораным прыродай. У Беларусі багатая кветкавая культура – вышыўкі, арнаменты. Заўсёды ў вясельным і святочным гарнітуры жаночым і нават мужчынскім прысутнічалі кветкі. Вянок з кветак на галаве ў жанчыны – гэта наш нацыянальны славянскі вобраз. Колькі б гадоў не было жанчыне, з кветкамі ў валасах, з букетам – яна зменьваецца».

 

Галоўны фларыст свята прыводзіць да прыкладу сусветны вопыт:

«На парыжскім тыдні моды мадэлі маршавалі ў кветках, гэта былі жывыя кветкі, вышытыя, зробленыя з тканіны».

«Напачатку вясны нас надвор'е сонейкам не цешыла і мы вырашылі першага сакавіка ў першы дзень вясны даць дзяўчынкам зарад сонца, радасці і сапраўднага вясновага настрою. Прыгажосці было праз край! Мяне запытвалі: адкуль у вас столькі мадэляў у адным месцы? А гэта звычайныя дзяўчыны, шматдзетныя мамы, школьніцы, студэнткі (дзяўчынка радыё-фізік!). Дзяўчыны прыйшлі каб сплесці вянкі з вясновых кветак і ніхто не чакаў, што гэта будзе сапраўднае свята вясны!» – распавядае Вольга пра вясновы майстар-клас.

Сапраўды ў прасторы вітала святочная атмасфера: водар кветак і буйства фарбаў вымушалі паверыць у вясну. Жанчыны і дзяўчынкі ўпрыгожвалі сябе «жывымі» вянкамі і гэта ўсё ў спалучэнні з іх вытанчанымі сукенкамі стварала зачаравальныя вобразы.

«Мэтай было проста добра правесці дзень і атрымаць добры настрой. Настрой цудоўны – мэта дасягнута! Вельмі спадабалася. Усё было прыгожа: сукенкі, кветкі, дзяўчаты. Смачныя пірожаныя, увага фатографаў – тыя атрыбуты, якія заўжды падымаюць настрой». – дзеліцца ўражаннямі Екацерына, адна з удзельніц воркшопа.

Арганізатары вясновай імпрэзы воркшоп студыя «Lemonade» сумесна з Rozaazora і BuroChaplin плануюць і надалей ладзіць розныя і яркія воркшопы.

Фотарэпартаж з месца падзеі глядзіце ў фотаблоге - Як у «Балкі» завітала вясна.


Юля Сакалоўская 07:00, 04.03.2015 | Рэпартажы |




comments powered by Disqus
 
In 0.0452 seconds.